Полацкая зямля
М. Барэйша
Полацк… Гэта слова як рэха слаўнай гісторыі нашай Радзімы. Назва горада трывала ўваходзіць у нашу свядомасць яшчэ з ранняга дзяцінства.
Полацк — адзін з самых старажытных гарадоў усходніх славян. Ён равеснік Кіева і Ноўгарада і ўпершыню ўпамінаецца ў старажытным летапісе «Аповесць мінулых часоў».
Горад ляжаў на магістралі, якая звязвала Захад з Усходам, на гандлёвым шляху «з варагаў у грэкі» — з Прыбалтыкі да Чорнага мора. Праз Полацкую зямлю праходзіў гандлёвы шлях у Заходнюю Еўропу па Заходняй Дзвіне. Такое геаграфічнае становішча садзейнічала далейшаму росту і гаспадарчаму развіццю горада.
Полацкая зямля мае своеасаблівую культуру, багатую, слаўную гісторыю. Давайце ж глянем на тое, што захавалася і збераглося да сённяшняга дня.
Пачатак манументальнага дойлідства Беларусі і найвышэйшае яго дасягненне — Сафійскі сабор. Сёння тут размешчана архітэктурная экспазіцыя, канцэртная зала сімфанічнай і камернай музыкі, устаноўлены арган.
Паўночным фарпостам1 Полацка з’яўляўся Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. Гэта месца жыцця і дзейнасці славутай асветніцы Ефрасінні Полацкай, перадавой, адукаванай жанчыны свайго часу. Яна перапісвала кнігі, пісала летапісы і арыгінальныя творы. Заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі цэнтрам асветы ў Полацкім княстве.
Пройдземся ўздоўж правага берага Дзвіны. Мажліва, недзе тут стаяў дом купца Лукі Скарыны. У яго сям’і нарадзіўся будучы беларускі першадрукар, вучоны, асветнік і культурны дзеяч, перакладчык, пісьменнік і мастак-графік эпохі Адраджэння Францыск Скарына.
Вядома, што рознабаковая яго дзейнасць насіла прагрэсіўны характар, адыграла значную ролю ў духоўным жыцці беларускага народа і аказала значны ўплыў на развіццё нашай культуры. У 1974 годзе ў горадзе пастаўлены помнік знакамітаму палачаніну.
Былая Богаяўленская царква мужчынскага манастыра сёння досыць вядомае месца. Тут знаходзіцца Полацкая карцінная галерэя. У брацкай школе манастыра некаторы час выкладаў Сімяон Полацкі — беларускі і рускі грамадскі дзеяч, педагог, пісьменнік і публіцыст.
Тут ёсць вал Івана Грознага — частка ўмацавання Ніжняга замка.
У чэрвені 1705 года ў Полацку жыў Пётр I, які прыязджаў сюды для кіраўніцтва рускімі войскамі ў Паўночнай вайне са шведамі.
У перыяд Айчыннай вайны 1812 года Полаччына стала арэнай жорсткіх баёў з французскімі захопнікамі. Пры вызваленні горада ад акупантаў шмат рускіх і французскіх воінаў загінула на мосце праз раку Палату. 3 таго часу мост называюць Чырвоным.
Цяжкім выпрабаваннем для Полацка стала Вялікая Айчынная вайна. Горад абараняла 174-я стралковая дывізія, воіны стаялі насмерць. Рух праціўніка на ўсход быў прыпынены больш як на два тыдні. Фашысты не чакалі такога супраціўлення. Яны так і не ўзялі Полацк з ходу, а вымушаны былі абысці яго з флангаў. Многія палачане мужна змагаліся ў партызанскіх атрадах, у падполлі.
Страшную карціну ўяўляў горад пасля вызвалення. Было разбурана жыллё, знішчаны прамысловыя прадпрыемствы. Яшчэ на захадзе грымелі баі, а ў горадзе ўжо пачалося аднаўленне.
Кожны крок па вуліцах старажытнага горада — гэта дотык да славутай гісторыі нашай краіны.
Зараз Полацк — буйны прамысловы і культурны цэнтр рэспублікі.
Але найвялікшы гонар палачан, безумоўна, даўніна. Прайсціся па месцах, дзе з вамі гаворыць сівая старажытнасць, цікава не толькі гасцям горада, але і яго жыхарам.