Беларускія тэксты

Пралескі

Я. Бяганская

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Міхась старанна выцірае ногі, сцягвае з галавы шапку-вушанку і ўваходзіць у прапахлы лекамі бальнічны калідор. Ён ведае, што да мамы яшчэ нельга заходзіць, бо Сямён Рыгоравіч, мамін урач, забараніў трывожыць хворую.

Цёця Паша спачувае хлопчыку, але не хоча парушаць указ урача.

—Цёця Паша, мне хоць бы адным вокам на яе глянуць! Хоць здалёку.

Я ж цэлы тыдзень не бачыў яе.

Голас Міхася дрыжыць, зрываецца, калючы камячок застрае ў горле, а ва ўсёй яго маленькай постаці столькі пакуты і смутку, што цёця Паша нарэшце не вытрымлівае і дазваляе паглядзець на маму.

Міхась хуценька скідвае кажушок, прыгладжвае рукой валасы і ідзе ўслед за цёцяй Пашай па зялёнай дывановай дарожцы ў канец бальнічнага калідора. Тут, каля зашклёных да палавіны дзвярэй палаты, Міхась прыціскаецца носам да шыбы, а сэрца ў яго б’ецца, нібы злоўленая птушка.

—Мама… Мамачка… — усхвалявана шэпча хлопчык. I столькі любові, столькі пяшчоты ўкладвае ён у гэта простае, змалку знаёмае слова, столькі цяпла і светлай дзіцячай радасці, што цёця Паша не адважваецца спалохаць гэту радасць. Але служба службай. Можа прыйсці ўрач Сямён Рыгоравіч, тады не абярэшся бяды.

Міхаська кідае на маці апошні позірк і пакорліва ідзе за цёцяй Пашай.

Яму здаецца, што на ўсёй зямлі няма чалавека, лепшага за гэту жанчыну ў белым бальнічным халаце.

На душы ў Міхася радасна і трывожна. Радасна ад таго, што ён убачыў маму. Але ж як яна змянілася! Вочы зрабіліся яшчэ большымі і запалі глыбока-глыбока. Думкі хлопчыка ўсё яшчэ там, у ціхім, прапахлым лекамі бальнічным калідоры, ля ложка сваёй хворай матулі.

Вайна сагнала людзей з родных гнёздаў, параскідала па ўсім свеце.

Вось і Міхась з мамай прыехалі з Беларусі ажно сюды, у Забайкалле. Тут, у гэтым далёкім паселішчы, ён і пачуў упершыню слова «эвакуіраваны». Так называлі людзей, якія, ратуючыся ад вайны, ад фашысцкай няволі, ехалі на ўсход краіны.

Узяў іх тады да сябе дзед Ягор, які некалькі гадоў таму назад аўдавеў і жыў цяпер адзін.

Цэлы тыдзень хлопчык бегаў штодзень у бальніцу, каб хоць праз шкло паглядзець на матулю.

А тым часам надыходзіла вясна, набліжаўся сакавік. Міхась успомніў, як штогод восьмага сакавіка ён з таткам прыносіў маці кветкі. Як радавалася яна гэтым першым вясновым краскам! Асабліва яна любіла пралескі. Таткі цяпер няма, і кветкі павінен прынесці ён, сын.

Павялося ўжо так, што калі Міхась меў які-небудзь клопат, то заўсёды звяртаўся па дапамогу да дзеда Ягора, і не было яшчэ выпадку, каб стары паляўнічы не выручыў яго.

Так і на гэты раз. Пачуўшы пра Міхасёў клопат, дзед Ягор надумаў пайсці з хлопчыкам па пралескі на цёплую крыніцу.

Міхась ніколі яшчэ не бачыў, каб сярод снягоў біла з-пад зямлі такая цёплая вада. Над крыніцай узнімалася пара, а па беражках зелянела трава, жывая, вясёлая. Дзед Ягор назразаў ладных кавалкаў дзёрну, у якіх праглядвалі раслінкі ў срэбным пушку.

— Гэта і ёсць забайкальскія пралескі, — казаў дзед. — Прынясём іх у хату, у цяпло, пачнём паліваць вадзіцай, і яны пойдуць расці і зацвітуць.

Непрыкметна міналі дні. I вось надышоў дзень, якога з такой нецярплівасцю чакаў Міхась.

Мама ляжала ў ложку і, пазіраючы на прамерзлыя шыбы акон, успамінала сваё роднае Палессе. Раптам дзверы адчыніліся, і ў палату ўвайшоў Міхась, несучы перад сабой букет сініх пралесак.

—Міхасёк, сынок мой, адкуль у цябе гэты цуд?! — усклікнула маці.

Яна беражліва ўзяла з рук Міхася кветкі і пяшчотна прытуліла да сваіх паружавелых ад радаснага хвалявання шчок.

Усміхаючыся, Міхась расказаў маці, як яны з дзедам Ягорам хадзілі на цёплую крыніцу, а потым даглядалі гэтыя кветкі, каб падарыць ёй на свята.

А шчаслівая маці пераводзіла позірк ад кветак то на Міхася, то на дзеда Ягора.