Просты рабочы чалавек
В. Вітка
Салдат-пераможца стаіць на вечным узвышшы. У правай руцэ — апушчаны меч, левай ён моцна прытуліў да сябе маленькую дзяўчынку.
Хто не ведае славутага помніка ў Трэптаў-парку ў Берліне! Гісторыя стварэння помніка такая.
Да ўзяцця рэйхстага заставаліся лічаныя дні, але на вуліцах горада ў асобных яго кварталах яшчэ ішла перастрэлка, завязваліся зацятыя баі. Ашалелыя ў сваёй нянавісці, на апошняй мяжы адчаю, гітлераўцы хапаліся за кожную сцяну і камень, толькі б знішчаць і знішчаць.
На адным вулічным скрыжаванні ў нейкую хвіліну заціхлага бою раптам пачуўся прарэзлівы дзіцячы крык. Дзіця плакала даўно і зусім ужо выбілася з сіл, бо цяпер чуліся толькі яго зняможаныя ўсхліпы.
Запанавала незвычайная цішыня, жахлівая ў сваёй насцярожанасці і нечаканасці. Малая русавалосая дзяўчынка, яшчэ, пэўна, немаўля, бездапаможнае перад жыццём і смерцю, сядзела на каменным бруку, выціраючы кулачком вочы, і цяпер не толькі ўсхліпы, а і яе спалоханае птушынае дыханне можна было пачуць і па адзін, і па другі бок вуліцы.
Збянтэжаныя незвычайнасцю сітуацыі, абодва бакі прыціхлі. I невядома, колькі б цягнулася трывожная, нацятая цішыня, каб на брук не выпаўз савецкі сяржант. Усе заўважылі, што на ім было новае, быццам толькі што надзетае абмундзіраванне.
Як пазней высветлілася, так яно і было. Якраз у гэты дзень сяржант пасля цяжкага ранення выпісаўся са шпіталя і ў свой урачысты, святочны дзень па-святочнаму і прыбраўся, каб адзначыць перамогу разам са сваёй часцю. Але часць якраз на вуліцах Берліна дабівала самых зацятых і азвярэлых фашыстаў, душы і сумленне якіх ужо не здольны адгукнуцца болем і спагадай да кволай жывой істоты — маленькай дзяўчынкі.
Сяржант падпоўз да сярэдзіны вуліцы, прытуліў да сябе прыціхлае дзіця і, калі ўжо адпоўз назад да самага брўствера1 сваёй траншэі, толькі хацеў падняцца, як тут жа і ўпаў, падстрэлены фашысцкім снайперам. Так сяржант зноў трапіў у шпіталь. I на гэты раз ужо не вярнуўся ў строй…
Паміраў ён у той дзень, калі над рэйхстагам узвіўся Сцяг Перамогі.
Паміраючы, ён папрасіў перадаць прывітанне рабочым радыёзавода ад Трыфана Лук’яновіча. Больш у яго нікога не было: ад першай бомбы, скінутай фашыстамі на Мінск, загінулі двое яго дзяцей і жонка. Не засталося недалёка ад Мінска ні роднай вёскі, дзе жылі бацькі, ні саміх бацькоў. Толькі рабочыя завода сталі яму і за сваякоў, і за родных.
У Берліне ёсць памятная пліта, якой пазначана месца, дзе Лук’яновіч уратаваў дзяўчынку.
Скульптар Вучэціч, узрушаны гісторыяй подзвігу Лук’яновіча, з цікавасцю распытваў усіх, хто ведаў сяржанта, па крупінцы збіраў аб ім падрабязныя звесткі, якіх, на жаль, аказалася вельмі мала.
Магчыма, у абліччы, у постаці салдата, што ўзвышаецца ўжо навечна ў метале, і няма фатаграфічнага падабенства з Трыфанам Лук’яновічам. Але само жыццё і подзвіг яго — гэта найвялікшы ўсенародны подзвіг гуманізму, засведчаны перад усім светам і перад гісторыяй.
Салдат, што стаіць на вечным узвышшы, прытуліўшы да сябе малую дзяўчынку, а разам з ім мільёны тых, хто перамог смерць, перадалі нам, людзям, самае дарагое і запаветнае — калыску жыцця на зямлі.
Уратаваць будучыню ў калысцы, устаяць перад сусветнай катастрофай чалавецтва зможа, з’яднаўшыся ў агульнай трывозе за лёс дзяцей, за іх шчасце. Чалавецтва ў адказе за жыццё на зямлі.