Беларускія тэксты

Рабіна

А. Федарэнка

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Я з самага дзяцінства марыў пасадзіць якое-небудзь дрэўца, каб потым ведаць, што яно маё, каб расці разам з ім. Недзе ў пятым класе, вяртаючыся са школы, каля кінутай хаты я выкапаў корчык малінніку і пасадзіў ля плота, што падзяляў наш двор з дваром дзядзькі Ігната. Я нават ні разу не паліў гэты корчык вадою. Тым не менш ён прыняўся і разросся. Яго касілі, высякалі, выдзіралі, выкопвалі — усё марна.

Кожную вясну маліннік лез сцяблінкамі ўгару. Ніхто не бачыў на ім ніводнай ягадкі. Можа, я вывеў нейкі рэдкі гатунак?

У восьмым класе я ўбачыў у лесе тры дубкі, роўныя, тоўсценькія.

«Гэта не маліннік, — падумаў я, — а сур’ёзныя дрэвы. Улетку яны будуць даваць цень, і жалуды свінням можна будзе збіраць проста ў двары».

Дубкі ўяўляліся мне роднымі братамі. Я пашкадаваў разлучаць іх, выкапаў усе тры і пасадзіў каля плота, апанаванага маліннікам. Паліў дрэўцы і пайшоў гуляць у футбол.

Увечары, вярнуўшыся, адразу кінуўся да дубкоў і ўбачыў на тым месцы толькі прытаптаную ботам свежую зямлю. У сваім двары, абапёршыся на плот, стаяў дзядзька Ігнат.

Сюды сонца ніколі не гляне, калі яны вырастуць, — адказаў сусед на маё маўклівае пытанне. — Ты бачыў, што пасадзіў іх пад высакавольтнай лініяй? Яны ж будуць расці і правады рваць. Іх ніводны гром не прапусціць, ніводная маланка не праміне! Карані да градаў дабяруцца, будуць сокі цягнуць!

Пра гэта я не падумаў. Мне стала шкада дубкоў, якіх загубіў нізавошта.

Перад тым як ісці ў армію, я пасадзіў рабіну. Навучаны вопытам з маліннікам і дубкамі, цяпер я быў разумнейшы і хітрэйшы. Выбраў месца ў кутку за дрывотняю. Тут няма высакавольтнай лініі, сюды не дабіраецца каса. Грады далёка, і дрэўца не зможа дацягнуцца туды каранямі.

У войску я часам успамінаў рабіну, і цяплей рабілася на душы.

Здавалася, што не дрэўца, а дзяўчына чакае мяне.

I вось я вярнуўся. Пайшоў глянуць на рабіну і ўбачыў хваравіты, пахілены дубец, які амаль не падрос. Блізка была дрывотня, пасля дажджоў вада сцякала і падмывала з аднаго боку дзёран, не даючы рабінцы ўмацавацца. Я прывязаў дрэўца мяккай вяровачкай да плота.

3 тых часоў, прыязджаючы з горада, я найперш ішоў вітацца са сваёй рабінкай. Дрэўца расло, але лісцікі былі рэдкія, жаўцелі і асыпаліся.

Дзядзька Ігнат пазіраў на рабіну з асуджэннем. Відаць, шкадаваў, што ўжо не мае сілы, каб вырваць, як некалі дубкі, гэтае непатрэбнае, на яго думку, дрэва.

Аднойчы, прыехаўшы ў вёску, я не ўбачыў над плотам знаёмых галін.

Дрэва ляжала на зямлі з кавалкам дзёрну на каранях. Як расказала маці, страшэнны вецер паваліў плот, які ўпаў на рабіну, вывернуў яе з зямлі.

У канцы лета я зноў наведаўся ў вёску і не паверыў сваім вачам.

Рабіна ляжала на зямлі, але была ўся чырвоная, абсыпаная гронкамі буйных, яркіх, сакавітых ягад. На ёй не было ніводнага лісціка. Усе сокі, што змагла выцягнуць з таго кавалка дзёрну каля каранёў, рабіна пусціла на ягады. Яна свяцілася затоеным гонарам, што выжыла і змагла ўрэшце даць багаты плён.

Я падняў дрэва, падвязаў да плота, паліў.

Цяпер я ўпэўнены, што мая рабіна будзе жыць да таго часу, пакуль будзе ведаць, што ў свеце ёсць чалавек, каму яна патрэбна, які клапоціцца пра яе, для каго ёй варта жыць.