Беларускія тэксты

Равесніца

В. Хомчанка

Чытаць гэты тэкст лацінкай

У лесе пахнуць фіялкі. Іх вельмі многа ў мокрай траве. Марынка, мая дачка, нарвала два букеты, адзін дала мне.

Я трымаю кветкі ў руцэ і ўспамінаю цябе, мая равесніца. Ты любіла фіялкі, чакала май, каб ісці разам са мной па кветкі ў лес. А пакуль не наступіў май, ты прыносіла ў бліндаж пралескі, сон-траву, медуніцы.

Ставіла кветкі ў гарматную гільзу, налівала вады. Глядзела на букет з радаснай, шчырай усмешкай, як дзіця.

А я пазіраў на камандзіра батальёна. Няёмка было перад начальствам радавацца свайму каханню і шчасцю.

Сустрэліся мы ў верасні сорак чацвёртага. Я вяртаўся ў свой полк з медсанбата. I ты ў наш полк атрымала прызначэнне. Ноч нас застала на пераправе. Мы размаўлялі тады пра вайну, школьныя гады.

Біяграфіі нашы былі аднолькавыя: піянерскі атрад, дзесяць класаў, вайна. Мы былі равеснікі.

Дарогай у кузаве машыны я закрываў цябе ад ветру плашчнакідкай.

У нейкай вёсцы выпрасіў у гандляра жменю грэцкіх арэхаў, а потым трушчыў іх для цябе. Мне было весела і хораша побач з табою. I хоць мне трэба было хутчэй трапіць у свой батальён, хацелася, каб дарога наша была доўгая. Я вельмі баяўся цябе страціць.

Мы хацелі трапіць у адзін батальён. Начальніка штаба палка я папрасіў за цябе сам. Маёр пільна паглядзеў на мяне пранізлівымі вачыма, усміхнуўся і спытаў, кім ты мне даводзішся. Я сказаў, што ты мая жонка. Мы не паспелі дабрацца да бліндажа камандзіра батальёна, а вестка ўжо разнеслася па ўсіх ротах: лейтэнант вярнуўся з жонкай.

3 таго часу рэчы нашы клалі на адну фурманку, нам выдзялялі адну хату ці зямлянку, давалі абед у адным кацялку.

Надышла вясна. Пад арэшнікам, які дыміўся жоўтым пылам, цвілі сінімі жывымі іскрынкамі пралескі. Першая ўбачыла і знайшла іх ты. Тады я наламаў з вярбы пучок галінак, паставіў у ваду, каб падарыць табе, калі распусцяцца коцікі.

Мы дачакаліся мая і фіялак, якіх было вельмі багата. Іх пах заглушаў нават водар елак. Фіялкамі пахлі твае рукі, валасы, вусны…

Апошні твой дзень быў цёплы, яркі, з лёгкім ветрыкам. Церусіў дробны дожджык, але ад яго ніхто не хаваўся. А табе мала было гэтага дажджу. Ты падбегла да маладога дрэўца, стрэсла з яго кроплі на сябе і засмяялася. Мы разумелі, што самыя цяжкія пакуты засталіся недзе далёка-далёка, што праклятая вайна вось-вось скончыцца.

У гэты момант з боку немцаў нечакана ляснуў стрэл. Куля прашыла крону маладога дрэўца, якое ты толькі што трэсла. Ты раптам збялела, узмахнула рукамі. Сінія вочы твае глядзелі на мяне, і ў іх была трывога і просьба дараваць за тое, што не толькі табе, але і мне балюча.

Памерла ты на мокрай траве. У сціснутым кулачку быў маленькі букецік фіялак. Так і пахавалі цябе з фіялкамі.

I вось мінула дзевятнаццаць год. Зноў май, зноў сонечны дзень, толькі што прашумеў цёплы дождж. Ён абмыў лес, траву, фіялкі. Іх так многа, што трава здаецца сіняй.

Марынка сядзіць воддаль і пляце з фіялак вянок. Ёй пятнаццаць гадоў — самы шчаслівы ўзрост. Яна не заўважае майго смутку, устае, асцярожна крадзецца да мяне і трасе бярозку, пад якой я сяджу.

Буйныя кроплі сыплюцца на маю галаву, на букецік фіялак, які я трымаю ў руцэ.