Ракі
А. Федарэнка
Лета. Раніца. Іду з вудаю па высокім беразе Случы. Дыхаю, слухаю, гляджу. Каля вады, пад густым лазовым карчом, сядзіць дзед. Побач — кошык, у якім небагаты ўлоў: акунькі, плотачкі, а па іх поўзае вясёлы рак, прыгожы, зеленаватага колеру.
Я спыніўся. Да чаго сімпатычны малюнак! Раніца, сонца, раса блішчыць, хваля ў беражок б’е, рачной вадой пахне. I гэты дзед пад карчом такі каларытны: у паласатых штанах, у саматканай кашулі, у старэнькім саламяным капелюшы, у лапцях.
Раптам захацелася і мне абуцца ў лапці, насунуць на галаву капялюш, легчы пад раскідзісты лазовы корч. А галоўнае — таксама злавіць рака. I абавязкова паспытаць яго. Справа ў тым, што ў свае васямнаццаць гадоў я не толькі ні разу не лавіў ракаў на вуду, але яшчэ ніколі ў жыцці не еў іх, толькі чуў, якія яны, вараныя, смачныя.
Месца знайшлося каля затокі, няўдалае, нізкае. Побач кусты — лёску парвеш абавязкова. Затое вада тут спакойная, чыстая, дно свеціцца, і рыбакоў паблізу няма.
Не паспеў мой чарвяк апусціцца на дно, як паплавок павяло. Калі хто-небудзь з вас лавіў ракаў на вуду, то ведае, як яно бывае.
Неверагоднае супраціўленне, нібы корч падчапіў, і раптам вылятае з вады растапыранае чорнае страшыдла! Пакуль ляціць, трапечацца ў паветры, лупіць сябе хвастом па жываце, і гук гэты разносіцца ў ранішняй цішы па ўсёй рэчцы!
Я выцягнуў не чыстага і вясёлага, як у дзеда, рака, а чорнага і агрэсіўнага. I адразу пачаў піхаць яму ў клюшню палец. Раптам мне здалося, што два вастрэнныя цвічкі ўпіліся да самай косткі. Крывішча! Трасучы рукою, сяк-так рака ад пальца адарваў і запіхнуў у цэлафанавы пакет. Кроў, што сачылася з дзвюх сініх дзірачак-ранак, высмактаў і супакоіўся. Стаў лавіць ракаў далей.
У празрыстай вадзе добра бачна было, як рак бокам, спярша асцярожна, а потым смялей падпаўзае да лёскі, як дзелавіта, нібы дзядзька, што змотвае на руку вяроўку, пачынае перабіраць яе, падцягваць бліжэй жаданы ласунак. Затым дзвюма клюшнямі прагна хапае чарвяка з кручком і запіхвае ў рот. Праз імгненне рак ужо не разумее, як гэта маленькі чарвячок аказаўся такі дужы. Куды яго, няшчаснага рака, так упарта і бязлітасна валачэ? I вось замест роднай стыхіі — спёка, трава, цесны цэлафан і таварышы па няшчасці.
Я выцягваў аднаго за адным вялікіх і малых ракаў і пускаў іх, не гледзячы, у пакет, прытоплены ў вадзе. Калі ж захацеў паглядзець, колькі ўжо злавіў штук, выцягнуў пусты пакет. Ракі лёгка распаролі цэлафан клюшнямі і паўцякалі.
Спачатку мне стала крыўдна. Думкі розныя палезлі ў галаву. Маўляў, вось яна, жыццёвая несправядлівасць! I што ж гэта я такі няўдачлівы!
Ды вельмі хутка, яшчэ калі змотваў вуду, дайшло: пашанцавала мне злавіць нешта куды большае, чым ракаў. «Вывудзіў» я летнюю раніцу, бляск сонечнага промня ў кроплі расы, дзеда з кошыкам, пах рачной вады, лопанне хваста па жываце. А галоўнае — мне ўдалося злавіць і зафіксаваць успамін!