Ранішні канцэрт
В. Вольскі
У вільготным паветры крыху пацяплела. Рэшткі туману развеяліся амаль канчаткова. Толькі асобныя шматкі яго трымаліся яшчэ ў нізінах, але навокал усё было добра відаць.
Раптам пачуўся шум вялікіх крылаў, і мы ўбачылі цудоўнае відовішча. На зялёную траву, упрыгожаную асобнымі познімі кветкамі, жоўтымі, белымі і чырвонымі, прыляцеў шэры жораў з пышным чорным хвастом. Ён выставіў наперад чорныя ногі і з лёту апусціўся на лугавіну. Агледзеўся, страсянуўся, расправіў крылы і, прытанцоўваючы, зрабіў некалькі крокаў.
Які гэта быў цудоўны птах!
Рухі ў яго былі лёгкія і грацыёзныя, нібы ў выпрабаванага танцора. Усё, здаецца, было ў ім дасканала. Ён спыніўся, агледзеўся яшчэ раз, адкінуў галаву назад і, нібы медны горан, прарэзаў свежае паветра.
Прагрымеў першы сігнал, першы заклік і змоўк. I адразу адгукнулася на яго яшчэ некалькі галасоў з розных бакоў.
— Затрубілі, — ледзь чутна шапнуў Дзямід, і на яго дробным, хударлявым твары з’явілася спагадлівая ўсмешка.
Прыляцелі і прызямліліся адзін за адным, амаль разам, яшчэ чатыры жоравы. За імі яшчэ некалькі. Неўзабаве на лугавіне было іх каля трох дзясяткаў.
I над сонным яшчэ балотам загрымеў трубны аркестр, разрываючы ранішнюю ціпіыню мажорнымі, урачыстымі гукамі.
На ўсю сілу ігралі, звінелі дзівосныя сярэбраныя і медныя трубы, а можа, фанфары ці горны? Я не ведаў, як назваць, з чым параўнаць чароўныя галасы — інструменты, якія ўдзельнічалі ў гэтым своеасаблівым канцэрце. Яны гучалі настолькі моцна, настолькі выразна, што іх, здавалася, можна было пачуць на некалькі кіламетраў.
Я быў захоплены, узрушаны гэтай цудоўнай сімфоніяй, гэтым вялікасным шматгалосым харалам1, якім жоравы віталі ўсход сонца.
Забыўшыся пра ўсё на свеце, я ўважліва разглядаў іх з нашага надзейнага сховішча. Цяпер яны бегалі ў розных напрамках па невысокай, але густой, вільготнай і ярка-зялёнай траве, на якой дыяментамі зіхацелі буйныя кроплі расы. Прыгожыя, зграбныя птахі гучна крычалі і махалі крыламі.
Старых жораваў няцяжка было адрозніць ад маладых. Дарослыя былі цямнейшыя з выгляду. У маладых афарбоўка была крыху святлейшая, шаравата-дымчатая, і постаці ў іх не такога моцнага складу, не з такім гладкім і шчыльным апярэннем. Добра бачыў я ў бінокль і выразныя чырвоныя плямкі на галовах у дарослых.
Фотаапарата ў мяне з сабою не было, і добра здымаць я ў той час яшчэ не ўмеў. Але калі б я і мог, то ўсё роўна нічога б не здолеў зрабіць, бо святла было яшчэ недастаткова. Цудоўнае відовішча захавалася толькі ў маёй памяці.
Далікатныя і стройныя птахі лёгка падскоквалі, грацыёзна кланяліся адзін аднаму, закідвалі назад галовы, узмахвалі крыламі, рабілі нейкія смешныя, жартаўлівыя рухі.
—Цікава? — з яўным задавальненнем спытаў Дзямід. — Сапраўдны балет! Можна сказаць, дзівакі гэтыя птушкі! Трэба ж быць такімі смешнымі!
У голасе Дзяміда гучалі цёплыя, душэўныя ноткі. I я зразумеў, з якім вялікім замілаваннем любуецца стары егер жураўлінымі гульнямі, якія былі яму даўно і добра вядомы і якія ён бачыў не адзін раз.
Я нічога не адказаў. Толькі моўчкі кіўнуў галавою. Сам не мог адвесці вачэй ад прывабных танцораў. Не мог глядзець на іх без радаснага хвалявання. Нарэшце давялося мне ўбачыць з недалёкай адлегласці любімых птахаў, такіх цікавых, прыемных і цяпер, на жаль, даволі ўжо рэдкіх. Я наглядаў за іх паводзінамі, забаўнымі выхадкамі, і асалода была невыказная.