Ратамка
У. Содаль
Ратамка. Як геаграфічную назву яе ведаюць усе, каму хоць раз даводзілася ехаць у напрамку Заслаўя, Вязынкі, Мінскага мора. Не абмінуць яе і тым, хто едзе далей, на Маладзечна, Вільнюс. Праз Ратамку пралеглі і чыгунка, і шаша. Па гэтых дарогах удзень і ўночы імчаць цягнікі, электрычкі. Не менш імкліва мінаюць Ратамку аўтамабілі. I рэдка, мабыць, хто-небудзь з падарожных, седзячы ва ўтульным вагоне ці аўтамабільным салоне, задумаецца і скажа: «РатамкаІ А чым яна слаўная, гэтая Ратамка? Што ў яе было і што ёсць адметнае?» На гэтыя пытанні ў пераважнай большасці падарожных і часу няма. Ды і калі тут думаць і разважаць? Мільгане Ратамка ў акне вагона, аўтамабіля адным кадрам, а затым перад вачыма новыя краявіды, новыя далягляды.
Вёска як вёска. Але вядома, што напярэдадні 1917 года Ратамку наведаў Максім Багдановіч. У дарэвалюцыйным даведніку можна прачытаць, што Ратамка ў тую пару была зусім невялікая вёска, знаходзілася ў ёй усяго васямнаццаць хат, васямнаццаць двароў.
Паблізу вёскі былі яшчэ панскі маёнтак, засценак шляхецкі, чыгунка. 3 той пары Ратамка непазнавальна змянілася, разбудавалася. 3 Максімавых часоў тут мала чаго засталося, але пра Максіма мясцовыя жыхары памятаюць.
Што ж прывабіла Максіма Багдановіча ў Ратамцы? Чым яна зацікавіла яго? Аказваецца, у той час у вёсцы быў беларускі дзіцячы бежанскі прытулак. Дзяцей апякала група беларускіх асветнікаў з Мінска. Яны іх і даглядалі, і вучылі. Вучылі, між іншым, па-беларуску. Няшмат было ў Беларусі тады дзіцячых устаноў, дзе навучанне вялося на беларускай мове. Максіму Багдановічу, які ў гэты час пераехаў з Яраслаўля ў Мінск, захацелася сустрэцца з гэтымі дзеткамі. А тут яшчэ і нагода надарылася. У канцы лістапада ў Ратамку прыязджала дачка Льва Талстога Аляксандра, якая інспектавала на той час дзяржаўныя прытулкі. Ратамскія дзеці разам са сваімі настаўнікамі вырашылі ў гонар шаноўных гасцей наладзіць канцэрт. Быў на той вечарыне і Максім Багдановіч.
Максіму цікава было паглядзець, як беларускія дзеці ладзяць спектакль на роднай мове, як чытаюць вершы. Усе дзеткі былі ў беларускіх народных строях. Гэта было надзвычай прыгожае, маляўнічае відовішча. Максім глядзеў на сцэну і не зводзіў вачэй з гэтага хараства. Сэрца яго поўнілася невыказнай радасцю. Канцэрт той скончыўся позна. Максім, як і некаторыя іншыя яго калегі, заначаваў у Ратамцы. Госці ўсю ноч не клаліся спаць, сядзелі, гаварылі доўга.
Пра што ён думаў у тую ратамскую ноч? Пра гэта ніхто не ведае. Але каму даводзілася праводзіць бяссонныя ночы, можа сказаць, што ў такія моманты перабіраецца ў памяці сваё жыццё, пражыты дзень.
Перабіраў яго, пэўна, і Максім. Доўга з галавы не выходзіў канцэрт дзяцей. Максіму нямала давялося пабачыць за свой кароткі век усякіх канцэртаў, але такі ён бачыў упершыню. Яму вельмі хацелася, каб усе беларускія дзеці маглі вучыцца на роднай мове, працаваць дзеля роднай Бацькаўшчыны.
Шмат гадоў мінула з той пары. Шмат чаго змянілася ў Ратамцы за гэты час. Радасна сучаснікам, што мара Максіма Багдановіча здзейснілася.