Беларускія тэксты

Сарока-нянька

В. Гурскі

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Вясной на пагорку, што пасярод балота, лісіца вырыла нару.

Неўзабаве там з’явіліся лісяняты. Клапатлівая маці прыносіла малым то мыш, то жабу, а аднаго разу прыцягнула нават зайца. Ешце, маўляў, падрастайце хутчэй.

Побач з нарой, у галлі хвойкі, звіла гняздо сарока. Касавурылася яна доўга на лісіныя аб’едкі, а аднойчы не вытрымала, зляцела на ніжнюю галіну і затрашчала жаласліва:

— Са мной трэба падзяліцца. Другі раз табе дапамагу.

Не трэба мне твая дапамога, — азвалася лісіца і злосна замахала хвастом. — Мяне тут чалавек ніколі не знойдзе: вакол пагорка гразь пад нагамі хлюпае.

Ні з чым засталася сарока, паляцела сама здабываць ежу для сваіх птушанят.

Беглі дні за днямі. Сонца свяціла ўсё цяплей, і балота стала падсыхаць. А тут грыбы з’явіліся, лес напоўніўся людскімі галасамі. Дабраліся грыбнікі і да пагорка пасярод ляснога балота. Убачыла іх сарока і затрашчала бесперастанку:

Хавайцеся, звяры і птушкі! Ратуйцеся! Чалавек набліжаецца! , Лісяняты пачулі трывожны трэск сарокі і схаваліся ў нару. Затаіліся там, прыслухоўваючыся да незнаёмага тупату над нарой. А сарока трашчыць на ўвесь лес, пералятае з дрэва на дрэва, адводзіць грыбнікоў далей ад свайго гнязда і ад нары, папярэджвае лясных жыхароў, што няпрошаны госць з’явіўся недалёка, можа, з ліхім намерам ходзіць тут.

Лісіца якраз вярталася з палявання. Пачула яна трывожнае сакатанне сарокі, прытаілася за кустом, пра дзетак сваіх вельмі занепакоілася. А як адышоўся грыбнік, пабегла хуценька дамоў, палезла ў нару і абрадавалася, што дзеткі ўсе паспелі схавацца. Пахваліліся лісяняты, што гэта сарока іх папярэдзіла.

Лісіца дала кавалачак мяса сароцы, вінавата падзякаваўшы за дапамогу. Успомніла, як няласкава гаварыла з ёй, і папрасіла прабачэння за тое, што адмовілася некалі ад дапамогі, прапанавала, каб сарока няньчыла лісянят.

Быць нянькай?! — засмяялася сарока. — Няўжо ты думаеш, хітруха, што я стану гуляць з імі ў жмуркі ці калыханку буду спяваць ім у нары? Няўжо сама захачу здуру трапіць на іхнія вострыя зубкі?!

Ды не ж! — перабіла лісіца сароку. — Табе не трэба спускацца на зямлю. Сядзі сабе на галіне і наглядай за імі, папярэджвай аб небяспецы. Зверху ж далёка відаць!

3 суседзямі трэба жыць памяркоўна, — затрашчала сарока і, схапіўшы неабгрызеную костачку, панесла ў сваё гняздо.

3 таго часу лісіца і сарока дапамагалі адна другой гадаваць сваіх малых. Сарока папярэджвала лісянят аб небяспецы, а лісяняты дзяліліся са сваёй нянькай аб’едкамі. Лісіца ж заўсёды, калі адпраўлялася на пошукі ежы, прасіла суседку папільнаваць яе маленькіх, абяцаючы за гэта прынесці ёй гасцінчыка.

Наядуцца лісяняты, качаюцца на жоўтым пясочку ці бегаюць адно за адным. А сарока схопіць неабгрызеную костачку і нясе сваім дзеткам.

Пасля ўсядзецца на галінцы і пільна сочыць за наваколлем. Убачыць каго-небудзь, затрашчыць трывожна, каб лісяняты хаваліся ў нару.

— Добрая нянька, — радавалася лісіца.

Сарока сваіх дзяцей гадуе і сцеражэ маленькіх лісянят, бо за немаўлятамі пастаянны нагляд патрэбны і клопат, каб не трапілі часам у бяду: малыя ўсё ж, нявопытныя, неасцярожныя, дураслівыя часам, саманадзейныя. Без нянькі ніяк не абысціся.