Беларускія тэксты

Свята касьбы

Я. Сіпакоў

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Каса рэзала так, што здавалася, быццам сама ходзіць па лузе і за ёю трэба толькі паспяваць і яму. Мікола злавіў і крок, і рытм касы, а таму касіць была адна любата. Ён міжволі забыўся, што зранку не мог нават паварушыцца, бо балела ўсё цела.

Гэта было сапраўднае свята касьбы. Не паспяваў Мікола скончыць адзін пракос, як ужо хацелася хутчэй заняць новы, а з таго цягнула амаль подбегам імчацца да нечапанай травы. Ён нават сам здзівіўся гэтай прагавітасці: чым больш касіў, тым большая была прага да працы. Вельмі рэдка праца прыносіла такое задавальненне.

Толькі што скошаная трава пахла крыху не так, як учарашняя, прывялая ўжо, але ўсё роўна гэтыя такія розныя пахі зліваліся ў адзін, яны запаланялі наваколле, ад іх было светла і радасна на душы.

Здавалася нават, што няма на свеце нічога прыгажэйшага і прыемнейшага за гэты луг і за гэты пах.

Праўда, крыху надакучалі, здаваліся лішнімі на гэтым свяце нейкія маленькія і чорныя, як выпацканыя ў сажу, мятлушкі, якія выляталі з-пад самай касы, ад мокрых каранёў, нейкі час былі перад вачыма, а затым зноў, нібыта баючыся сонца, паспешліва хаваліся ў траву і там заціхалі ў ёй, густой і вільготнай. Некаторыя, самыя назойлівыя, калі Мікола вастрыў касу, садзіліся нават на лязо, і яму тады даводзілася махаць рукамі, каб сагнаць іх. Трапляліся пад касу высакаватыя і рыхлыя, амаль нябачныя ў траве хаткі земляных мурашоў, якія зразаліся лёгка і тут жа, яшчэ на касе, рассыпаліся на пыл. Мурашы, не разумеючы, што здарылася, хуценька хапалі беленькія яечкі і кружыліся, мітусіліся на месцы, не ведаючы, куды іх несці, як ратаваць ад бяды. I гэтыя мятлушкі, і гэтыя мурашы выклікалі ў душы нейкую невыразную трывогу, але сонца, якое грэла і радавала, развейвала яе, як туман.

Закончыўшы пракос, ён павярнуўся ўжо, каб ісці станавіцца на новы, але раптам спыніўся і знерухомеў уражаны: штосьці вострае і халоднае кальнула яму ў вока. Мікола асцярожна пакруціў галавою, і тое празрыстае і халоднае, нібы святло брыльянта, пацяплела і зайграла амаль усімі колерамі вясёлкі: з белага рабілася сінім, потым зялёным, а затым аранжавым. Краі колераў былі размытыя, пераходы з аднаго ў другі плаўныя, і таму вачам адразу пацяплела.

Ён павярнуўся ўсім тварам на гэтае дзіва, і ўвесь луг успыхнуў раптам і засвяціўся, замільгацеў такімі ж самымі брыльянтавымі агеньчыкамі, ад халодна-сіняга да гарача-аранжавага. Мікола так прылаўчыўся глядзець, каб відаць быў увесь луг, і тады вачам было казытліва-весела ад гэтага шматколернага карагода самацветаў.

Дзіўна, што і на траве, і на сухіх галінках, якія ён не касіў і пакінуў пад самымі кустамі, гэтак жа сама свяціліся і пераліваліся брыльянты, рубіны і смарагды1.

Нават не верылася, што гэта ўсяго толькі самая звычайная раса, якая можа вось так засвяціцца, зайграць, замільгацець усімі колерамі вясёлкі. Але пара расы была нядоўгая: на жаль, век у прыгажосці амаль заўсёды кароткі.