Беларускія тэксты

Скрынка, поўная радасці

М. Герчык

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Аднойчы Алег Адольфавіч Валодзька, старшыня калгаса імя Суворава Пастаўскага раёна, ездзіў у Германію. Разам з ім у дэлегацыі былі старшыні іншых калгасаў, трактарысты і камбайнеры, даяркі і цялятніцы. Паехалі яны не проста на экскурсію, а каб паглядзець, як працуюць сяляне ў далёкай краіне, ды і пра свае справы расказаць.

Праводзілі Алега Адольфавіча ў далёкую дарогу дочкі — Эма і Света. Эма вучылася ў пятым класе, а Света яшчэ хадзіла ў дзіцячы сад. Света папрасіла прывезці ёй ляльку, і цацак розных, і дзіцячую чыгунку, а Эма заказала джынсы з замочкамі.

Два тыдні ездзіў Валодзька са сваімі сябрамі-спадарожнікамі па Германіі. Прачыналіся раненька, як прывыклі дома, спяшаліся на фермы, на палі і сенажаці, размаўлялі з аграномамі, жывёлаводамі, механізатарамі, глядзелі, як яны працуюць. Усё самае цікавае Алег Адольфавіч занатоўваў у блакнот.

Перад самым ад’ездам выдалася ў Алега Адольфавіча вольная гадзіна. Успомніў ён пра даручэнні дачок і пайшоў у магазін. Там убачыў такі цуд, што забыўся і пра ляльку, і пра блакітныя джынсы з замочкамі, і пра сувеніры для сяброў.

Але вось бяда: цуд той каштаваў дарагавата. Палічыў Алег Адольфавіч усе свае грошы — не хапае. Што ж рабіць? Гэта ж не дома. Пануры пайшоў старшыня ў гасцініцу. Расказаў суседзям па нумары пра цуд.

— Ну і дзівак ты, браце, — сказаў старшыня калгаса з-пад Полацка. — Гэта ж трэба такое прыдумаць!

Ён выграб з кішэні ўсе свае маркі:

— На, трымай, для такога не шкада.

Палезлі ў кішэні і астатнія. Зноў пабег Алег Адольфавіч у магазін.

Праз пятнаццаць хвілін цуд быў акуратна запакаваны ў вялізную скрынку, і Алег Адольфавіч панёс яго ў гасцініцу. Нёс, уяўляў, як узрадуюцца цуду ў Навасёлках, і лёгка, святочна было на душы.

Мінула яшчэ два дні, і дэлегацыя вярнулася ў Віцебск. А Света і Эма з нецярпеннем чакалі тату. Пакуль мама была на працы, дзяўчынкі чысценька прыбралі ў хаце, збегалі на луг і нарвалі кветак. Наабіралі бульбы і напяклі цэлую міску дранікаў.

Позна вечарам у двары загула машына. Света шырока расчыніла дзверы, і ў хату ўнеслі вялізную скрынку.

Дзяўчынкі абдымалі і цалавалі тату, а самі крадком паглядалі на тую скрынку. Света ўяўляла, колькі там дзівосных цацак: і лялька, і цацачная мэбля, і посуд — цэлы магазін! А Эме мроіліся блакітныя джынсы з замочкамі.

Алег Адольфавіч разумеў, як карціць дзецям хутчэй адчыніць скрынку, таму асцярожна пачаў распакоўваць. Света ажно прытанцоўвала ад нецярпення. Не ўтрымалася, ірванула зверху паперу. I ўсе ўбачылі, што ў скрынцы шчыльненька ляжаць нейкія круглыя доўгія рулоны.

Разгубленая дачка дастала адзін рулон, і такое расчараванне адбілася на яе твары, што бацька ажно рассмяяўся.

Света асцярожна надарвала папяровую наклейку, разгарнула рулон. I ў захапленні войкнула, бо ўбачыла… цуд. Той самы цуд, што так уразіў Алега Адольфавіча ў магазіне.

Гэта былі шпалеры. Але якія шпалеры! Ніхто ніколі ў Навасёлках яшчэ такіх не бачыў. Ды хіба можна было б назваць шпалерамі той дзівосны, маляўнічы свет, што раптам успыхнуў усімі колерамі вясёлкі перад вачыма? Былі тут барадатыя гномы ў вастраверхіх шапках са званочкамі, кот у ботах, і брэменскія музыкі, зайцы, мядзведзі, лісы, вавёркі… Героі казак раптам запоўнілі невялікі пакой. А колькі Света адгарнула таго рулона!

— Як прыгожа! — усклікнула Эма. — Але навошта так многа?

— А каб хапіла на ўвесь наш дзіцячы сад, — адказаў Алег Адольфавіч. — Я падлічыў, павінна хапіць. Во будзе радасці дзецям! Праўда, дачушкі?

Дзівосныя шпалеры доўга ўпрыгожвалі калгасны дзіцячы сад, выклікаючы захапленне навасёлкаўскай дзетвары. На ўсіх хапіла скрынкі радасці, што прывёз старшыня.