Беларускія тэксты

Слаўны мой дзядуля

Э. Луканскі

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Вова падышоў да п’едэстала, на якім узвышаўся грозны танк. Дзядуля хлопчыка заўсёды хваляваўся, калі бачыў гэту стальную машыну. Старому здавалася: апыніся ён зараз у танку, усё знайшоў бы з заплюшчанымі вачыма.

Унук спытаў:

—Дзядуля, а праўда, што нават пасля перамогі шмат яшчэ нашых салдат загінула?

Дзед сеў на лаўку, расшпіліў пінжак і пачаў расказваць:

—Было гэта недалёка ад Берліна, у невялікім гарадку Батцлаў. Абвясцілі мір. Мы даведаліся аб гэтым ноччу 9 мая. Колькі радасці было! Мы спяшаліся паведаміць дамоў, што засталіся жывыя.

Мясцовыя жыхары спачатку баяліся нас, думалі, што мы будзем помсціць. Але ішлі дні, і яны зразумелі, што наш салдат ненавідзіць вайну. I змагаўся ён не толькі за вызваленне сваёй Радзімы, але і за вызваленне немцаў ад фашызму.

Да нас прыходзілі галодныя дзеці. Мы дзяліліся з імі ўсім, чым маглі.

Салдацкія кухні варылі ежу і нам, і нямецкім жанчынам, старым і дзецям.

Канчаўся яшчэ адзін мірны дзень, калі недзе ўдалечыні глуха грымнуў выбух. Але ніхто не звярнуў на гэта ўвагі. Выбухі ў той час чуліся часта: працавалі сапёры. I раптам я пачуў галасы і жаночы плач. Выбег на вуліцу і ўбачыў: людзі трымаюць пад рукі жанчыну.

Высветлілася, што два яе сыны на ўскраіне гарадка падарваліся на мінным полі. Яны там ляжаць, а ўсе баяцца да іх падысці. Узяў я некалькі салдат, і мы кінуліся на дапамогу. Людзі стаялі каля пакінутай нашымі сапёрамі шыльдачкі са страшным папярэджаннем пра міны.

У першыя дні міру, прайшоўшы жахі вайны, усе баяліся ступіць на поле смерці. Трэба было ў лічаныя хвіліны прымаць рашэнне. Салдаты чакалі загаду. Я паглядзеў ім у вочы. Паслаць салдат на поле я не мог, бо для кожнага з іх вайна ўжо скончылася, адгрымеў пераможны салют.

Пачало цямнець. I я сам рушыў да месца выбуху. Зрабіў крок, яшчэ адзін, на імгненне спыніўся, глыбока ўздыхнуў, азірнуўся. За мной ішоў радавы Дзенчык, мой зямляк. Чамусьці адразу ўспомнілася, што нядаўна мы з ім напісалі дамоў: «Жывыя, здаровыя, чакайце!»

Рушылі павольна, след у след. Дзесьці тут прытаілася і чакала смерць. Напружанне ўзмацняла мёртвая цішыня. Трэск кожнай галінкі пад нагамі здаваўся стрэлам.

Старэйшаму хлопчыку было каля дванаццаці гадоў, малодшаму прыкладна столькі, колькі і табе. Старэйшы быў паранены ў абедзве нагі і жывот. У малодшага асколкамі было разбіта калена. Рашылі вынесці першым старэйшага. Дарога назад была яшчэ цяжэйшай.

Глядзець пад ногі было нязручна, а ісці даводзілася ўжо прыцемкам. Нарэшце і малодшага вынеслі на дарогу. Перавязалі хлопчыкаў проста на вуліцы. Ад цяжкіх ран старэйшы памёр. Салдаты паслалі ў грузавіку пярыну і асцярожна паклалі на яе малодшага. Некалькі гадзін пятлялі па дарогах, пакуль знайшлі шпіталь, адшукалі ўрача.

Праз некаторы час я наведаў шпіталь. Хлопчык пазнаў мяне. Нага яго была ў гіпсе. А ўрач паабяцаў, што малы будзе не толькі хадзіць, але і танцаваць.

—Дзядуля, дык ты ж герой! Чаму ты ніколі пра гэта мне не расказваў? усклікнуў Вова.

—Які там герой? Гэта тады зрабіў бы кожны салдат.

Вова ўважліва паглядзеў на дзядулю. Мноства маршчынак сабралася ля вачэй, ветрык ласкава перабіраў зусім белыя валасы.

«Які ж у мяне слаўны дзядуля!» — падумаў хлопчык і паправіў ордэнскія планкі на дзядулевым пінжаку.