Слухайце адзін аднаго!
В. Голуб
Вельмі часта бацькі выказваюць сваё меркаванне з пазіцыі сілы — гэта значыць указваюць дзецям, што рабіць, што лічыць правільным. Яны не зважаюць ні на час, ні на сучасныя погляды сваіх дзяцей. А тыя, у сваю чаргу, ідуць насуперак бацькам, спрабуючы паказаць уласную незалежнасць. Падлеткі вельмі эмацыянальныя. Такім чынам яны спрабуюць прыцягнуць увагу, паказаць сваю індывідуальнасць. А што атрымліваецца ў выніку? Незадаволеныя бацькі, нетактоўныя паводзіны дзяцей. Што рабіць? I як зразумець адзін аднаго? Мая прапанова — трэба заўсёды ставіць сябе на месца іншага. I слухаць адзін аднаго!
Напрыклад, падлеткі ў сваім узросце востра перажываюць пачуццё кахання. Ім так хочацца падзяліцца таемнымі думкамі з самымі блізкімі людзьмі — бацькамі, якім яны давяраюць многія сакрэты. Але, пачуўшы насмешкі, дзеці нярэдка замыкаюцца ў сабе. Несур’ёзныя адносіны да дзіцячых праблем з’яўляюцца страшнай памылкай з боку бацькоў.
Падлеткі звычайна жадаюць паспрабаваць усё. Мабыць, не трэба зусім абмяжоўваць іх свабоду, а варта дапамагчы выявіць свае інтарэсы. Калі яны адчуюць падтрымку, вашы адносіны стануць больш моцнымі. А для падлеткаў — гэта пошук сябе. Нешта не атрымліваецца не ахоўвайце іх ад непрыемнасцей, бо сінякі яны павінны набіваць самі.
Вельмі часта бацькі крытыкуюць сваіх дзяцей. Кажуць ім у вочы словы, якія слухаць не вельмі прыемна. Гэта правільна! Па-першае, ідзе працэс выхавання, па-другое, дзеці будуць не так хваравіта ўспрымаць заўвагі іншых. Але галоўнае — гэта трэба рабіць асцярожна і з розумам, бо іначай з’яўляюцца крыўды, пачынаюцца сваркі.
Трэба памятаць: бацькі заўсёды маюць рацыю ўжо таму, што яны бацькі. Варта проста тлумачыць свае дзеянні або ўчынкі ў адносінах да дзяцей. Тады тыя будуць прыслухоўвацца да старэйшых. Не трэба ўсё спісваць на пераходны ўзрост. Цяпер амаль заўсёды і ўсюды кажуць пра пераходны ўзрост. А гэта на руку падлеткам: будзе на што спіхнуць свае праблемы.
А цяпер некалькі парад дзецям у адносінах да бацькоў. Папершае, выяўляйце павагу. Ніколі не забывайце, што бацькі старэйшыя за вас. У іх значна больш жыццёвага вопыту і сталай мудрасці.
Па-другое, праяўляйце клопат. Калі бацькі прыйшлі з працы стомленыя, не фыркайце, а пастаўце чайнік і за чаем пацікаўцеся, як у іх справы, які настрой.
Па-трэцяе, паказвайце цікавасць да ранейшага жыцця бацькоў. Распытайце маму або тату пра лепшыя моманты іх маладосці. Ім захочацца ўспомніць юнацтва, яны будуць удзячны вам за ўвагу.
Па-чацвёртае, дапамагайце. На плячах бацькоў цяжкая ноша — праца. Дапамагайце ім, чым можаце. Убачыце, як ім стане лягчэй, як пасвятлеюць іх твары!
Па-пятае, імкніцеся да разумення. Больш размаўляйце, а таксама слухайце бацькоў. Праводзьце больш часу з імі, праяўляйце ўвагу.
Па-шостае, памятайце, што бацькі — самыя блізкія вам людзі. Больш блізкіх за іх у вас нікога няма, вы ім абавязаны жыццём.
Калі раптам вас апанавала крыўда або вы пасварыліся з мамай ці з татам, успомніце аб сіротах, у якіх няма бацькоў. Зразумейце, што вашы праблемы ў параўнанні з іншымі —дробязь. Адчуйце сорам за свае дзеянні, учынкі. I галоўнае — слухайце і чуйце адзін аднаго!