Беларускія тэксты

Сойка

У. Ягоўдзік

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Пра марудлівага чалавека, які доўга збіраецца ў дарогу, часам кажуць: «Выбіраецца, як сойка за мора!»

А сэнс народнай прымаўкі ў тым, што нібыта сойка кожную восень імкнецца ў вырай, але пакуль яна збярэцца, тут і зіма настае. Так з году ў год вандроўка ў цёплыя краіны адкладваецца да наступнага разу.

Сойка належыць да чорнай птушынай сям’і, куды залічаны таксама крумкач, варона, галка, грак і сарока. Праўда, сярод такой кампаніі яна выглядае казачнай прынцэсай. Наогул, гэта адна з самых прыгожых лясных птушак. Апярэнне ў яе ружавата-попельнае, канцы крылаў і хвост цёмныя, а надхвосце белае. Галаву сойкі ўпрыгожвае натапыраны чубок, а пад вачыма блішчаць чорныя лапікі. А найбольш здзіўляюць і запамінаюцца ярка-блакітныя люстэркі на сойчыных крылах.

Ідзеш па сцежцы ў панурым восеньскім лесе, і раптам паміж дрэў штосьці мільгане кавалачкам сакавіцкага неба. Уражаны, міжволі спынішся і засмяешся, калі зразумееш, што гэта не сонца, а мільганула люстэрка на крыле сойкі.

Сойка — уважлівая вартаўніца. Не схавацца чужаку ад яе пільных вачэй. Прыкмеціць нядобрае — такога наробіць ляманту, хоць вушы затыкай. Асабліва не падабаецца настырная сойчына цікаўнасць паляўнічым. Пачуўшы сойку, лясныя жыхары адразу, як па трывозе, насцярожваюцца і хаваюцца ад няпрошаных гасцей.

Аднойчы зімою, марозным надвячоркам, хуткая лыжня прывяла мяне на зацішную паляну з пакінутым кастрышчам. У носе прыемна заказытала салодкім дымком. На снезе чарнела раскіданае лушпінне печанай бульбы. Зняўшы лыжы, я прысеў і пачаў разграбаць попел, спадзеючыся знайсці некалькі бульбін, якія, як звычайна гэта бывае, пакідаюць для нечаканых вандроўнікаў. I тут убачыў сойку, якая скакала з дрэва на дрэва і, як звычайна, тарахцела на ўсё наваколле.

«Пэўна, таксама спадзяецца на пачастунак», — весела падумалася мне.

Але і сойку, і мяне чакала расчараванне. Нам не пакінулі аніводнай бульбінкі. Карцела наўздагон крыкнуць што-небудзь непрыемнае невядомым абжорам.

Пакуль я абураўся, сойка пырхнула за тоўстую сасну і знікла. Няўжо там ёсць схованка-дупло?

Зрабіўшы невялікі круг, каб адгадаць загадку, я абышоў сасну і тут убачыў птушку. Яна сядзела на прымацаванай да ствала кармушкі і штосьці дзяўбла. Затым, адчуўшы небяспеку, узвілася ўгору і схавалася ў кроне сасны.

У кармушцы знайшліся лустачка хлеба і некалькі разламаных, яшчэ цёплых бульбін. Адразу ж стала няёмка, што я так дрэнна падумаў пра незнаёмых людзей.

3 таго часу перад паходам у зімовы лес ніколі не забываюся пакласці ў кішэню лустачку хлеба ці жменю сланечнікавых семак. А адзінаццатага снежня знарок наведваюся да знаёмай кармушкі і кладу ў яе гасцінец для сойкі. Як сведчыць старадаўні народны каляндар, менавіта ў гэты дзень калісьці адзначаўся сойчын дзень. I хоць чубатая модніца — аматарка лазіць вясною па гнёздах дробных птушак, яна ўсё роўна заслугоўвае пахвалы. Хоць бы за тое, што восенню збірае жалуды, старанна запасаючы іх на галодны дзень. Але схованак у сойкі так многа ўсюды, што з часам яна забывае пра многія з іх. Потым са схаваных сойкаю жалудоў па ўсім лесе прарастаюць маладзенькія дубкі.