Беларускія тэксты

Стронга

К. Кірэенка

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Перасыпаючы зярняты з рукі на руку, я пачаў іх правейваць, дзьмухнуў — і лёгкія асцюкі1 аддзяліліся ад зярнят і ўзняліся ў паветра. Адзін асцюк, мусіць, з зярняткам праляцеў ладную адлегласць і бясшумна ўпаў на ваду. I тут адбылося тое, чаго я так прагначакаў: з цёмнай глыбіні выбліснула ружовая жывая бліскавіца, клюнула па асцюку, адчула, што падманулася, што гэта не матылёк і не мушка, і маланкава знікла, як быццам і не з’яўлялася зусім. Стронга… Мала хто з рыбакоў можа пахваліцца, што шмат разоў сустракаўся з гэтай найпрыгажэйшай рыбінай нашых рэк. Іншыя нават не ведаюць, што яна ў нас такая ёсць, бо не кожнаму ўдаецца пабываць у тых мясцінах, дзе яна жыве: у такіх вось няходжаных лясных закутках, на рачулках, што бяруць свой пачатак і набіраюць сілу з самых чыстых сцюдзёных крыніц. Выявіць стронгу не так проста: не на любую прынаду кінецца, пакінуўшы сваю таемную схову. Ды і водзіцца яна не ўсюды, а толькі ў вельмі чыстай, крынічнай вадзе.

Пазней, калі я не адзін раз назіраў за жыццём рачулкі, нямала было ў мяне шчаслівых спатканняў са стронгай. На кручок падманваў я яе, праўда, рэдка, а калі і траплялася, дык стараўся як найхутчэй выпусціць красуню туды, адкуль яна і прыйшла. Бо нешта заўсёды калацілася сэрца, калі бачыў, як пачынае млець у руках яе зграбнае, пругкае цела, як гаснуць на сонцы светла-аранжавыя і сінія зоркі на ёй, якімі так красамоўна адарыла яе шчодрая прырода. Але затое і прыгажосцю, і дасціпнасцю, і спрытам стронгі пазахапляўся даволі. I не адзін раз цешыўся весела, калі ўдавалася перахітрыць яе. Не адзін раз вадзіў матыльком так, каб яна аж ірвалася за ім, узлятаючы над вадой, паказваючы ўсю сябе, прывабную, зіхатлівую. Падкінеш матылька ды і выхапіш яго з вады — і не можаш утрымацца ад смеху, калі скочыць яна ў паветра, а потым сярдзіта блісне назад, узбурліўшы спакойную рачулку. Але дзеля такога шчаслівага моманту нямала давялося і па берагах папоўзаць, і затойвацца, не дыхаючы, і ў расе купацца, і на сонцы галаву смаліць. Словам, прайсці ўсю навуку ціхага палявання з вудай. У той жа дзень я яшчэ не меў такой навукі. I таму стронга, што кінулася на асцюк, была тады і першай для мяне, і апошняй. Колькі ні кідаў потым асцюкоў на ваду, а стронга больш сябе не паказала.

Мусіць, усё ж заўважыла небяспеку.

Ну што ж, для першага разу і гэта было багаццем: убачыў стронгу, штосьці зведаў пра яе нораў. А чаго яшчэ трэба рыбаку? Цяпер мне, бадай, ужо не было чаго рабіць на рачулцы, хоць яна, як бы клапоцячыся пра мяне, тады-сяды падавала свой голас, і я шчыра і нават з радасцю лавіў яго і з ім упэўнена крочыў праз бор. А ў душы спела надзея, што яшчэ не раз мне давядзецца спаткацца са стронгаю, найпрыгажэйшай у нашых рэках.