Беларускія тэксты

Сустрэча з норкай

В. Вольскі

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Пайшоў я раніцай у пералесак недалёка ад сядзібы запаведніка. Неўзабаве ўзвышаная мясцовасць прыкметна знізілася, і я трапіў у густы і вільготны альховы лес. Замест рэдкіх ялін і бярозак усюды цямнелі ствалы старых шматгадовых алешын.

Прайшоў яшчэ трохі і апынуўся каля зараснікаў лазы, якімі пачыналася балотца. 3 яго выцякаў невялікі і не вельмі шырокі, але даволі глыбокі ручай.

Прысеўшы на нізкі бярозавы пянёк, я задумаўся. У паветры адчувалася прахалода. Панавала цішыня.

Раптам я адчуў шолах у трыснягу. Нешта мільганула сярод балотнага зелля, і я заўважыў, як адтуль выскачыў нейкі спрытны звярок і спыніўся каля старой пакрыўленай вярбы, што ляжала перада мною на зялёнай вільготнай траве.

Зазіхацела мокрае карычневае футра на гнуткім зграбным целе ў святле ранішняга сонца, што прабілася праз шэрыя хмары. У зубах звярок трымаў мёртвую вадзяную палёўку, якую людзі часта называюць вадзяным пацуком, не маючы на гэта ніякіх сур’ёзных падстаў. Рухі звярка былі вельмі хуткія, лёгкія і пластычныя. Вочы мае ледзь паспявалі сачыць за ім.

Звярок паклаў сваю здабычу на траву, агледзеўся і прыслухаўся.

Нешта яго, мабыць, не задаволіла. Ён схапіў палёўку, перанёс яе крыху далей і паклаў паміж каранёў вольхі. Зноў нервова агледзеўся, насцярожана паварочваючы галаву ва ўсе бакі, і раптам з нейкай прагнай, злоснай паспешлівасцю накінуўся на здабычу і пачаў есці.

Заняты сваёй справай, ён не заўважаў маёй прысутнасці, а я па-ранейшаму сядзеў нерухома на сваім пяньку, замаскіраваны лазняком, і назіраў за рухавым, непаседлівым звярком.

Гэта, бясспрэчна, была норка, але я адразу ўбачыў, што яна крыху большая за нашу звычайную норку. I мордачка ў яе зверху цёмная, а знізу белая. Па гэтых прыкметах я зразумеў, што норка не еўрапейская, якая адвеку вялася і вядзецца на Беларусі, а завезеная ў запаведнік, амерыканская. У нашай норкі і верхняя і ніжняя часткі мордачкі аднолькава белыя.

Нешта зноў занепакоіла звярка, і ён з маланкавай хуткасцю знік паміж каранёў вольхі, захапіўшы з сабою рэшткі здабычы. Дзе ён падзеўся, я разгледзець не паспеў, настолькі гэта было імгненна і нечакана.

Я ўжо збіраўся ўстаць і пайсці, але праз некалькі хвілін норка з’явілася зноў каля вольхі гэтак жа раптоўна, як і знікла перад тым. У наступнае імгненне яна апынулася каля ручая, слізганула ў ваду і паплыла.

Цяпер я ўбачыў, як плавае норка. Не так, як андатра ці выдра.

Андатра плавае з дапамогай адных толькі задніх лап і пляскатага з бакоў хваста. Выдра вяслуе ўсімі чатырма лапамі па чарзе, робіць імі такія самыя рухі, як і пры хадзьбе па зямлі, а норка адштурхоўвалася абедзвюма пярэднімі і заднімі лапамі адначасова. Пры гэтым усё цела яе то выцягвалася, то сціскалася, робячы хвалістыя рухі. Плыла яна даволі хутка і неўзабаве знікла за паваротам ручая.

Пасля такой сустрэчы я зацікавіўся акліматызацыяй амерыканскіх норак у Бярэзінскім запаведніку. Хутка даведаўся, што амерыканскія норкі размножыліся і распаўсюдзіліся не толькі на тэрыторыі запаведніка, але і далёка за яго межамі, ва ўсіх суседніх раёнах.

А пачалося ўсё ў 1953 годзе, калі сто сорак дзве амерыканскія норкі былі прывезены і выпушчаны на возеры Палік. У наступным годзе туды ж завезлі яшчэ сто дваццаць восем, а затым і яшчэ пяцьдзясят восем амерыканскіх норак.

У гэтым і была непрадуманасць, бо ў вадаёме для такой вялікай колькасці ненасытных звяркоў не хапіла натуральнага корму. Норкі знішчылі неўзабаве ўсіх вадзяных палёвак, якіх было там вельмі многа. Знішчылі ўсё, што можна было з’есці, і разбрыліся шукаць сабе здабычу па бліжэйшых вёсках. Увішныя і спрытныя звяркі пранікалі ў пошуках ежы ўсюды. Яны пабіраліся ў хаты, у хлявы, пуні і перш за ўсё ў куратнікі. Мясцовыя жыхары скардзіліся, што гэта сапраўдная навала.

Такім вось чынам раўнавага ў прыродзе была парушана.