Трыццаць пяць кветак
Я. Бяганская
Вестка пра тое, што Ганна Паўлаўна больш не будзе працаваць у нашай школе, была для нас нечаканай. Асабліва цяжка было пагадзіцца з гэтай навіной нам, вучням сёмага «Б». Амаль тры гады Ганна Паўлаўна была нашым класным кіраўніком і вясёлым завадатарам. Разам з ёю мы бегалі на каньках і лыжах, гулялі ў валейбол, хадзілі ў паходы.
I вось надышоў дзень, калі дырэктар прывёў да нас у клас сівую хударлявую жанчыну ў строгай цёмнай сукенцы і сказаў, што гэта наша новая настаўніца гісторыі і класны кіраўнік Юлія Міхайлаўна Лазоўская.
Зразумела, што нашы сімпатыі былі на баку Ганны Паўлаўны, разлуку з якой мы перажывалі вельмі балюча. Былі сярод нас і такія, якія не саромеліся крадком рабіць новай настаўніцы розныя непрыемнасці. Але Юлія Міхайлаўна, здавалася, не заўважала іх. Яна ніколі не крычала на нас, не жалілася ні бацькам, ні дырэктару.
Аднойчы да нас у клас зайшоў дырэктар школы і сказаў паглядзець вечарам тэлеперадачу, прысвечаную героям-партызанам., І
Увечары мы ўсім класам яшчэ за паўгадзіны да пачатку перадачы сядзелі ў Казіка, у якога быў самы вялікі тэлевізар, перад экранам. Калі пачалася перадача, мы ўбачылі за вялікім круглым сталом, які ўзнік на экране тэлевізара, людзей, грудзі якіх былі ўпрыгожаны баявымі ордэнамі, медалямі і зоркамі герояў. А ў самым цэнтры стала, побач з сівавалосым плячыстым палкоўнікам, сядзела наша новая настаўніца. На грудзях яе ззялі «Залатая Зорка» Героя Савецкага Саюза, ордэны Леніна, Баявога Чырвонага Сцяга і некалькі медалёў.
Калі ж дыктар паведаміў, што пра адважную партызанскую разведчыцу Юлію Міхайлаўну Лазоўскую раскажа Герой Савецкага Саюза палкоўнік Рудкоўскі, мы аслупянелі ад нечаканасці і здзіўлення.
Палкоўнік расказаў, што Юлія Міхайлаўна прыехала да іх у вёску перад самай вайной. Прыехала, каб арганізоўваць школу і вучыць людзей грамаце. Тады яна была зусім маладзенькая, крыху старэйшая за сваіх вучняў.
Аднак хутка пачалася вайна, а неўзабаве вёска была захоплена гітлераўцамі. У школе размясціўся нямецкі гарнізон. Там жа была і камендатура на чале з афіцэрам, сынам былога пана. Чырвоны сцяг, які яшчэ зусім нядаўна палымнеў над школай і радаваў вочы і сэрцы людзей, быў сарваны. Яго месца заняў варожы сцяг з чорнай злавеснай свастыкай. Для народа настаў час жудасных выпрабаванняў.
Мінула трывожная восень, следам за ёй галодная і поўная пакут зіма, і ў паднявольны, знявечаны ворагам край завітала вясна. Надыходзіў Першамай. Не маглі ўчарашнія вучні змірыцца з тым, што і ў гэты дзень над школай будзе вісець нямецкая свастыка.
I вось урачыстую цішыню першамайскай раніцы абарвалі стрэлы і злосныя воклічы гітлераўцаў. А над школай горда і весела палымнела пад сонцам вялікае чырвонае палотнішча.
Хутка сабралі людзей, і афіцэр аб’явіў, што ўсе будуць расстраляны, калі не скажуць, хто асмеліўся павесіць чырвоны сцяг. Галасілі жанчыны, плакалі дзеці.
I раптам, калі гітлераўцы ўжо гатовы былі страляць, з натоўпу выйшла маладая настаўніца і сказала, што гэта зрабіла яна.
Людзям было загадана разысціся па хатах, а збітую да паўсмерці дзяўчыну павялі ў камендатуру. I хто ведае, што зрабілі б з дзяўчынаю азвярэлыя фашысты, каб той жа ноччу партызаны не выратавалі яе.
Усю вайну Юлія Міхайлаўна была разведчыцай у партызанскім атрадзе. Пра выключную кемлівасць і мужнасць маладой разведчыцы складалі легенды.
Пасля вайны Юлія Міхайлаўна зноў вярнулася да сваёй любімай прафесіі. I вось ужо дваццаць пяць гадоў працуе настаўніцай. Заўтра ваш дзень нараджэння, Юлія Міхайлаўна. Я віншую вас і дару вам гэтыя кветкі, — сказаў на заканчэнне палкоўнік і пацалаваў руку нашай настаўніцы.
А назаўтра, як толькі празвінеў званок на ўрок гісторыі і Юлія Міхайлаўна ўвайшла ў клас, мы павіншавалі яе з днём нараджэння і падарылі ёй трыццаць пяць кветак — ад кожнага вучня па кветцы.