Беларускія тэксты

Упартае цяля

Б. Комар

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Якраз тады, як Раман узяўся каля хаты прымацоўваць да сваёй ракеты вузенькія алюмініевыя крыльцы, з акна выглянула маці і папрасіла перавязаць цяля ў халадок. Хлопчыку дужа не хацелася адрывацца ад цікавай работы. Але што зробіш — трэба. Гэта яго абавязак — наглядаць за цялём. Паскладаў старанна ў скрынку крыльцы ад ракеты і пайшоў да цяляці, якое было навязана за дваром.

Цяляці і сапраўды было горача. Яно не пасвілася, а ляжала, выцягнуўшы на траве галаву, і цяжка дыхала. А над ім гулі надакучлівыя мухі. Ім і спёка хоць бы што.

Раман расхістаў доўгі дубовы калок, выцягнуў яго з зямлі і, ухапіўшыся за вяроўку, пацягнуў на сябе. Бычок павярнуўся, здзіўлена ўтаропіў вочы ў хлопчыка. Той тузануў яго за вяроўку, намагаючыся пацягнуць у халадок пад паветку. Ды цяля і не збіралася ісці за хлопчыкам. Хіба яно ведала, што Раману зараз страшэнна некалі, што ў Рамана ёсць больш важная справа, чым бавіць час з гэтым нікчэмным цялём! Стаяла, дурное, як укапанае, з месца не зрушыць.

Тады Раман наматаў на руку вяроўку, яшчэ мацней тузануў да сябе. Але бычок унёрся і пацягнуў хлопчыка ў свой бок. Раман раззлаваўся. Што толькі ўжо ён ні рабіў: і седзячы цягнуў за вяроўку, і лежачы, і нават калок заганяў у зямлю ды спрабаваў накручваць на яго вяроўку — усё адно не змог адужаць бычка.

А сонца, як знарок, яшчэ мацней прыпякала. Раман спацеў, пот каціўся з яго градам. Яшчэ больш раззлаваўся хлопец. Мацней наматаў на левую руку вяроўку, у правую ўзяў калок і падышоў да цяляці. Не паспела яно і вокам міргнуць, як Раман з усяго размаху — шась яго калком па спіне!

—Вось табе, вось, каб ведала, як…

Далей не дагаварыў. Бычок ці то ад болю, ці з перапуду так кінуўся ад Рамана, што ледзь яму руку не адарваў. А потым пабег як шалёны, цягнучы за сабою хлопчыка.

Раман спрабаваў спыніць цяля, ды дзе там — цяпер яго ніякая сіла не магла стрымаць. Хацеў вызваліцца ад вяроўкі, якую, не падумаўшы, накруціў на руку, але таксама не змог: яна ўвесь час была напята, нібы струна.

Калі б Рамана потым спыталі, дзе яму давялося тады пабываць з цялём, ён не змог бы як след і адказаць. Памятае толькі: бег услед за ім цераз агароды, раскідваючы жоўтыя галовы сланечніку, якія бязлітасна лупілі ў грудзі, трушчыў крохкія сцябліны кукурузы, шорсткае лісце якой балюча сцябала па твары, пятляў паміж дрэвамі ў садзе, скакаў цераз канавы і агароджы. Цяпер нават сам дзіву даецца, як папераскокваў цераз іх. Зараз нізашто не змог бы.

Нагойсаўшыся ўволю, бычок нарэшце стаміўся і сам прыбег у халадок пад паветку. Бяры і прывязвай! Але пасля ўсяго, што давялося выцерпець, Раман так пакрыўдзіўся на цяля і так яму стала шкада сябе, што не стрымаўся і горка заплакаў.

Пачуўшы плач, з хаты выбегла маці:

—Ну, чаго ты? Што, з хлопцамі пабіўся?

Не перастаючы ўсхліпваць, Раман з нянавісцю зіркнуў на цяля і расказаў, як яно наздзекавалася з яго.

Кажаш, калком яго ўдарыў? — перапытала маці.

Ага, — кіўнуў Раман. — Заўпарцілася, не хацела ісці.

Маці з асуджэннем паківала галавой:

— Ды навошта ж было біць? Нарваў бы траўкі, паказаў яму, дык яно за табой не толькі ў халадок, на край свету пайшло б. Бачыш, ракеты ўмееш рабіць, а да гэтага не дадумаўся.

Яна вырвала пад плотам жменьку травы. А цяля, як убачыла ў мамінай руцэ траўку, падбегла.

Раман ужо не чакаў, пакуль маці будзе паказваць, як бы цяля пайшло за травой на край свету. Пачырванеў, панурыўся, выцер на твары слёзы і падаўся пад хату складваць ракету.