У гасцях у дзятлаў
3. Бяспалы
Восенню, зімою і ранняй вясною ў сасновых барах, у ельніках і старых алешніках, у дубровах часта можна ўбачыць адзінокіх стракатых дзятлаў, якія з ранку да вечара аглядаюць, выстукваюць, выслухоўваюць дрэвы. У гэтыя поры года дзвюх птушак разам не ўбачыш, тым болыд на адным дрэве, бо лес паміж імі падзелены, нібы зямля паміж людзьмі ў часы аднаасобніцтва. Кожны дзяцел сам аглядае свой участак, гаспадарыць на ім. Штодня дзятлы сядзяць на дрэвах: ні мароз, ні мяцеліца, ні дождж не перашкаджаюць ім здабываць нялёгкай працай свой хлеб.
I ўсе мы звыкліся з думкаю, што яны кормяцца толькі тым, што дзяўбуць сукі і сухадрэвіны, дастаючы з-пад кары і з драўніны караедаў, шашаляў. Аднак у летнюю пару бываюць у дзятлаў часіны, калі яны становяцца такімі ж лаўцамі насякомых, як і іншыя птушкі.
Затоімся за густым кустом арэшніку і паназіраем за дзятлавым дуплом на вышыні метра паўтара ад зямлі ў старой асіне з трухлявай сярэдзінай, у якім сядзяць ненаедныя крыклівыя маладыя дзятлікі.
Летні дзень сонечны і цёплы. Лёгкі ветрык гуляе ў лісці, пагойдвае галіны. Зялёны полаг дрэў пранізваюць промні, безліч сонечных зайчыкаў бегае па зямлі. 3 дупла даносяцца, заглушаючы іншыя гукі і шолахі, звонкія галасы дзятлікаў. Крычаць наперабой, бадзёра і заўзята, патрабуюць есці.
Заўважыўшы чалавека паблізу ад асіны, адразу ж прыляцелі старыя дзятлы і так раскрычаліся, што хоць вушы затыкай. На гэтыя трывожныя крыкі зляцелася шмат сініц, берасцянак і драздоў. Усім хацелася паглядзець, што тут робіцца. Але, убачыўшы чалавека за кустом арэшніку, які рос метры за два ад асіны, яны паступова разляцеліся. Засталіся толькі старыя дзятлы. Яны пераляталі з дрэва на дрэва і крычалі. А ў дупле запанавала цішыня. Ніводзін дзятлік не падаваў голасу.
3 гадзіну старыя дзятлы не маглі змірыцца, што побач з гняздом знаходзіццачалавек. Потым супакоіліся, паляцелі шукаць дзеткам корм. Неўзабаве адзін вярнуўся, зусім асмялеў. Сеў на асіну з супрацьлеглага боку, высунуў з-за ствала галаву з поўнай дзюбай насякомых.
Паназіраўшы зачалавекам, пераканаўся, што нічога не пагражае, і наблізіўся да дупла. А там была ўжо напагатове раскрыта дзюба дзятліка. Стары вельмі хутка паклаў у яе корм і паляцеў.
Старыя дзятлы па чарзе прыносілі дзецям корм. Калі садзіліся на асіну, спачатку правяралі, што робіць чалавек, і толькі тады з перасцярогаю набліжаліся да дупла, каб пакарміць малых.
За гадзіны дзве дзятлы амаль зусім асвоіліся, прывыклі. Толькі сяды-тады некаторы вагаўся, нейкі момант сачыў, ці няма якога-небудзь падвоху з боку чалавека, потым падлятаў да дупла, аддаваў корм і хутка пакідаў асіну.
Пайшла трэцяя гадзіна. Старыя дзятлы ўжо зусім не звярталі ўвагі на чалавека. Яны падляталі з кормам, садзіліся каля самага дупла, кармілі дзятлікаў і адляталі. Калі дзятлаў доўга не было, малыя, накрычаўшыся, суцішваліся і выглядвалі з дупла.
Праз некалькі дзён аднаго з бацькоў не стала. Дзе ён загінуў — засталося невядомым. Стары дзяцел, які застаўся жывым, не разгубіўся, не сядзеў склаўшы крылы.
Увесь доўгі дзень небарака не ведаў спакою, бо накарміць такую вялікую сям’ю няпроста: малым трэба прыносіць вельмі многа ежы. А дзе яе ўзяць? Пакуль будзеш дзяўбці сухастоіну, каб знайсці караеда ці шашаля, пройдзе нямала часу, а дзеці і так з голаду ад крыку надрываюцца. Таму дзяцел як усё роўна забыўся, што ў яго моцная дзюба, якою ён можа разбіваць драўніну. Ён, як і іншыя птушкі, пырхаў у кронах ялін, бяроз і асін, бегаў па галінах, лавіў розных насякомых і насіў дзецям.
Здагадлівы аказаўся дзяцел. Так ён адзін выкарміў сям’ю.