Беларускія тэксты

У тэатры

М. Стэльмах

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Тую зіму ў нашым сяле ўпершыню загаварылі пра тэатр. Што гэта было такое, ніхто толкам не ўмеў растлумачыць, і таму чуткі і пагалоскі хадзілі розныя. Адны казалі, іпто тэатр — гэта такое цікавае прытворства з пераапрананнем. Другія называлі тэатрам месца, дзе хлусяць і пускаюць людзям туман у вочы. Трэція гаварылі, што гэта штукі самога нячысціка.

Некалькі дзён у сяле толькі і размовы было, што пра тэатр. А па-сапраўднаму ж сяло загуло, калі камсамольцы на пастаноўку пачалі пазычаць у сялян услончыкі, лямпы, міскі, чаркі і нават спадніцы. Усё гэта камсамольцы называлі рэквізітам1, а нехта з кулакоў тым часам пусціў пагалоску, што пачалася рэквізіцыя2. I тая ці іншая напалоханая баба бегла адбіраць сваю спадніцу назад, не разумеючы, што гэта яе спадніца нясе паслугу вялікаму мастацтву.

Так ці інакш, сяло чакала прадстаўлення. I вось аднаго дня на сценах сельсавета і школы закрасаваліся аб’явы аб пачатку спектакля.

Назаўтра мы яшчэ ўдзень, пасля ўрокаў, забіліся пад сцэну і там, церпячы нязручнасць і голад, чакалі пастаноўкі.

Ды вось загайдалася і пачала ўзнімацца ўгору заслона. Усё ў школе анямела. Мы ўмомант вылезлі з-пад сцэны і паселі на падлозе ў нагах дарослых. Вось на сцэне загаварылі артысты, і адразу ж загаварыла зала: пачалі пазнаваць, хто іграе тую ці іншую ролю.

Гадаючы ўголас, Яўхім гэта ці не Яўхім, дзядзькі нарэшце вырашылі запытацца пра гэта ў самога артыста.

Яўхім, дык ты гэта, братка, ці не ты? — паляцела цераз усю залу над галовамі гледачоў пытанне.

I раптам той, які па ходу п’есы павінен быў сумаваць, ад такога пытання прыкусіў губу, а потым так пачаў смяяцца, што ў яго спачатку адляцелі і ўпалі на сцэну вусы, а потым і барада. Ад такога відовішча ўсе гледачы так і паехалі ад смеху і гэтак рагаталі, што адна лава не вытрывала і зламалася. Тыя, хто сядзеў на ёй, пападалі на падлогу, а тэатр зрабіўся яшчэ весялейшым. Толькі аднаму суфлёру3 не спадабалася чамусьці людская радасць. Ён выскачыў са сваёй будкі як Піліп з канапель і пачаў крычаць: «Заслона! Заслона!»

Пасля таго як заслона ўзнялася другі раз, гледачы зноў пазнавалі артыстаў і мелі ад гэтага вялікае задавальненне. А вось калі ў апошняй дзеі гаспадар пачаў забіваць жонку, усе захваляваліся, затупалі нагамі і пачалі нават пагражаць артысту. Але той не паслухаўся голасу масы і так напаследак стукнуў жонку, што яна ўпала каля стала. Зала войкнула дзявочымі галасамі, а некалькі хлапцоў кінулася на сцэну біць і вязаць забойцу. Яго выратаваў толькі суфлёр. Ён, перакуліўшы будку, выскачыў як апараны з-пад сцэны і не сваім голасам зноў закрычаў:

«Заслона! Заслона!»

Якая там заслона, калі тут людзей забіваюць! — басам грымнуў ад акна нехта з мужчын.

Тады суфлёр павярнуўся да залы і, размахваючы рукамі, як вятрак, пачаў сарамаціць людзей. I што яны за народ! Калі купляеш білет у тэатр, то павінен ведаць, што там не дазваляюць кровапраліцця. А потым ён звярнуўся да артысткі і загадаў ёй устаць. Яна ўстала, абтрасаючы пыл са спадніцы, засмяялася ад такога адзінадушнага спачування і ўвагі, і ў зале таксама ўсе пачалі смяяцца і пляскаць у далоні.

П’еса прайшла з такім поспехам, што пасля заслоны гледачы кінуліся на сцэну і пачалі, не шкадуючы рук, падкідваць угору сваіх першых артыстаў. Такога адзінства гледачоў і акцёраў чамусьці потым не бачыў я нават і ў сталічных тэатрах.