Беларускія тэксты

Федзька-капітан

Д. Ткач

Чытаць гэты тэкст лацінкай

У школе адбылася незвычайная падзея. Настаўніца Ганна Мікалаеўна збіралася ў той дзень правесці кантрольную па літаратуры, таму прыйшла ў школу раней, чым звычайна, каб зайсці ў клас і праверыць, ці чыста ён прыбраны і ці добра праветраны.

Раптам перад дзвярыма свайго класа яна спынілася. У замочнай шчыліне тырчала штосьці бліскучае, з кароткім шнурочкам, а ўнізе была прыклеена запіска: «Асцярожна! Замініравана!»

Нейкі момант настаўніца моўчкі, з пабялелым тварам стаяла нерухома. Потым пачала паціхеньку адступаць ад дзвярэй. На яе шчасце, дырэктар быў ужо на месцы.

Нейкі час Васіль Пятровіч уважліва разглядаў абы-як прывязаны матузок і, засмяяўшыся, выцягнуў гільзу са шчыліны.

Доўга высвятляць не давялося: Федзька-капітан, як звалі яго сябры, сам прызнаўся, што гэта зрабіў ён.

У кабінеце дырэктар доўга разглядаў Федзьку, яго ў сінюю палоску майку, флоцкі рэмень з меднай бляхай, на якой выбіты лкар, капітанскую шапку ў руках. Ну выліты капітан!

Што, Федзька-капітан, — сказаў дырэктар, — спалохаўся кантрольнай па літаратуры? Думаў, што наробіш шуму з мінаю — кантрольную і адменяць?

Хлопец не думаў, што дырэктар так лёгка яго раскусіць, і таму разгубіўся. Доўга гаварыў дырэктар з Федзькам, успамінаў усе яго выкрунтасы на ўроках і пасля ўрокаў, а потым загадаў папрасіць прабачэння ў Ганны Мікалаеўны перад усім класам.

Федзька спыніўся перад сваім класам. Ужо хацеў быў пастукацца, папрасіць дазволу зайсці, але яго нібы хтосьці затрымаў за руку. Ён толькі праз дзверы прыслухаўся да голасу настаўніцы, потым хуценька прайшоў міма дзяжурнага і затупацеў па школьных прыступках. Але і дадому Федзька не пайшоў.

Доўга блукаў ён па бухце, потым знайшоў зацішнае месца, днлей ад людскога вока, сеў на камень, абхапіўшы рукамі ногі і паклаўшы галаву на калені.

Ён яшчэ ніколі не адчуваў сябе так самотна. Вунь заходзяць у бухту і выходзяць караблі, снуюць катары. На кожным з іх людзі. Але што ім да Федзькі! У кожнага свая работа.

Там, у школе, засталася настаўніца Ганна Мікалаеўна. Федзька яшчэ і цяпер чуе яе голас. Засталіся сябры, якія называлі яго капітанам. I ён ганарыўся гэтым. А цяпер ніякі ён не капітан для іх, бо нашкодзіў і ўцёк. Не паслухаўся дырэктара, Васіля Пятровіча, не пайшоў у клас, не папрасіў прабачэння. Уцёк і вось сядзіць адзін, самотны, нікому не патрэбны…

I тут неспадзявана пачуўся голас:

— Чаго сядзіш тут, марак? А хіба зараз у школе канікулы? Здаецца ж, не. А чаму ты тады не ў школе?

Федзька ўздрыгнуў, узняў галаву. Перад ім стаяў сапраўдны матрос, шыракаплечы, шыракагруды, асмужаны сонцам і ветрам.

— Адпусцілі раней… — няпэўна адказаў Федзька.

Матрос весела і хітра скасавурыў на яго вочы, а потым загадаў расказваць усё, як матрос матросу.

I Федзька не стрымаўся перад гэтым прыгожым і дужым мараком і расказаў усё.

Матрос доўга маўчаў, таксама пазіраў на бухту, а потым сказаў:

— Так, кепскія твае справы, браток. Выходзіць, што школа, сябры, бацькі для цябе — нішто. А дырэктар, відаць, слаўны чалавек. Ты глядзі, і пагаварыў па-добраму з табою, параіў і папрасіць прабачэння, і бацькам пра ўсё расказаць самому. Вельмі мяккі чалавек. А я б цябе, калі быў бы тваім дырэктарам ці бацькам, у канатную скрыню на двое сутак пасадзіў бы! Эх ты, капітанскую шапку носіш, а яшчэ і да матроса не дарос. Вось што, браце, марш дадому і ўсё раскажы. А заўтра ў школу. Без школы добрым мараком не станеш. А потым ужо і пра капітанства можна падумаць. Ну, давай, трымайся правільнага курсу, бо я чалавек сур’ёзны, праверу абавязкова.

Цяпер Федзька, былы Федзька-капітан, ужо вучыцца ў марскім вучылішчы. Але ён ніколі не забывае, як яго ставілі на цвёрдыя ногі знаёмыя і незнаёмыя людзі.