Беларускія тэксты

Храптовічы

А. Бутэвіч

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Сёння, напэўна, цяжка знайсці чалавека, які не ведаў бы першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага горада Навагрудка. Але ёсць і яшчэ адна адметнасць навагрудскай зямлі, якая справядліва засведчана ў сусветнай гісторыі. Гэту славу здабылі ёй незвычайныя кніжныя зборы, што захоўваліся ў Шчорсах. У гэты радавы маёнтак Храптовічаў прыязджалі даследчыкі і пісьменнікі з усёй Еўропы, бываў тут і Адам Міцкевіч, бібліятэкарам прадаваў Ян Чачот. Бібліятэку заснаваў у першай палове XVIII стагоддзя Іахім Храптовіч — адзін з прадстаўнікоў самага старажытнага на беларускай зямлі магнацкага і графскага роду Храптовічаў. Першую адукацыю Іахім атрымаў ад бацькоў. Жыццёвай мудрасці набіраўся ад дзеда — уеебакова адукаванага чалавека і вядомага ў свой час пісьменніка Несялоўскага, пад уплывам якога пачаў пісаць вершы. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, засвойваў навукі ў Нясвіжы і Германіі, шмат падарожнічаў.

Дапытлівы розум, няўрымслівы характар, вострае адчуванне новага і ўбачанае за мяжой падштурхнулі Іахіма да змены сялянскага жыцця ў сваіх уладаннях. На еўрапейскі лад ён арганізаваў працу на зямлі, развіваў садоўніцтва, пчалярства, разводзіў у сажалках рыбу. Раней за скасаванне ў Расіі прыгоннага права «дзіўны пан» адмяніўсваімсялянам паншчыну, зрабіў іх арандатарамі. Асаблівы клопат праяўляў пра сялянскіх дзяцей. На ўласныя сродкі пабудаваў школу, у якой, акрамя агульнай навукі, вучні атрымлівалі першыя працоўныя навыкі, вучыліся гаспадарыць на зямлі па-новаму.

У мястэчку Вішнева (цяпер Валожынскі раён) Іахім заснаваў металургічны завод. Упершыню на беларускай зямлі была збудавана доменная печ. Сыравінай служыла руда з мясцовых балот, лясы давалі драўняны вугаль. Амаль сто гадоў выплаўлялі тут метал, з якога выраблялі сельскагаспадарчыя прылады, абсталяванне для млыноў, рэчы для штодзённага ўжытку. Былыя земляробы, якія сталі металургамі, дасягнулі такога майстэрства, што нават на экспарт ішла прадукцыя вішнеўскіх плавільшчыкаў.

Як усебакова здольны чалавек і таленавіты арганізатар, Іахім на працягу ўсяго жыцця надаваў асаблівую ўвагу развіццю адукацыі. I ў памяці людской ён застанецца найперш стваральнікам найбагацейшага прыватнага кнігазбору, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай «Бібліятэка Храптовічаў».

Пры ім Шчорсы сталі адным з прыцягальных цэнтраў Еўропы. Па праекце італьянскіх дойлідаў замест старога драўлянага палаца быў збудаваны багата аздоблены мураваны палацавапаркавы ансамбль. Спецыяльны будынак узвялі для бібліятэкі. Госці не хавалі здзіўлення, калі знаёміліся са старажытнымі рукапісамі, каштоўнымі геаграфічнымі картамі, унікальнымі матэрыяламі па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. Кніжныя зборы былі даступныя студэнтам, людзям простага паходжання. Нават па мерках еўрапейскіх сталіц Шчорсаўская бібліятэка магла лічыцца ўнікальнай.

Калі ў 1812 годзе Іахіма не стала, справу бацькі прадоўжыў сын Адам. Ён вучыўся ў Францыі, стаў ганаровым членам Віленскага ўніверсітэта. За свой кошт утрымліваў школы ў Нягневічах і Шчорсах.

Адам працягваў пачатыя бацькам зямельныя рэформы. Спагадліва адносіўся да сялян, адмяніў цялесныя пакаранні, зменшыў павіннасці, стварыў своеасаблівыя касы ўзаемадапамогі, загадаў зачыніць многія шынкі1. Не забываўся ён і пра бібліятэку, папаўняў яе старадрукамі.

Пазней клопат пра кніжныя зборы перайшоў да пляменніка Іахіма рускага дыпламата Міхаіла Храптовіча-Буцянёва. Бібліятэка існавала амаль два стагоддзі. У 1913 годзе яна апынулася ў Кіеўскім універсітэце, а шмат што разышлося па розных еўрапейскіх і расійскіх установах.