Цярэшкаў пясец
Л. Тандзюк
Калі шторм заціх і Ціхі акіян нарэшце стаў ціхім, капітан падняўся на мосцік.
Азірнуў далягляд і загадаў:
Лева на борт! Курс дзевяноста градусаў — на Камандоры!
Чыркнуўшы носам па ўспененай хвалі, карабель наш павольна павярнуўся і паплыў да Камандорскіх астравоў. Далей за Камандорскімі астравамі — толькі акіян ды чужы амерыканскі бераг. Яны першыя сустракаюць новы дзень і, нібы чырвоны сцяг, праз моры-акіяны перадаюць на Вялікую зямлю сонейка.
За некалькі гадзін карабель наш падышоў да вострава Берынга — аднаго з Камандорскіх астравоў. Кінулі якар за спічастымі скаламі, непадалёку ад пасёлка, у якім жывуць алеуцкія звераводы-паляўнічыя.
Нялёгка людзям на такім востраве! Нават хутканогія алені зрываюцца ў прорву з высокіх скал. Няспынныя вятры. Крутыя хвалі заліваюць бераг, дастаюць да самага пасёлка. I — куды ні глянь — усюды вада, бурлівы, гнеўны акіян.
Каля ног нашага праважатага Цярэшкі ляжаў невялічкі звярок. Лісіца не лісіца, але і да сабакі не падобны! Хлопец загадкава ўсміхнуўся.
Потым штосьці сказаў свайму чацвераногаму сябру, і той, быццам кот, спрытна ўскочыў яму на плячо. Дзіўны звярок, як каўняром, абвіў хлопцаву шыю. Прымоўк, лнерухомеў. Толькі кончык хваста паціху варушыўся, быццам нагадваў, што каўнер жывы.
На далёкай Поўначы, сярод заснежанай тундры можна іншы раз сустрэць невялічкага, крыху падобнага да лісы звера. Стаіўшыся за кустом нізкарослага кедра, ён доўга падпільноўвае здабычу — ленаватых палярных курапатак, шэракрылых гусей і нават лебедзяў, якія падчас пералёту да трапічных краін сядаюць адпачыць на тутэйшых азёрах. Або ўзяўшы след, палюе на мышэй ці руйнуе качыныя гнёзды.
Гэта пясец, футра якога людзі называюць «мяккім золатам». Яно сапраўды каштоўнае! Пушыстае, моцнае і надзвычай прыгожае — блакітнага ці снежна-белага колеру.
Бязмежная тундра парасла прыземістым хмызняком. Гэта родны дом вольналюбівага звярка. Не адзін дзень блукаюць паляўнічыя, пакуль натрапяць на след пясца. Да сябе блізка ён не падпускае, у рукі не даецца, хоць іншы раз і набліжаецца да самых паселішчаў у пошуках харчу.
Пайшоў аднойчы Цярэшка на паляванне і знайшоў мёртвую самку-пясца і чацвярых напалоханых ацалелых малых. Траіх звяркоў аддаў ён на саўгасную ферму, дзе вырошчвалі пясцоў. А найменшага, бездапаможнага малога пакінуў сабе.
Малако даваў яму, хлеб, але звярок нічога не еў! Вось тады і пайшоў хлопец па востраве шукаць у людзей кошку. Яму сказалі, што толькі яна можа выгадаваць пясца.
Адна жанчына пазычыла Цярэшку кошку. Было ў той кошкі некалькі маленькіх сляпых кацянят, але ўзялася яна гадаваць і пяспа. Мінаў час. Нахабным зрабіўся звер! Гоніць кацянят ад маці або ад сподка з малаком, быццам толькі яму трэба есці.
Кацяняты не любілі з ім гуляць. Кволыя яны, маленькія, а пясец вырас неўзабаве. Як толькі пачнуць бегаць, ён лапай балюча б’ецца — так, як калісьці і яго біла кошка.
Пясец увогуле сяму-таму навучыўся ў маці-кошкі. Вось хоць бы і такому: яна, бывала, зубамі пераносіла з кутка ў куток кацянят. Пясец таксама стаў іх насіць. Не спадабалася тое малечы, бо надта ж вострыя былі зубы ў іхняга «браточка»! А калі яны гуляюць у «малую кучу», бораюцца, хітры пясец заўжды апынаецца зверху.
Нікому яго не адужаць і не перахітрыць!
А Цярэшку звер палюбіў! Калі падрос, за хлопцам па востраве бегаць пачаў. Сабакі на яго гаўкаюць. «Што гэта за дзіва такое?» — дзівяцца. А яму хоць бы што — бяжыць сабе за Цярэшкам услед.
Прайшло лета, і зіма прайшла. Пясец стаў зусім ручны. ІДярэшка навучыў яго невялічкі партфель насіць, курапатак з хмызняку выганяць.
А ўсё-такі пясец не забывае, чыйго ён роду. Калі бяжыць паўз ферму, дзе пясцы жывуць, заўжды адклікаецца на іх голас.