Чаму звяры перасварыліся
Э. Скобелеў
Раней у лесе быў звычай: у госці хадзілі без падарункаў. Ці дзень нараджэння ў каго, ці якое свята, прыгожа апранутыя звяры прыходзілі на ўрачыстасць, і ўжо сам прыход быў падарункам. Госць віншаваў гаспадароў, спяваў песні, іграў на дудцы ці балалайцы — гэта таксама было падарункам.
Вядома, звяры дапамагалі адзін аднаму, але ніколі не прыходзілі ў госці з арэхамі, дзічкамі ці ягадамі. Не прыносілі і кветак, хоць навокал іх было мноства. Ірваць кветкі лічылася злачынствам.
Але вось Мышаня надумала праславіцца. Толькі як? Ні спяваць яно не ўмела, ні складаць вершаў. Нават чужых не ведала. А калі і віншавала каго, то чытала віншаванне, напісанае на бяросце. I гэта яго вельмі засмучала.
Таму і надумала Мышаня ўвесці новы звычай. Упершыню за ўсю лясную гісторыю прынесла ў падарунак кветкі. Прынесла Саве ў дзень яе стагоддзя. Сава была зусім сляпая і не разгледзела падарунак.
Акрамя таго, яна была зусім глухая і не пачула прывітальнай прамовы Мышаняці. Але калі малое Савяня непрыкметна штурхнула маці пад бок, тая зразумела, што трэба нешта сказаць у адказ. I Сава прабурчала: «Гэта цудоўна і міла!»
— Вы чулі, што сказала мудрая Сава, калі я падарыла ёй кветкі? — пыталася Мышаня ў кожнага сустрэчнага. — Яна сказала, што гэта вельмі цудоўны і мілы звычай.
Некаторыя звяры нагадвалі Мышаняці, што іх звычай забараняе рваць кветкі. Але дрэнны прыклад Мышаняці неўзабаве перанялі Асёл і Казёл. А ўслед за імі пачалі дарыць кветкі і іншыя звяры. Гэта нават модна стала. Кожны імкнуўся нарваць як мага больш самых яркіх кветак. Нарэшце Воўк узяў касу і скасіў усе кветкі на лузе. Напакаваў імі два мяхі і занёс у падарунак Мядзведзю, які святкаваў дзень нараджэння сваіх медзведзянят.
Мышаня, калі даведалася пра гэта, ад крыўды ледзь не заплакала.
Яно якраз збіралася ў госці да Вавёркі, а прынесці столькі кветак, як Воўк, не магло.
Тады Мышаня задумала абысці звяроў і тут: у падарунак Вавёрцы яно прынесла сушаны грыб.
Усе звяры спачатку абураліся, што насіць у падарунак ежу супярэчыць лясным звычаям. Але Мышаня адказвала, што будзе новы звычай. Яно ўвяло звычай дарыць кветкі, а цяпер навучыць усіх дарыць на святы і розныя рэчы.
Вавёрка адмовілася прыняць падарунак Мышаняці. Тым не менш пасля гэтага звяры пачалі прыносіць адзін аднаму ў падарунак розныя прысмакі.
I пачаліся сваркі і абгаворы.
—Махляр! — крычаў Асёл на Казла. — Трэба мець сумленне! Летась я прынёс табе на дзень нараджэння восем арэхаў, а ты мне толькі пяць. Дзе астатнія тры?
I, схапіўшы Казла за бараду, добра паддаў яму лбом. Казёл пусціў у ход рогі. Так счапіліся, што ў абодвух іскры пасыпаліся з вачэй.
А Воўк дык зусім стаў нахабны. Кожны дзень гасцей склікае, а кожнага, хто прыходзіць без падарунка, б’е.
Разлад пайшоў у лесе. Усе перасварыліся і цяпер адзін аднаго не клічуць у госці. Сядзяць па сваіх норах, гнёздах, дуплах, бярлогах і носа не выткнуць. Сумнае жыццё настала, нецікавае. Ніхто слова добрага не скажа пра свайго суседа.