Чатырохногі сябар
Я. Зазека
Для сяржанта Міхаіла Кардымона, інструктара службовых сабак, які сваю службу на пагранічнай заставе праходзіў разам з Громам, вайна пачалася ў дзве гадзіны ночы дваццаць другога чэрвеня 1941 года.
Міхаіл з Громам ішлі вузкаю сцежкаю ўздоўж ракі, спяшаліся прыняць пад ахову ўчастак у забалочаным лесе. Мінула гадзіна ночы. Раптам Гром насцярожыўся. Хутка ў змроку паказаліся постаці.
Парушальнікі ішлі асцярожна, хаваючыся за ствалы дрэў. Крок — і спыніліся. Яшчэ крок — і зноў спыніліся, трымаючы напагатове аўтаматы. Ворагі прайшлі зусім побач. Гром дрыжаў ад хвалявання. Яму хацелася рынуцца на няпрошаных гасцей, ірваць на кавалкі. Але каманды «фас!» не было, і ён ляжаў і чакаў.
Міхаіл вырашыў не затрымліваць парушальнікаў у лесе, а пачакаць, калі яны выйдуць на прагаліну. Нарэшце ён даў каманду Грому. Адзін за другім прагрымелі стрэлы. Па лесе пакацілася раскацістае рэха.
Сабака кінуўся на парушальнікаў. Чуліся гырканне, валтузня, крыкі.
Вораг адкрыў агонь з аўтаматаў. Востры, пякучы боль пранізаў Міхаілу бядро. Пад нагамі захісталася зямля. Міхаіл упаў і адразу ж папоўз у кусты. Левая нага бездапаможна цягнулася па зямлі. 3 кожнай хвілінай аўтаматная траскатня нарастала. Чырвоныя кругі паплылі перад вачыма Міхаіла. Потым усё сціхла. Ён страціў прытомнасць.
Міхаіла падабраў ляснік і выхадзіў, а Гром недзе знік. Па словах лесніка выходзіла, што Грома злавілі і адправілі ў Брэст, і цяпер той недзе фашыстам служыць.
Сяржант Міхаіл Кардымон хутка ішоў на папраўку. Вечарамі ў леснічоўцы пачалі збірацца падполынчыкі, партызаны; На адным з такіх збораў было вырашана ўзарваць фашысцкую нафтабазу.
Партызаны доўга абмяркоўвалі варыянты дыверсіі. Пранікнуць на базу было цяжка. Яе абгарадзілі калючым дротам, днём і ноччу ахоўвалі эсэсаўцы з сабакамі. Кожны дзень немцы падвозілі гаручае з Брэста. Адлегласць ад станцыі да базы — пятнаццаць-шаснаццаць кіламетраў. Перад самай базай дарога крута падымалася ўгору і адразу ж спускалася ўніз. Пад гарою раслі густыя кусты.
Партызаны вырашылі затрымаць апошнюю аўтацыстэрну і падмяніць шафёра. Дзмітрый Калеснікаў, які някепска валодаў нямецкай мовай, пераапрануты ў адзенне шафёра, сядзе за руль.
Праз тыдзень выйшлі на заданне. Замаскіраваліся ў кустах. Дарога была відаць як на далоні. На світанні паказалася калона аўтамашын. Усё атрымалася дакладна па разліку. Мінула колькі хвілін, і апошнюю машыну з гаручым павёў Калеснікаў.
А неўзабаве на нафтабазе грымнуў выбух. У неба шугануў чырвоны слуп агню. Хутка ўся база была ахоплена полымем. Пажар мацнеў і мацнеў.
Мінула паўгадзіны, а Дзмітрый Калеснікаў усё не вяртаўся. Відаць, здарылася тое трагічнае, чаго можна было чакаць. Партызаны моўчкі падаліся ў лес.
Фашысты ўзнялі трывогу. Брэсцкая жандармерыя і атрад эсэсаўцаў былі кінуты на пошукі партызан. Гітлераўцы перакрылі ўсе дарогі, кожная машына спынялася і правяралася. Абапал дарогі, якая вяла да базы, прачэсваліся кусты. Немцы хутка знайшлі свайго шафёра. Да таго месца пад’ехала некалькі машын. 3 іх пачалі выскокваць гітлераўцы, адзін з якіх быў з аўчаркай. Ён падвёў сабаку да слядоў і загадаў шукаць.
Міхаіл, які хацеў дачакацца Калеснікава, адстаў ад таварышаў. Ён паспеў адысці ад нафтабазы не больш за кіламетр, як пачуў за сабой цяжкі тупат і трэск ламачча.
Доўгая аўтаматная чарга секанула па дрэвах. Далей усё адбылося з імгненнай хуткасцю. Гітлеравец спусціў сабаку з павадка. Той хутка дагнаў Міхаіла, моцна схапіў зубамі за правую руку. Міхаіл перахапіў пісталет левай рукой, павярнуўся, хацеў стрэліць у сабаку і… пазнаў свайго чатырохногага сябра.
—Гром! — вырвалася ў Міхаіла.
Аўчарку нібы токам ударыла. Яна адпусціла Міхаіла, запоўзала па зямлі каля ног, вінавата заскуголіла.
У тую ж секунду Міхаіл шпурнуў гранату. За кустамі пачуўся енк.
Фашыст захістаўся і ўпаў. Дзе паўзком, дзе перабежкамі ад дрэва да дрэва, адстрэльваючыся, Міхаіл разам з Громам адыходзіў у стары густы лес. Неўзабаве яны былі сярод сваіх.