Беларускія тэксты

Чырвоны касцёл

Л. Рублеўская

Чытаць гэты тэкст лацінкай

На плошчы Незалежнасці, сярод гарадскога шуму і сучасных шэрабетонных будынкаў, ён стаіць, нібы старадаўні рыцар у чырвоных даспехах. Чырвоны касцёл, або касцёл Святых Сымона і Алены, з’яўляецца візітнай карткай Мінска. Сучасны Мінск немагчыма сёння ўявіць без гэтага будынка. А між тым касцёл мог знікнуць: яго хацелі знесці, каб не псаваў сваім выглядам галоўную плошчу рэспублікі, і пабудаваць на тым месцы вялікі кінатэатр. Або хаця б перарабіць яго так, каб будынак не быў падобны да касцёла. На шчасце, разумныя людзі заступіліся — і горад захаваў яшчэ адну прыгожую легенду.

У сям’і Вайніловічаў, багатых мінскіх арыстакратаў, раслі двое цудоўных дзяцей — Сымон і Алена. Нечакана дзеці адно за адным захварэлі, а ў пачатку дваццатага стагоддзя не было яшчэ лекаў ад многіх хвароб. Першым памёр чатырнаццацігадовы Сымон, а праз нейкі час захварэла і Алена — разумніца, таленавітая мастачка, гонар бацькоў. Расказваюць, што аднойчы ў сне да Алены прыходзіла Маці Божая. Яна сказала, што не можа даць ёй здароўя, але дапаможа яе бацькам перажыць гора. Патрэбна, каб яны ўсё сваё багацце аддалі на пабудову касцёла з чырвонай цэглы, з чырвонымі сценамі і чырвоным дахам, бо чырвоны колер — колер радасці. Гэты касцёл будзе для бацькоў радасцю і суцяшэннем, бо там, у касцёле, яны будуць адчуваць прысутнасць сваіх дзяцей. I перад вачыма Алены ў паветры ўзнік абрыс будынка з чырвонай цэглы. Назаўтра Алена намалявала ўбачаны ў сне святы храм і памерла, так і не дажыўшы да свайго дзевятнаццацігоддзя.

Эдвард Вайніловіч і яго жонка Алімпія ў памяць аб сваіх памерлых дзецях пабудавалі Чырвоны касцёл. Ён атрымаўся менавіта такім, якім убачыўся Алене ў сне, бо Вайніловіч паставіў умову: ніхто не можа змяніць яго праект. Хутка паўставалі муры з незвычайнай чырвонай цэглы. I вось у лістападзе 1910 года ўвесь горад сабраўся на асвячэнне новага храма. Назвалі яго ў гонар Сымона і Алены. Гмах касцёла стаў адной з найцікавейшых пабудоў дваццатага стагоддзя ў Мінску.

Як і многія іншыя святыні Беларусі, перажыў касцёл Сымона і Алены цяжкія часы пры новай уладзе. У 1932 годзе яго зачынілі. Пэўны час карыстаўся будынкам Дзяржаўны польскі тэатр БССР, потым у ім была кінастудыя. А з пачатку сямідзясятых гадоў у будынку касцёла знаходзіўся Дом кіно.

У 1990 годзе Чырвоны касцёл зноў стаў храмам, і ў ім зноў загучала малітва. У многім аднавіўся інтэр’ер касцёла. Перад будынкам з’явілася бронзавая скульптура архангела Міхаіла, які забівае пачварнага змея. А зусім нядаўна ў памяць аб чарнобыльскай трагедыі з японскага горада, які таксама перажыў атамную катастрофу, у Беларусь быў прывезены помнік, які ўстанавілі перад Чырвоным касцёлам. Звон у чорнай арцы нагадвае: чалавецтва не павінна забывацца пра трагедыі, якія спарадзіла сваёй неразумнасцю і жорсткасцю.

Пра Чырвоны касцёл складзена шмат вершаў і песень. У яго сутарэннях знаходзяцца вялікая польская бібліятэка імя Адама Міцкевіча, тэатральная зала, дзе паказвае свае спектаклі Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зьніч», адбываюцца канцэрты духоўнай музыкі.