Беларускія тэксты

Шукаю гаспадара

Э. Луканскі

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Пятнаццаць гадоў назад я адпачываў у Абхазіі, у пасёлку, што раскінуўся ўздоўж Чорнага мора больш як на дзесяць кіламетраў па адзін і другі бок вусця горнай ракі. Месца было цудоўнае. Чыстае мора з пясчанымі пляжамі, сцюдзёныя крыніцы з крыштальнай вадой, шчодрае сонца і жыватворнае паветра.

Вяртаўся я з пляжа звычайна праз чыгуначны вакзал. Акуратны белы будынак з высокімі вокнамі быў бачны з невялікага марскога прычала, дзе часам прышвартоўваліся прагулачныя караблікі. Чатыры разгалістыя пальмы каля будынка, чырвоныя і белыя ружы ўпрыгожвалі яго. Здалёк ён здаваўся казачным палацам.

Вялікая пляцоўка, якая межавала з платформай, была выкладзена каляровай пліткай. Там, у цяньку пальмаў, стаялі чатыры зручныя лаўкі. Менавіта на гэтым месцы я заўсёды прыпыняўся і глядзеў на мора, што зіхацела ў промнях сонца на захадзе. Пад вечар сонца высцілала сцяжынку ад далёкага берага, паступова перафарбоўвала яе з жоўтага ў аранжавы колер, потым у цёмна-чырвоны.

Здзіўляла мяне тое, што ў гэтым месцы заўсёды было шмат бяздомных сабак.

Неяк я прыйшоў сюды раней звычайнага, разгарнуў кніжку і пачаў чытаць. Праз некаторы час адчуў нечы позірк. Падняўшы галаву, убачыў перад сабой невялікага сабаку, які ўважліва глядзеў на мяне. Цёмна-жоўтая поўсць упрыгожвала галаву і спіну. Грудзі і жывот былі светлыя. Кончыкі кароткіх вушэй звісалі ўніз, але не парушалі гармоніі. Ён глядзеў на мяне, і позірк яго быў незвычайны, напружаны.

—Якія ў яго разумныя вочы! — выгукнула жанчына, якая сядзела побач. — I колер вачэй блакітны.

Я паклікаў сабаку. Ён зрабіў у мой бок адзін крок, спыніўся і зноў сеў.

Я працягнуў яму пячэнне.

Вочы сабакі напоўніліся нейкай унутранай радасцю. Ён падняўся, пераступіў з лапы на лапу, зірнуў на мяне і кінуўся ў кусты. Літаральна праз хвіліну сабака вярнуўся. У зубах яго быў кукурузны пачатак.

Беражліва паклаў яго перада мной і весела зірнуў мне ў вочы. Трохі пачакаўшы, ён зноў пабег у кусты і прынёс вялікую абгрызеную костку. I таксама паклаў яе каля маіх ног. Я зірнуў на жанчыну. Яна прыціснула далоні да шчок і са здзіўленнем круціла галавой.

—Можа, падзелім падарункі? — з усмешкай запытаў я.

Сабака зірнуў на маю суседку, потым на мяне. Вочы зноў заззялі дабрынёй, і ён зноў пабег у кусты. На гэты раз ён прыцягнуў вялікі кавалак рагожы.

—Зноў ты мне нацягаў смецця! — зашумела на сабаку прыбіральшчыца. — Усё сабе гаспадара шукаеш? Неразумны! Ды тут амаль у кожнага сабака ёсць. Хто ж цябе возьме? Столькі клопату!

Жанчына хутка склала ўвесь сабачы скарб на рагожу і аднесла ў кусты. Сабака пакорліва пайшоў за ёй. Потым азірнуўся і паглядзеў на мяне. Дакору ў яго вачах не было. Быў толькі маўклівы і кранальны смутак.

Шмат часу прайшло з той пары, але я і зараз успамінаю гэты позірк. I не магу забыць, бо часта бачу яго ў вачах кінутых сабак на прыпынках транспарту, каля прадуктовых магазінаў і смеццевых скрынак.