Энцыклапедычныя і лінгвістычныя слоўнікі
Л. Злобін et alia
Раздзел мовазнаўства, які вывучае тэорыю і прынцыпы практычнага складання слоўнікаў, носіць назву лексікаграфія. У лексікаграфіі выдзяляюць дзве групы слоўнікаў — энцыклапедычныя і лінгвістычныя. Энцыклапедычныя слоўнікі падаюць кароткія звесткі па ўсіх ці асобных галінах навукі і тэхнікі, літаратуры, мовы, мастацтва. Гэта даведачныя выданні, у якіх тлумачацца не словы, а самі паняцці, прадметы, з’явы. Энцыклапедычныя слоўнікі расказваюць аб гістарычных асобах, выдатных дзеячах навукі, культуры, падаюць іх біяграфіі, звесткі з грамадска-палітычнага жыцця, геаграфічныя, эканамічныя даведкі пра краіны свету. 3 гэтай прычыны назва слоўнікавага артыкула ў энцыклапедычных слоўніках — гэта назоўнік ці спалучэнне прыметніка з назоўнікам: батлейка; балада; Барысавы камяні. У залежнасці ад аб’ёму энцыклапедыі падзяляюцца на вялікія (напрыклад, «Беларуская Энцыклапедыя» ўвасямнаццаці тамах) і малыя, або кароткія (напрыклад, «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» ў пяці тамах). Могуць быць адна-, двух-, трохтомныя выданні, якія звычайна называюцца энцыклапедычнымі даведнікамі.
Энцыклапедычныя слоўнікі бываюць універсальныя (агульныя) і галіновыя. Да першых належаць слоўнікі, якія даюць сістэматызаваныя звесткі з розных галін ведаў і практычнай дзейнасці людзей (пра чалавецтва, суствет, гісторыю краін, раслінны і жывёльны свет, рэкі, азёры, гарады і іншае). Да другіх адносяцца даведнікі па адной якой-небудзь галіне.
Лінгвістычныя слоўнікі тлумачаць значэнні слоў і фразеалагізмаў, вызначаюць іх ужыванне, напісанне, вымаўленне, паходжанне, утварэнне, даюць граматычную і стылістычную характарыстыкі. Яны бываюць адна-, двухі шматмоўныя. У залежнасці ад таго, якія словы ўключаюцца ў слоўнік і як яны тлумачацца, аднамоўныя слоўнікі падзяляюцца на тлумачальныя, арфаграфічныя, фразеалагічныя, арфаэпічныя, дыялектныя, тэрміналагічныя, этымалагічныя і іншыя.
Двухмоўныя і шматмоўныя — гэта перакладныя слоўнікі, у якіх словамі роднай мовы тлумачацца словы чужой мовы і наадварот (англа-беларускі, украінска-беларускі, польска-беларускі, беларуска-ўкраінска-польскі і іншыя). Двухмоўнымі даведнікамі з’яўляюцца «Руска-беларускі слоўнік» і «Беларуска-рускі слоўнік», кожны з іх ахоплівае больш за сто тысяч слоў.
У тлумачальных слоўніках раскрываюцца значэнні слоў, даецца іх граматычная і стылістычная характарыстыка, адлюстравана мнагазначнасць і аманімія, прыводзяцца фразеалагізмы са словам, якому прысвечаны слоўнікавы артыкул. Самы поўны тлумачальны слоўнік на сённяшні дзень — «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў пяці тамах.
Школьны варыянт акадэмічнага слоўніка — «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы для сярэдняй школы». Ён уключае больш за сем тысяч слоў, фразеалагізмаў, якія сустракаюцца ў мастацкіх творах, што вывучаюцца ў школе, і ў падручніках. У канцы слоўніка сабраны словы і звароты ветлівасці. Будова слоўнікавага артыкула наступная: даецца загаловачнае слова з абазначэннем націску, потым ідуць граматычныя формы. Значэнне слова раскрываецца апісаннем ці падборам сінонімаў.
Арфаграфічныя слоўнікі вызначаюць правільнае напісанне слоў, садзейнічаюць замацаванню ў пісьмовай практыцы нормаў беларускага правапісу. «Арфаграфічны слоўнік» для сярэдняй школы мае сваю спецыфічную структуру. У слоўнік уключана шырокаўжывальная лексіка сучаснай беларускай мовы, а таксама геаграфічныя назвы, уласныя асабовыя імёны. Кожнае простае слова падаецца з націскам, складанае — з асноўным і дадатковым націскамі: добразычлівы, рознакаляровы. Дваякае напісанне падаецца тады, калі ў пісьмовай практыцы бытуюць два арфаграфічныя варыянты.
Часам слоўнікі называюць кнігамі, у якіх сабраны сусвет. 3 гэтым можна пагадзіцца. Чалавечая памяць абмежавана ў сваіх магчымасцях. Чалавек не можа запомніць усёй складанай інфармацыі, якая назапашваецца з гадамі. I тут на дапамогу нашай памяці прыходзяць розныя слоўнікі, даведнікі. Яны на працягу стагоддзяў захоўваюць звесткі, даты, лічбы, словы. Пры неабходнасці мы звяртаемся да слоўнікаў, і яны заўсёды дапамагаюць сваім дапытлівым чытачам.