Беларускія тэксты

Як Валерка на Месяц ляцеў

П. Высікан

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Недалёка ад лесу, у новай хацінцы на зялёным узгорку, жылі два брацікі — Юрка і Валерка. Юрка вучыўся ў пятым класе, а Валерка яшчэ зусім не хадзіў у школу. Ён цэлымі днямі бегаў па вуліцы, пускаў на ваду маленькія караблікі або гуляў з мячыкам на двары.

Часам Валерка выбягаў далёка за вароты сустракаць Юрку, які ішоў са школы. Аднаго разу ён спаткаў яго з сябрамі. Юрка гучна расказваў пра нейкую ракету. Ён увесь час паказваў пальцам на маленечкі бледны маладзічок, які ўжо з’явіўся на небе.

Усе прыселі на зялёнай траўцы каля варот і доўга слухалі, што прачытаў нядаўна Юрка ў часопісе пра палёт на Месяц. Ён расказаў, што ў міжпланетнай прасторы лятае безліч метэарытаў і што ёсць такія касмічныя прамяні, якія небяспечныя для жыцця.

Валерка слухаў іх размову і думаў сам сабе: «А калі нацягнуць мяшок на галаву? Можа б, яны не прайшлі, тыя прамяні?»

А Юрка расказваў, як яны зробяць добрую мадэль ракеты даўжынёю адзін метр і потым занясуць яе ў авіямадэльны гурток.

На другі дзень, у нядзелю, як толькі чырвонае сонейка выглянула з-за высокіх гор і птушкі зашчабяталі на кусце бэзу, Валерка прачнуўся і адразу ж выбег на двор. Каля паветкі ён убачыў Юрку і яго сяброў.

Славік рэзаў фанеру, другія прыбівалі яе да тоненькіх планак, а Юрка алоўкам штосьці размячаў на вялікім лісце. Побач з ім сядзеў яшчэ адзін вастраносы хлапчук і старанна выстругваў ножыкам-складанчыкам нейкую дошчачку.

Праз нейкі час ракета была ўжо гатова. Яна здавалася Валерку падобнай да вялікага агурка з маленькімі крыльцамі ззаду. Ракету пафарбавалі ў блакітны колер і паставілі на пляцоўку, якую загадзя збудавалі на высокіх слупах.

Сябры корпаліся каля сваёй ракеты, не звяртаючы на малога ніякай увагі.

«Добра, будуйце, — падумаў сам сабе Валерка, — вы збудуеце, а я палячу на Месяц».

Хлопцы вырашылі зрабіць у ракеце розныя прылады, каб яна была падобна да сапраўднай. Спачатку Юрка прыбіў невялічкі шчыток, да яго прымацаваў нейкія прабіркі, штосьці круглае, падобнае да манометра, з чырвонай стрэлкай, а ў самым цэнтры — вялікая кнопка. На кнопку, як сказаў Юрка, трэба націснуць, каб запусціць ракету.

Раніцай Юрка пайшоў у школу, а Валерка застаўся адзін. Ён вырашыў, пакуль мама і Юрка вернуцца дадому, махнуць аж на Месяц.

Валерка паглядзеў на неба і задумаўся. Каб не замерзнуць там, апрануў мамін кажух і невялікі мяшок нацягнуў на галаву — ад шкодных прамянёў. Узабраўся на пляцоўку, яшчэ раз зірнуў на неба праз дзірачку і падумаў, што калі на Месяц заляціць, а назад не вернецца, то пападзе яму тады ад мамы за кажух.

Ён нейкую хвіліну вагаўся, потым махнуў рукой і ўжо хацеў садзіцца ў кабіну, як раптам адна дошка на пляцоўцы трэснула. Валерка разам з ракетаю кудысьці паляцеў.

«Няўжо гэта я ўжо на Месяцы?» — падумаў Валерка, не скідаючы мяшка з галавы. Але зазірнуў у дзірачку і ўбачыў, што сядзіць на зямлі, а побач валяецца ракета. Уся янв сплюшчылася пад цяжкай дошкай.

— Ох і дасць мне цяпер Юрка! — усклікнуў ён і скінуў мяшок.

Амаль цэлую гадзіну Валерка з падрапаным тварам завіхаўся каля разбітай ракеты, хацеў адрамантаваць яе, але скончылася тым, што паламаў зусім.

А калі ўбачыў, што ўсё прапала, асцярожна сабраў блакітныя абломкі фанеры, занёс іх у паветку і прыкрыў саломай, а потым венікам падмёў каля пляцоўкі, каб і следу не засталося.

Якраз у гэты час у школе скончыліся ўрокі. Юрка сабраў сваіх сяброў і ўсіх членаў авіягуртка, каб паказаць ім ракету. Але не паспелі яны падысці да варот, як насустрач з двара выбег заплаканы Валерка. Яго чорныя вачаняты хітра забегалі.

— Я не ведаў. Я націснуў кнопку на шчытку. А ракета ваша як загудзе і паляцела на Месяц. Вы не злуйцеся, можа, яна яшчэ вернецца.