Беларускія тэксты

Як жылі першабытныя людзі

С. Тарасаў

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Самыя старажытныя паселішчы нашых продкаў знойдзены ўсяго ў двух месцах: у Афрыцы і ў Якуціі, дзе жыццё існавала ўжо некалькі мільёнаў гадоў назад. Адсюль першабытныя людзі і пачалі рассяляцца па ўсім свеце. Каля трыццаці-сарака тысяч гадоў назад з’явіліся яны і на тэрыторыі Беларусі. 3 таго часу чалавек ніколі не пакідаў гэты край.

Як жылі першабытныя людзі? Іхняе існаванне залежала ад многіх абставін. Яны не ўмелі апрацоўваць зямлю, не мелі сваёй жывёлы. Нават вогнішча часцей за ўсё было выпадковым падарункам, успыхвала ад маланкі. Але ні захоўваць яго, ні падтрымліваць доўга людзі не маглі. Жылі толькі з палявання, збіралі ядомыя расліны.

На адным месцы нашы продкі таксама не затрымліваліся. Ішлі ўслед за статкам, калі трэба было, забівалі жывёлу і елі. Відаць, таму і не мелі сталага месцапражывання, бо без ежы не пражывеш. Прыстанішчы рабілі дзе давядзецца: у тундры, у лесе, а калі пашанцуе — у пячоры.

Мінулі тысячагоддзі. Чалавек шмат чаго засвоіў, набыў вопыт. 3 вострага каменя навучыўся рабіць прылады працы. Ды не проста рабіў, а надаваў ім патрэбныя формы: тонкімі калоў, круглымі рэзаў, пляскатымі скроб і цяслярыў. У спалучэнні з драўляным кіем ці косткаю камень станавіўся ўжо сякерай ці дзідай. Апрача таго, чалавек навучыўся здабываць і ахоўваць агонь.

3 новымі прыладамі працы ды з вогнішчам першабытныя людзі сталі менш залежаць ад прыроды. Яны збіраліся ў гурты і палявалі на вялікіх жывёл: маманта, насарога, аленя. Часам цэлыя статкі заганялі ў расколіны скал ці спецыяльна змайстраваныя пасткі. Дзякуючы гэтаму мелі мяса, цёплыя шкуры для адзення і жытла. Сумеснае жыццё, паляванне аб’ядноўвалі людзей. Яны пачалі жыць не першабытным статкам, а першабытнай людской абшчынай. Галоўнае месца ў такой абшчыне надавалася жанчыне-маці, якая даглядала дзяцей і вогнішча. Пазней гэта роля перайшла да бацькі, здабытчыка ежы.

3 часам людзі навучыліся рабіць больш-менш трывалае жытло — паўзямлянкі. Над імі дабудоўваўся шацёр з дрэва або з костак буйных жывёл, якія зверху пакрываліся шкурамі. А пазней чалавек пачаў займацца земляробствам, жывёлагадоўляй. Ніхто дакладна не ведае, як гэта атрымалася. Хутчэй за ўсё адбылося гэта выпадкова. Магчыма, чалавек заўважыў, як аднойчы прараслі выкінутыя ім зярняткі, і вырашыў зрабіць гэтак яшчэ раз. Толькі зярнятак кінуў больш. Тое самае і з жывёлай. Раней забівалася ўсё, што бегала і хадзіла ў лесе, у полі. Але магло здарыцца, што ў той час, калі мяса хапала, у пастку трапіла жывёла. Яе рашылі не забіваць, а прывесці ў паселішча. Мо гэта якраз і была тая першая карова, якую прыручылі, навучыліся даіць. Калі ж наступалі галодныя часы, мяса было пад бокам. Авалодаў чалавек і іншымі прамудрасцямі: навучыўся ляпіць гаршкі, лавіць рыбу, вэндзіць мяса.

У тыя далёкія часы з’явілася і першае мастацтва. На скалах і пячорах людзі малявалі сцэны са свайго жыцця, выразалі з косці выявы звяроў і птушак, а часам і чалавека. Праз малюнкі, каменныя і касцяныя фігуркі людзі шукалі пагадненне з непадуладнымі сіламі прыроды, пакланяліся ім, прасілі дапамогі і заступніцтва.

Вось так на працягу тысячагоддзяў жыў першабытны чалавек.

Перамагаючы холад і голад, нястачу і небяспеку, ён праявіў незвычайнае вынаходніцтва ў барацьбе за сваё існаванне. Многае з таго, чым мы карыстаемся, прыдумана нашымі продкамі: вопратка і дах над галавою, посуд і рыбацкае начынне, плуг і барана, печ і жорны…

Сёння мы здзіўляемся палётам касмічных ракет, але каб не было таго далёкага продка, які вынайшаў звычайнае кола, не ляталі б у космас і ракеты.