Як зорка бярозкаю стала
А. Зэкаў
Гэта здарылася так даўно, што ўжо ніхто не памятае калі. Лясы тады былі цёмныя, непраходныя. Ды і хто ў іх хадзіў, калі і людзей на зямлі не было? Толькі звяры бегалі ды палявалі адзін на аднаго, а яшчэ птушкі лёталі, гады розныя поўзалі, жучкі ў траве варушыліся.
Днём, праўда, зазірала сонца, аднак і яго промні не прабіваліся праз густы шацёр дрэў, ды ноччу зоркі падміргвалі зялёным лясным волатам.
I вось адна з іх вырашыла спусціцца ўніз, каб паглядзець, што ж робіцца там, за цёмным шатром векавых галін. «I не думай, — адгаворвалі сяброўкі. — Прападзеш назаўсёды».
Аднак упартая зорка настойвала на сваім. I аднойчы адважылася нарэшце-такі, хоць і страшна было, бо ведала ж: усё, што напаткае ў халодным дрымучым лесе, будзе зусім незнаёмае для яе. Дзіва з дзівосаў, але дрэвы не сустрэлі зорку насцярожана, наадварот, ласкава падставілі свае галіны, каб тая мякка саслізнула ўніз. I звяры не накінуліся на нябесную госцю раз’ятрана, і птушкі не залапаталі грозна крыламі, і гады не напалі, каб укусіць, і жучкі ды павучкі розныя не пакрыўдзілі ні разу. Здалося нават зорцы, нібы ўсе лясныя жыхары — разам і паасобку — нават узрадаваліся, што зорка да іх у госці завітала. Цэлую ноч вадзілі яны яе па лесе, наперабой усё расказвалі ды паказвалі. Не заўважылі, як і на досвітак пачало брацца. А значыць, настаў час зорцы да сябе, на неба, падавацца.
Засмуціліся лясныя жыхары, шкада ім стала з зоркай развітвацца.
Пачалі яны ўпрошваць зорку, каб назаўжды ў лесе заставалася. Маўляў, што там, на далёкім халодным небе, калі прыгажосць такая на зямлі і ад святла зоркі навокал пасвятлела.
— Але ж маё святло толькі ўночы, — засмучана сказала зорка.
—Нічога, ты будзеш свяціць нам не толькі ўночы, а і днём, — супакоілі зорку лясныя жыхары, сказаўшы, што могуць ператварыць яе ў прыгожае беластволае дрэўца, ад якога ў іх змрочным лесе будзе светла ноччу і днём. Калі зорка, зразумела, пагодзіцца застацца тут, на зямлі.
Узрадавалася зорка такой прапанове, аж запляскала ў ладкі, бо вельмі ж спадабалася ёй сярод лясных жыхароў. Стала толькі сумна, што не будзе ў яе такіх сябровак, як там, на небе. Але лясныя жыхары не разгубіліся і паабяцалі, што будуць у зоркі і тут, у лесе, сябры ўсюды, куды яна толькі ні скіруе свой позірк.
I засталася зорка на зямлі, ператварылася яна ў прыгожую беластволую бярозку — менавіта так назвалі тое стройнае дрэўца. А чаму так, а не іначай, то ніхто і не ведае. Пэўна, гэта было першае слова, якое згадалася тады некаму з лясных жыхароў.
У лесе і сапраўды рэдка ўбачыш, каб бярозка стаяла адна сярод дрэў. Яе заўсёды абступаюць такія ж, як і яна сама, беластволыя сяброўкі. Цэлыя бярозавыя гаі, бывае, распасціраюцца сярод лесу. А то і на луг ці ў поле выбегуць. Асабліва калі яго гаспадар на год ці два незасеяным пакіне.
Затое як светла стала ў некалі цёмным і змрочным лесе ад беластволых бяроз! Невыпадкова ж яны род свой вядуць ад той зіхатлівай зоркі, што апусцілася на зямлю з неба многа гадоў таму назад…