Як сказаць «не»?
В. Голуб
Часам лягчэй сабе язык адкусіць, чым вымавіць страшнае слова «не», асабліва калі чалавек падабаецца. Здавалася б, няма нічога больш натуральнага, чым адмаўляць у просьбах, якім мы не жадаем ці не можам пайсці насустрач. Гэта эканоміць наш час і нервы. Між тым некаторыя не ўмеюць сказаць «не».
Чаму так адбываецца? Першая прычына — так выхавалі. Некаторыя прытрымліваюцца прынцыпу «зарабі пацалунак»: прынясі тапачкі — атрымаеш падзяку. У выніку выпрацоўваецца своеасаблівы рэфлекс сабакі Паўлава. Такія людзі прывучаюцца кідацца на дапамогу па першай просьбе ў спадзяванні на нейкую ўзнагароду ў далёкім будучым. Такая пазіцыя не зусім правільная.
Яшчэ адна прычына, па якой нам цяжка сказаць «не», — гэта засяроджанасць на перажываннях іншых. Нам часам здаецца, што менавіта мы павінны абараняць усіх. Калі мы некага шкадуем, то падсвядома лічым, што самі таксама варты спачування.
I наступнае меркаванне: калі зараз вы адкажаце адмовай, то людзі вырашаць, што вы бессардэчны чалавек. А ў гэта нам не хочацца верыць. У выніку іншыя выкарыстоўваюць нас для сваёй карысці, не адчуваючы ніякіх перажыванняў сумлення. Вы лічыце сябе ахвярай уласнай дабрыні, уласнага мяккага характару, аднак свядома не хочаце ісці на канфлікт. Трэба падумаць, ці заўсёды пагражае небяспека, калі мы вымаўляем «не».
Калі вам цяжка гаварыць «не», вы прывыклі на любую выпадковую просьбу адказваць згодай, то трэба навучыцца браць паўзу. Не спяшайцеся адразу ківаць галавой і гаварыць «так». Не здзіўляйцеся рэакцыі з боку тых, хто просіць. Яны самі нясуць адказнасць за сваё чаканне і спадзяванне.
Як жа сказаць «не» і пры гэтым не прычыніць нікому болю? Як адмовіцца ад таго, што прыносіць як мінімум непрыемныя ўражанні?
Па-першае, так і кажыце — «не»! Калі нехта просіць вас зрабіць тое, чаго вам рабіць не хочацца, адразу адказвайце адмовай. Напрыклад, сябар кліча ў кіно, а ў вас няма ахвоты глядзець фільм. Прызнавайцеся:
«Не, дзякуй за прапанову». Не трэба прасіць прабачэння і апраўдвацца. Ваша адмова — проста факт, які пацвярджае ваша жаданне і вашы магчымасці.
Па-другое, аргументуйце сваё «не» ў адказ на прапанову. У гэтым выпадку вы коратка тлумачыце прычыну адмовы, але не паглыбляецеся ў дэталі. Напрыклад: «Я не магу сёння пайсці з табою ў кіно, таму што павінна (павінен) зрабіць матэматыку. Але ў іншы дзень з задавальненнем зраблю гэта».
Па-трэцяе, пасля вашага «не» папрасіце больш дэталёвую інфармацыю. Напрыклад: «Не, я не пайду гуляць, а што ты хацеў са мной абмеркаваць? » Гэта дасць час падумаць і вырашыць, як вам адносіцца да прапановы субяседніка.
Па-чацвёртае, выкарыстоўвайце прыём «заезджанай пласцінкі».
Калі вас пра нешта просіць нахабны чалавек, адказвайце «не» столькі разоў, колькі ён звяртаецца да вас з просьбай.
Па-пятае, карыстайцеся наступным прыёмам: «Дзякуй, што спытаў, але я не магу дапамагчы. Мне здаецца, што з гэтай просьбай табе лепш звярнуцца да некага іншага». Вы дзякуеце чалавеку за давер, але не крыўдзіце яго.
Такім чынам, трэба ўмець гаварыць «не», калі чыя-небудзь прапанова пярэчыць вашай унутранай пазіцыі.