Беларускія тэксты

Я б у сувораўцы пайшоў...

А. Мальчэўская

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча адзінае на тэрыторыі Беларусі. Яно было створана ў 1953 годзе з адной мэтай — дапамагчы ўладкаваць жыццё тым дзецям, бацькі якіх загінулі на вайне. Сёння вучылішча працягвае гэту традыцыю. Сюды без экзаменаў прымаюцца дзеці, бацькі якіх загінулі пры выкананні абавязкаў суровай вайсковай службы. Дзеці-сіроты паступаюць па-за конкурсам, здаўшы экзамены на станоўчыя адзнакі. Але стаць сувораўцам можа кожны, хто пажадае, у каго ёсць шчырае жаданне служыць Радзіме. Для гэтага неабходна закончыць шэсць класаў і здаць уступныя экзамены на агульных умовах: па рускай ці беларускай мове (дыктант), матэматыцы, фізічнай падрыхтоўцы, а таксама прайсці медыцынскі і псіхалагічны адбор.

Сёння ў сувораўскім вучылішчы займаецца больш за чатырыста пяцьдзясят хлопчыкаў» Чым жа адрозніваецца жыццё сувораўца ад жыцця звычайнага школьніка? Аказваецца, што ўсім. Суворавец адразу цвёрда засвойвае дзве самыя галоўныя рэчы. Па-першае, перад тым як загадваць, трэба навучыцца падпарадкоўвацца. Прычым не толькі афіцэру-выхавальніку ці начальніку вучылішча, а яшчэ і сваім аднагодкам, старшым па званні. Па-другое, скончыўшы сувораўскае вучылішча, хлопцы становяцца сябрамі кадэцкага брацтва. Гэта азначае, што былыя і цяперашнія сувораўцы падтрымліваюць адзін аднаго ўсё жыццё.

У школьным раскладзе сувораўцаў побач са звычайнымі матэматыкай і фізікай стаяць страявая і агнявая падрыхтоўка, факультатывы па танцах, музычнай адукацыі, замежных мовах, ваенным перакладзе. Дарэчы, па раскладзе ў вучылішчы праходзіць не толькі школьнае, але і пазашкольнае жыццё сувораўца. Між іншым, у жыцці па раскладзе ёсць і свае плюсы: напрыклад, падрыхтоўка дамашняга задання ніколі не займае больш за тры гадзіны.

Адпачываюць сувораўцы вельмі разнастайна: чытаюць мастацкую літаратуру, бываюць у тэатрах, глядзяць кінафільмы, запрашаюць да сябе мастакоў і літаратараў, вандруюць.

Быт сувораўцаў — патаемная мара не аднаго матулінага сэрца.

Асабліва ў моманты, калі даводзіцца прыбіраць за сынам раскіданыя па пакоі падручнікі, адзенне і выціраць слой пылу з паліц. А суворавец засцілае ложак штораніцы і выраўноўвае коўдру, каб ніводнай зморшчынкі не было! I вопратку акуратна складае, і абутак на месца ставіць, і падлогу мые. I ў тумбачцы захоўвае толькі тое, што дазволена статутам: у верхняй шуфлядцы — мыла і зубную пасту, у ніжняй — спартыўную форму і фотаальбомы. Гэта значыць, вядзе спартанскі лад жыцця.

Гонар Мінскага сувораўскага — праваслаўны храм на тэрыторыі вучылішча. I сёння духоўнаму развіццю сувораўцаў дапамагаюць святары з розных мінскіх прыходаў. Адзін раз на тыдзень у вучылішчы праходзіць праваслаўная гадзіна, на якой святары расказваюць навучэнцам, як трэба паводзіць сябе ў храме, знаёмяць з рэлігійнымі святамі і традыцыямі. Ісці на службу або на споведзь ніхто не прымушае, і ў статуце гэта не напісана, але прыкладна чвэрць навучэйцаў робіць гэта рэгулярна, па загадзе душы.

На тэрыторыі сувораўскага — усё ўнікальнае. Ёсць музей, ёсць цырульня, дзе майстар робіць сувораўцам модныя стрыжкі.

Большасць сувораўцаў паступае ў Ваенную акадэмію і на ваенныя факультэты іншых ВНУ. Толькі некаторыя ідуць на грамадзянскія спецыяльнасці. Але на кадэцкае брацтва, на сваё сувораўскае дзяцінства і юнацтва не забываюцца ніколі. I ў вучылішча завітваюць, як толькі надараецца любая магчымасць.