Беларускія тэксты

Ісці ў разведку

Л. Арабей

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Прыйшоў аднойчы Косцік да Сярожкі і паклікаў яго схадзіць у лес па ландышы.

Сярожка спачатку падумаў, а потым сказаў, што ландышы рваць нельга, бо іх у лесе і так мала засталося.

Косцік адразу ж загарачыўся:

— Гэта на букецікі рваць нельга, а мне на лекі для дзеда, яму ад сэрца настойка з ландышаў трэба.

Сярожка на гэта зноў падумаў і сказаў, што калі ў аптэцы няма такой настойкі, то, вядома, трэба ехаць і збіраць ландышы ў лесе.

Назаўгра хлопчыкі ўсталі раненька, узялі па кавалку хлеба з маслам, Сярожка запалкі ў кішэню паклаў. На шашы прагаласавалі, і шафёр узяў іх да сябе ў кабіну.

I вось ён, майскі лес. Кожны лісточак быццам вымыты, такія яны чыстыя. Птушкі спяваюць, а пад нагамі кветак-кветак: і сінія, і жоўтыя, і белыя. Толькі ландышаў няма. Вырашылі тады хлопчыкі пайсці далей ад дарогі і там пашукаць кветак.

Пайшлі яны ў глыб лесу. Вось ужо і гулу машын на шашы не чуваць, толькі птушкі званчэй спяваюць.

I раптам Косцік як закрычыць: гэта ён ландышы ўбачыў.

Між зялёных лісткоў, што раслі з самай зямлі, на тоненькіх высокіх сцяблінках віселі, нібы завушніцы, белыя званочкі.

Многа хлопчыкі не рвалі, толькі б хапіла на лекі дзеду. Паклалі яны ландышы ў цэлафанавы мяшэчак ды падаліся шукаць дарогу назад. Косцік, як заўсёды, спяшаецца. Раптам зачапіўся за сук і — бразь!

Паляцеў з усяго размаху. Падбег Сярожка, устаць памагае, а Косцік на нагу ступіць не можа. Узяў Сярожка яго на плечы, панёс. Ды цяжкі Косцік, а тут пад ногі трапляецца то грудок, то ямка. I лес вакол незнаёмы, не ведае Сярожка, ці правільна ён ідзе. То адпачываў хлопчык, то зноў нёс Косціка, а лес усё не заканчваўся.

Стаміўся Сярожка, ледзь дыхае, але ж не кінеш сябра ў лесе, не пабяжыш дамоў адзін.

А тым часам пачало ўжо і цямнець. Пачарнелі ствалы хвой і бяроз, страцілі колер кветкі, на неба месяц усплыў.

Селі хлопчыкі пад елкаю, думаюць, што ж ім рабіць. Сярожка тады і параіў заначаваць у лесе, бо запалкі ў іх ёсць, а вогнішча яны хуценька распаляць.

Так хлопчыкі і вырашылі начаваць у лесе. Цяпер жа вясна, а Косцікаў дзед, калі ў партызанах быў, то і зімой у лесе начаваў.

Распаліў Сярожка вогнішча, дастаў хлеб з маслам.

I раптам па лесе крокі — шах, шах… Ды такія цяжкія, што аж сучча пад нагамі трашчыць. Спалохаліся хлопчыкі, а тут выходзіць да іх ляснік і строга так пытаецца, што яны тут робяць ноччу ды навошта агонь распалілі ў лесе.

Расказалі сябры лесніку пра сваю бяду і пра тое, як дзеду ландышы на лекі збіралі ды заблудзіліся.

Узяў ляснік Косціка на рукі і панёс. Але зусім не ў той бок, куды нёс яго Сярожка. Неўзабаве выбраліся яны на шашу. Спыніў ляснік машыну, папрасіў шафёра, каб той завёз хлопчыкаў дадому.

Назаўтра Сярожка прыйшоў адведаць Косціка. Той сядзіць на ложку, а нага яго ў гіпсе. Побач прымасціўся дзед. Убачыў дзед Сярожку, усміхнуўся, падзякаваў за ландышы і сказаў, што з ім можна хадзіць у разведку.

—У якую разведку? — не зразумеў Сярожка.

— Гэта на вайне так казалі, — растлумачыў дзед. — Пра чалавека, які сябра ў бядзе не пакіне.