Авіятары
А. Якімовіч
Гэтага дня юныя авіятары чакалі з хваляваннем. Адны непакоіліся за спраўнасць сваіх лятальных апаратаў, другіх трывожыў стан надвор’я. Бо якія ж могуць быць сур’ёзныя і важныя палёты, ды яшчэ на спаборніцтвах, без належнага лётнага надвор’я!
А тым часам у майстэрні кіпела работа. Хлопцы рэзалі, клеілі, дзясяткі разоў правяралі разлікі вуглоў для пастаноўкі крылаў. I ўсё гэта рабілася з такой ахвотай і такім шчырым захапленнем, што мог бы пазайздросціць любы авіяканструктар. Цікавым было ва ўсім гэтым і тое, што гурток іхні працаваў на пачатках поўнай самадзейнасці. I толькі сяды-тады звярталіся гурткоўцы па дапамогу да заўзятага авіяаматара, іх аднагодка Ігара. Яны нават называлі яго сваім інструктарам. Часам да авіятараў заходзіў і начальнік лагера Васіль Паўлавіч. Гадоў пяць таму назад ён сам захапляўся канструяваннем лётных апаратаў. Ён жа і параіў хлопцам наладзіць спаборніцтва сваіх «стракоз» у Дзень авіяцыі.
I вось пасля снядання ўвесь лагер высыпаў на лужок, дзе быў прызначаны старт. На вока вызначылі, што дыстанцыя ад рэчкі да лесу, куды вырашылі пусціць «стракоз», складае не менш за паўкіламетра.
Яе павінна было хапіць для самаробных апаратаў.
Хлопцы з затоенай трывогай паглядалі на сваіх «стракоз». Вядома, у іншы дзень гэта было для іх справай звычайнай, але ж сёння нікому з іх не хацелася расчараваць ні сябе, ні шматлікіх гледачоў, якія сабраліся на старт.
У гэты час збоку, на небасхіле, паказалася эскадрылля самалётаў.
Хлопцы ўзнялі над галовамі свае самалёты з туга нацягнутымі гумавымі маторамі. Шумлівыя гледачы прыціхлі, не спускаючы вачэй з юных авіятараў і іх мадэлей. I вось выпушчаныя з рук прапелеры завярцеліся, «стракозы» рванулі ўгору.
Спачатку мадэлі дружна набіралі вышыню. Потым адна за другой пачалі планіраваць на пасадку. Але не ўсе. Адна з іх вырвалася наперад ужо з першых секунд, абагнала сваіх «сябровак» і не пайшла ўслед за імі на пасадку, а падалася проста на лес, насустрач эскадрыллі. I лётчыкі, відаць, заўважылі яе, бо ўсе гледачы выразна бачылі, як самалёты раптам замахалі крыламі. Няйначай, салютавалі яны храбрай «страказе». А тая, на здзіўленне ўсім, ляцела і ляцела, не думаючы апускацца.
Вось яна ўжо над самым лесам. Тут яна ўзнялася яшчэ вышэй. Але ў гэты час над яе кволымі серабрыстымі крыльцамі прашумелі магутныя крылы вялікіх машын. Тады яна, нібы спужаўшыся нечуванага шуму і гуду ці, можа, залішняй вышыні, апусцілася ніжэй і паплыла над зялёным лясным абшарам.
Нейкі час яшчэ відаць была ледзь прыкметная кропка, але неўзабаве і яна знікла з вачэй. I тады дружныя воплескі і гучнае «ўра» загрымелі і над ціхай рэчкай, і над усім лагерам.
Заставалася сабраць удзельніц спаборніцтва і вызначыць дыстанцыю палётаў. Для першых пяці справа гэта была нескладанай: іх сабралі, і дзяжурны запісаў у блакноце дыстанцыю кожнай.
Пераможцу пайшлі шукаць усёй камандай на чале з начальнікам лагера. Але доўгія пошукі нічога не далі. Прайшлі больш за кіламетр, а «страказы»-пераможцы і следу нідзе не знайшлі.
I толькі пасля абеду пазванілі з аэрадрома. Аказваецца, мадэль заўважылі з самалётаў, а адзін з лётчыкаў адзначыў на сваёй карце каардынаты прызямлення.
I вось увечары пры рэчцы цесным колам сабраўся ўвесь лагер.
Недалёка ад кастра, на купіне, сядзеў плячысты капітан у лётнай форме і расказваў будучым авіятарам пра свае баявыя заслугі і пра нашу слаўную авіяцыю. 3 правага боку ад яго, абапёршыся на крыло, ляжала маленькая «страказа» і сядзеў шчаслівы яе канструктар і гаспадар Ігар. Няма чаго і казаць, што адчуваў ён сябе на гэтым зборы лепш не трэба: яго мадэль сапраўды заслужыла ўсеагульную ўвагу і павагу. I сённяшні іх госць, грудзі якога ўвешаны баявымі ордэнамі і медалямі, абяцаў нават перадаць звесткі пра «страказу» і яе юнага канструктара ў Міжнародную авіяцыйную федэрацыю для залічэння новага рэкорда «малой авіяцыі».