Беларускія тэксты

Букет нявесты

К. Хадасевіч

Чытаць гэты тэкст лацінкай

У садзе каля самага плота расла чарэшня. Яна была зусім немаладая: стаў маршчыністым ствол, пасохлі ніжнія сукі. Некалькі гадоў не давала чарэшня ўраджаю, глядзела на свае пустыя галіны ды з сумам успамінала, як некалі ў маладосці яны гнуліся пад цяжарам буйных жоўтых ягад. Калі яны паспявалі, прыходзіў гаспадар, прыстаўляў да дрэва лесвічку і падымаўся пад цяністую крону. Ён напяваў вясёлыя песні і збіраў салодкія сакавітыя ягады. За кожнае вядзерца дзякаваў чарэшні, ласкава гладзіў яе гнуткія галінкі.

А потым яна перастала цвісці, не давала больш смачных жоўтых ягад. Не збіраў больш гаспадар ураджаю, не спяваў сваіх вясёлых песень, не дзякаваў дрэву. Неяк восенню ён падышоў да чарэшні, агледзеў яе, правёў рукой па шурпатым і патрэсканым ствале.

Узрадавалася яна, працягнула да яго свае рукі-галінкі. Але нібыта агнём апяклі яе жорсткія словы гаспадара: «Старая стала, трэба будзе вясною ссекчы ды на гэта месца маладзенькае дрэўца пасадзіць».

Панікла вецце, заплакала чарэшня. Гаспадар павярнуўся і пайшоў.

Лёгкім марозцам кранула дрэва зіма, нагадала, што пара засынаць.

Прасіла чарэшня зіму, каб тая агарнула яе вечным сном. Не хацела прачынацца вясной. Ды не згадзілася зіма. У сакавіку чарэшня абудзілася, адчула, як пад шурпатай карой ажыў і пабег сок. Толькі не радавала дрэва вяртанне да жыцця. 3 дня на дзень чакала чарэшня гаспадара з сякерай. I ён прыйшоў, але без сякеры. Быў ён вельмі хворы, ледзь стаяў на нагах. Занямог зімою гаспадар, ледзь выбраўся з цяжкой хваробы. Падышоў да свайго дрэўца, пагладзіў патрэсканы ствол. «Не, не буду я секчы цябе, мілая. Раней разам радаваліся, цяпер разам хварэем. Хто ведае, можа, паправімся таксама разам?» — прашаптаў ён. I так захацелася чарэшні дапамагчы яму, што сабрала яна ўсе свае сілы і перадала іх гаспадару ў далонь, якая гладзіла яе ствол.

I адбыўся цуд. Паправіўся мужчына, а чарэшня, якая ўвабрала ў сябе моц і сілу вясны, зацвіла. I не проста зацвіла! На яе галінках з’явіліся незвычайныя суквецці, якія нагадвалі букецікі нявесты. Ды і сама чарэшня, як і гаспадар, адчувала надыход другой маладосці.

Вось так і бывае ў жыцці. Здаецца часам, што няма ніякай надзеі, збавення, няма ніякага выйсця. Аднак ніколі не трэба адчайвацца, складаць рукі, плысці па цячэнні. I тады выхад знойдзецца нібы сам сабой.

Вось так здарылася і з нашай чарэшняй. Яна страціла ўсе сілы для жыцця, для змагання. Аднак сакавік вярнуў ёй моц, удыхнуў надзею. Яе гаспадар адчуў сувязь з дрэўцам, якое столькі гадоў верна служыла яму. I адбыўся цуд. Выздаравеў і гаспадар, расцвіло душою дрэўца. I зноў, нібы нявеста, чарэшня з радасцю і замілаваннем глядзела на жыццё.

Гэтае апавяданне вучыць быць добрымі і ўважлівымі да прыроды і людзей. Вельмі часта чалавеку ў цяжкой сітуацыі патрэбны дапамога, парада, добрае слова. Часам гэта слова лечыць і ратуе чалавека, вяртае радасць, усяляе надзею. Як важна, каб у нашым жыцці сустракаліся людзі, што працягваюць руку дапамогі.