Дакор
Я. Брыль
Слон быў бедны і сумны. Пра волю ды пра гарачыя джунглі ён нават не мог успамінаць, бо нарадзіўся ў звярынцы. Вось ён стаіць паміж фанерных будак і цесных клетак перад натоўпам людзей і ледзь не трасецца ад холаду. Яго шэрая скура сям-там папраціралася, вушы звісаюць, а маленькія вочкі глядзяць на ўсё сумна, безнадзейна.
Чалавек у шэрай вушанцы быў шчаслівы і трохі сентыментальны. Ён узвышаўся над натоўпам. У вялікіх руках чалавека былі цёплыя дзіцячыя рукі. Пацешныя, як важаняты, дзве маленькія дзяўчынкі ў шэрых шубках ішлі побач з высокім бацькам па мокрым снезе, час ад часу прасіліся на рукі. I весці малых, і паднімаць іх было нязручна, бо перашкаджаў пакунак.
Заапарк прыехаў у горад на гастролі больш за тыдзень таму назад. Увесь гэты час тата збіраўся сюды з дзяўчынкамі, перад сном расказваў ім усякія цуды пра тое, што яны ўбачаць. I толькі калі падышлі да білетнай касы, ён успомніў, што нічога не ўзяў ні для мішкі, які проста так, вядома, не патанцуе, ні для малпаў, таксама прывучаных да ласункаў. Што ж тут рабіць?
Заапарк размясціўся на пустыры. Паблізу быў толькі адзін кіёск, але там не знайшлося нават пазліпаных падушачак. Прадавец параіла смешнаму тату купіць у яе сухафруктаў. Знайшлася газета, быў зроблены мяшэчак і ўвесь напоўнены засушанымі грушкамі і скрылікамі яблыкаў.
Але зноў бяда! 3 пакункам і з дзецьмі хадзіць нязручна, ды яшчэ і частавацца з мяшэчка ніхто не хоча. Самы вясёлы мішка, што аж нос ушчэмлівае паміж жалезнымі прутамі, просячы цукру, тыя грушкі ды яблыкі толькі панюхаў. Не захацелі іх есці і малпы. Малыя гойсалі, а старэйшыя адсунуліся ў самы куток клеткі і, адвярнуўшыся, нешта жавалі.
Так і дайшлі тата з дзяўчынкамі да слана. Шчаслівы бацька сабраўся пакарміць гэтага здаравілу на радасць сваім дачушкам. Вясёлы чалавек падставіў мяшэчак слану. Бацька ведаў, што на канцы хобата ёсць адростак-палец. Калі слон індыйскі, то ў яго адзін такі палец, афрыканскі слон мае два адросткі. У гэтага слана было два адросткі.
Кажуць, імі ён можа развярнуць пліты тратуара, нібы ломам. Пальцы такія спрытныя, што, мусіць, нітку ў іголку зацягнуць. Зараз слон пачне на пацеху дзяўчаткам браць з газеты па грушцы, па скрыліку. Хай бярэ даўжэй, каб радасць расцягнулася.
Маленькія слановыя вочкі глядзелі на чалавека з пагардай. А яшчэ ў іх былі бяздонныя сум і пакута, народжаныя беспрасветнай няволяй.
Слон працягнуў хобат, цапнуў пальцамі за край газетнага мяшэчка і механічным рухам спрытна кінуў яго сабе пад нос, туды, дзе быў яго малы рот. Нават сківіцы, здаецца, не паварушыліся. Проста паехаў пакунак, як па канвееры, у бяздонны жывот. Слон не маргнуў, не мармытнуў. Як быццам ён табе ласку зрабіў, памог пазбавіцца ад лішняй рэчы, ад няёмкага становішча. Стаіць, маўчыць, нібыта не з яго смяецца ўвесь натоўп.
Тыя дзяўчаткі ў шубках сталі дарослымі. Неўзабаве і яны павядуць сваіх дзетак да замкнутых у клетках звяроў. Тады, вядома, яны зноў успомняць пра той мяшэчак з сухафруктамі.
Іх бацька пастарэў і стаў, здаецца, менш сентыментальны. Часам яму ўспамінаюцца маленькія слановыя вочы.