Беларускія тэксты

Дзядзькава казка

С. Александровіч

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Заехаў аднойчы ў Прудзішчы да Луцэвічаў добры знаёмы, паглядзеў на гаспадара, патупаў каля хаты і сказаў Дамініку:

Табе трэба памочнік. Ёсць у мяне на прыкмеце добры чалавек, Пясляк яго прозвішча. Ён працавіты, майстра на ўсе рукі. Праўда, крыху дзівак, любіць музыку, песні, казкі расказвае і мала дбае пра сябе.

Вазьмі яго, шкадаваць не будзеш. Ён у нас, у Аўгустове, ад хаты да хаты ходзіць. Я скажу яму, няхай прыедзе з табой пагаварыць.

Так у хаце Луцэвічаў з’явіўся новы чалавек, які стаў першым памочнікам бацькі і лепшым сябрам Янкі. Пясляк адразу з галавою ўвайшоў у гаспадарчыя справы, а ў вольны час забаўляўся з дзецьмі. У яго быў невычэрпны запас розных песень, казак, гульняў. Не дзіва, што дзеці хутка палюбілі Песляка, асабліва Янка. Хлопчык не адставаў ад бацькавага памочніка ні на крок: хадзіў з ім на поле, у лес, напрошваўся разам ездзіць на начлег. Бацька спачатку пратэставаў, а пасля махнуў рукой: няхай хлопец прывыкае да гаспадаркі.

«Спечанае на ражончыку’ сала смачнейшае, чым смажанае на скаварадзе», — любіў гаварыць Пясляк. Янка хутка і сам пераканаўся ў гэтым. Кавалачак сала, які падгарэў з краёчкаў, а каля ражончыка быў сыры, прыемна пах смажанінай і дымком.

Аднойчы пасля вячэры на начлезе Янка папрасіў Песляка:

Дзядзька, дзядзечка, раскажыце тую казку, што вы ўчора абяцалі.

Казку? — перапытаў Пясляк і задумаўся.

Цёплая летняя ноч стаяла над соннай зямлёй. Ціха патрэсквалі галінкі ў вогнішчы, недзе за балотам крычаў драч, працяглая песня даносілася з Прудзішчаў.

—Што ж, слухай, — прамовіў Пясляк, пазіраючы кудысьці далёка-далёка. — Гэта будзе казка пра папараць-кветку і людское шчасце. Жыў-быў у адной вёсцы хлопец, якога звалі, як і цябе, Яська. Быў ён цікаўны, усё хацеў сваімі вачыма пабачыць, пра ўсё ведаць.

Пачуў ён аднойчы, што ў купальскую ноч зацвітае кветка папараці, а хто сарве, той будзе мець усё, што пажадае. Захочаш самую цудоўную рэч мігам з’явіцца перад табою. Яська сказаў сам сабе: «Няхай невядома што станецца, а кветку папараці я знайду».

I апавядае Пясляк пра тры спробы казачнага героя завалодаць чароўнай кветкай. Апошняя ўдалася.

Пясляк замаўкае. Янка пазірае на вогнішча, у якім тлее вуголле. Ён падсоўвае галавешкі, і агеньчык зноў весела ўздымаецца ўгору і асвятляе твар дзядзькі, які павёў далей расказ пра тое, як раскашаваў Яська, як не адзін раз наведваўся да бацькоў і бачыў, што тыя гібеюць, але не дапамог ім, і яны памерлі з голаду. I толькі тады Яська зразумеў, што шчасце для аднаго — гэта зусім не шчасце. «Я, толькі адзін я вінаваты ў іх смерці! — закрычаў Яська і схапіўся за галаву. — Што я нарабіў! Прападзі ты пропадам, такое шчасце!»

Ледзь толькі прамовіў ён гэтыя словы, як бліснула маланка, грымнуў гром, расступілася зямля, і не стала Яські.

Пясляк змоўк і пачаў укладвацца спаць. А Янка сядзеў ля вогнішча, і яму здавалася, што вось там, на ўзлеску, дзе расце папаратнік, зараз блісне цудоўная кветка, што прынесла багацце і гора беднаму Яську.