Беларускія тэксты

Жыцень

А. Бутэвіч

Чытаць гэты тэкст лацінкай

У самай даўняй даўніне, калі яшчэ не было на беларускіх землях хрысціянства, нашы прашчуры верылі ў магічную сілу агню, ветру, сонца, пакланяліся дрэвам і святым камяням. Калі ж сказаць коратка, жылі ў добрым суладдзі з прыродай, бо ад яе залежаў іхні лёс, з літасці нябачных прыродных сіл мелі яны багацце, здароўе, дабрабыт і ўсё, што патрабавалася для жыцця.

На кожную парў года даўнія людзі мелі сваіх багоў. Калі наступала вясна, на зямлю прыходзіла маладзенькая прыгажуня Ляля, або Лёля.

На змену ёй з’яўлялася багіня лета Цёця — мажная і дзябёлая1 кабета, убраная каласамі. Марознай зімой панаваў бог холаду Зюзя.

У пладавітай і шчодрай восені таксама быў свой бог. Называўся ён Жыцень, лічыўся богам жніва.

Паданні засведчылі, што Жыцень быў худзенькім дзядком маленькага расточку. Меў суровы выгляд твару, а на галаве — доўгія раскудлачаныя валасы. Меў Жыцень тры вокі на лбе. Відаць, каб пільна сачыць за тым, як людзі спраўляюцца з ураджаем. Нізка сагнуўшыся, хадзіў ён па палях, зазіраў на агароды. Радаваўся, калі бачыў парадак ды багаты вынік сапраўднай гаспадарскай рупнасці. Але і сурова караў за нядбальства. Карацей, рабіў суд над нядбайнымі, заахвочваў і дадаваў багацця рупліўцам.

Бывала, заўважыць на ржышчы нязжатыя або апалыя каласкі, ажно скаланецца ўвесь, вочы слязамі зойдуцца, валасы на галаве натапырацца. Крыўда бярэ руплівага бога, сэрца заходзіцца ад жалю. Збярэ ён усе каласкі, складзе адзін да аднаго і ў снапы пазвязвае. А тады прабяжыць па ўсіх суседніх палетках, каб знайсці самы дагледжаны, і давай снапы на зжатае поле насіць. А ўсё для таго, каб дагадзіць рупліваму гаспадару, падахвоціць яго працаваць яшчэ лепш.

Аднак на гэтым не заканчваецца суд Жыценя над марнатраўствам1.

Мала таго, што адбярэ частку ўраджаю ў нядбайных, калі аднясе збажыну іншаму, дык ён і на будучае пакарае. Зробіць так, каб у негаспадарлівага хлебароба на наступны год не ўрадзіла ніва.

А вось руплівы і старанны, працалюбівы і акуратны (той, каму Жыцень восенню снапы зносіў) збярэ яшчэ большы ўраджай, шмат жыта з пшаніцай намалоціць. А ў каго багаты ўраджай, у таго і дастатак у хаце. Пра такога кажуць, што ад яго пахне ветрам і дажджом, а ад рук — зямліцай ды збожжам. Такім вось чынам бог восені Жыцень заахвочвае быць на зямлі сапраўдным гаспадаром і карае тых, хто лянуецца.

Мае Жыцень і іншы клопат. Часам ператворыцца ў беднага жабрака. Перакіне цераз плячо торбу і выйдзе на дарогу. Сустрэне там мужыка і паківае яму пальцам, нібыта дакарае за нешта. А селянін, вядома, пазнае Жыценя і раскажа ў вёсцы пра сваю сустрэчу з ім. Бядуюць тады сяляне: гэта ж Жыцень пагражае бедным ураджаем. Такім чынам Жыцень папярэджваў людзей аб блізкім голадзе, падказваў, каб не дапусцілі гэтага.

Сваю дбайнасць і гаспадарлівасць, любасць да зямлі-карміцелькі выяўляе Жыцень і ў час асенняй сяўбы. Калі сеюць азімыя, Жыцень тут як тут. Але не хоча паказвацца на вочы, сваю справу таемна робіць.

Калі ўбачыць, што нейкае зернейка не прысыпана зямлёй, абавязкова прытопча яго, каб не прапала, каб аддзячыла важкім коласам. Там раллю падраўняе, там баразну паправіць. Гаспадар, адным словам.