Беларускія тэксты

Жыць тры дні

В. Лешчанка

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Калі я была маленькая, то вельмі любіла слухаць бабуліны дзівосныя казкі. Бабуля Люба ведала безліч цікавых гісторый, легенд, і, як зараз разумею, многія прыдумвала сама.

Расказвала бабуля мне, калі я падрасла, і пра іншае, пра сваё жыццё і жыццё наогул. Гісторыі яе я памятаю і цяпер, хоць прайшло шмат часу. Асабліва запомніўся мне адзін яе аповед, які я пачула аднойчы вечарам 22 чэрвеня.

— А ведаеш, унучачка, у такі ж чэрвеньскі дзень, толькі шмат гадоў назад, пачалася вайна, — сказала бабуля, а яе вочы, звычайна вясёлыя, затуманіліся, павільгатнелі.

Тады я ўпершыню пачула адну жудасную гісторыю з бабулінага жыцця ў час нямецкай акупацыі.

Гэта здарылася ў далёкім 1943 годзе, калі ворагі адну за адной знішчалі з жыхарамі беларускія вёскі, палілі, забівалі дзяцей, жанчын, старых, якія засталіся безабароннымі. Дайшлі немцы і да Бераснёўкі, у якой жыла мая бабуля з маленькай дачушкай Зояй і з бацькамі майго дзядулі Пятра, які быў на фронце.

Тады бабуля Люба была маладой дваццацічатырохгадовай жанчынай. Яе дачушцы Зосьцы было толькі шэсць годзікаў. Дзяўчынка не магла хадзіць, бо зімой у бежанцах застудзіла ножкі, яны, як казала бабуля, адняліся. Таму маці ніколі не пакідала дачушку адну, а ўвесь час насіла яе на руках. Немцы разрабавалі вёску, каго забілі, каго, як маю прабабку Вольгу, кінулі ў палаючую хату, спалілі разам з іншымі жыхарамі.

Каб уратавацца, маці з нямоглай дачушкай ноччу ўцякла з Бераснёўкі. Некалькі дзён яны хаваліся ў высокім жыце каля вёскі. Было спякотна. Зойка ўвесь час плакала і прасіла піць. Маці пакутавала, не ведаючы, куды ёй падацца, дзе схавацца ад немцаў. Тут фашысты іх і знайшлі. Немцы адразу заўважылі, што ў маладой жанчыны на руках нямоглае дзіця. Спачатку рассмяяліся, пра нешта пагаварылі паміж сабой. Потым адзін з іх прыставіў да скроні маладой маці пісталет, штосьці сказаў другому па-нямецку. Той згодна паківаў галавой і дастаў з кішэні нейкія тры жоўтыя таблеткі. Затым на ломанай рускай мове загадаў маці даць гэтыя таблеткі дзіцяці. Адно зразумела маці: дзіця пражыве толькі тры дні, а потым маладая жанчына назаўсёды будзе вольнай. Таксама сказаў, калі дзяўчынка заплакала і папрасіла піць, што тады дасць малой вады.

Фашыст прымусіў маці ўзяць, як яна зразумела, атруту, падаў фляжку з вадой. Зноў прыставіў, ужо да скроні дзяўчынкі, пісталет. Спалоханае дзіця зайшлося ў плачы. Маці імгненна сама праглынула гэтыя жоўтыя таблеткі, а вадой напаіла дачушку. Зараз маці ведала: ёй засталося жыць тры дні…

Да сённяшняга дня невядома, што гэта былі за таблеткі. Можа, ніякія і не шкодныя, бо маладая маці, мая бабуля, засталася жывой. Можа, прымушаючы імі атруціць хворую дачушку, ворагі так пацяшаліся, жартавалі? Загадкай застаецца і тое, чаму яны адпусцілі маці і дзіця. А можа, якраз учынак маці, якая згодна была пайсці на смерць дзеля таго, каб даць дзіцяці вады, спадзеючыся, што ворагі злітуюцца над хворай, кранула іх нечалавечыя сэрцы? Хто ведае…