Беларускія тэксты

За адной партай

А. Якімовіч

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Усё пачалося з таго, што Валодзю выбралі старастам класа.

У той час Валодзя сябраваў з Мішам. Сядзелі яны за адной партай, думалі адны думкі і, калі трэба, дзяліліся апошнім. Валодзя кожны дзень даваў спісваць Мішу задачы, добрасумленна падказваў на ўроках, рыхтаваў для сябра розныя шпаргалкі. Нават на ўроках умудраўся дапамагаць, шаптаў мацней за ўсіх, тлумачыў умоўнымі знакамі.

Адным словам, Валодзя і Міша былі самымі блізкімі сябрамі. Іх моцная дружба працягвалася да таго самага дня, калі на класным сходзе было прапанавана выбраць Валодзю старастам. Некаторыя, праўда, не пагаджаліся з гэтым, гаварылі, што Валодзя недысцыплінаваны, бо не дапамагае сябру падцягнуцца ў вучобе, а дазваляе яму спісваць, падказвае. Адным словам, стараста так не робіць. Аднак Валодзю старастам выбралі аднагалосна. I з таго ж дня, як лічыць Міша, Валодзя стаў здраднікам. Ужо назаўтра ён адмовіўся даць спісаць сябру задачы. Міша так моцна пакрыўдзіўся на сябра, што паабяцаў не пераступаць больш ніколі парога яго дома.

Дома Міша цэлы дзень спрабаваў рашаць задачы, але нічога не выходзіла. Тады яго ахапіла яшчэ большая злосць на Валодзю.

Назаўтра па дарозе ў школу Міша не зайшоў да свайго сябра, як рабіў гэта раней. У школе ён нават не павітаўся з Валодзем. Сеў за другую парту, надзьмуўся і ўсё яшчэ думаў пра Валодзю, што ён вораг.

Так усякая дружба паміж былымі сябрамі была скончана. Ідуць са школы, хлопцы гавораць з Валодзем, а Міша маўчыць, ні словам не звяртаецца да сябра. Так ішлі дні за днямі. Валодзя некалькі разоў спрабаваў загаварыць з Мішам, але той усё яшчэ злаваўся, маўчаў і адварочваўся ад былога сябра.

I вось аднойчы пасля заняткаў усе разам ішлі дахаты. Дайшлі да моста. I тут Мішу стукнула ў галаву думка прамаршыраваць на парэнчах моста. Няхай Валодзя падзівіцца, які смелы і рашучы Міша, няхай пашкадуе, якога сябра ён страціў. Балансуючы, як цыркавы артыст на дроце, Міша пачаў асцярожна перастаўляць ногі. Хлопцы аж ахнулі ад такога дзіва. I ўсё ішло напачатку добра, пакуль ён глядзеў пад ногі. Але вось Мішу захацелася зірнуць, ці ўражаны яго геройствам Валодзя. Ён павярнуўся, а потым неяк захістаўся і паляцеў у рэчку.

Да берага было недалёка, і Міша сам мог бы выплыць. Але ад страху ён так разгубіўся ў халоднай асенняй вадзе, што не толькі берага — свету белага не бачыў.

— Ратуйце! — закрычаў ён немым голасам.

I амаль у той жа момант каля яго ў вадзе апынуўся Валодзя. Ён падхапіў сябра і пацягнуў да берага.

Мокрыя, яны вылезлі з вады. Валодзя першым, крыкнуўшы даганяць яго, памчаўся да вёскі. Калоцячыся ад холаду, за ім кінуўся і Міша.

Валодзева хата была першай па дарозе, і Валодзя без слоў пацягнуў Мішу да сябе дамоў.

Бядуючы і вохкаючы, Валодзева маці пераапранула хлопцаў у сухое, нагрэла чаю з ліпавым цветам, напаіла іх і пагнала на печ грэцца.

Неўзабаве прыбегла і ўстрывожаная Мішава маці, якой хлопцы расказалі пра рэчку. Паглядзеўшы, што вясёлыя і здаровыя хлопцы грэюцца на печы, яна дазволіла сыну пераначаваць тут, а заўтра будзе відаць: лупцаваць ці ў бальніцу везці.

Так Міша застаўся ў Валодзі начаваць. Прызнацца, яму і самому не хацелася разлучацца са сваім лепшым сябрам. Цяпер ён, нарэшце, пераканаўся, што дарэмна лічыў яго здраднікам. Які ж ён здраднік, калі не пабаяўся ўслед за сябрам кінуцца ў халодную ваду? Ніхто з хлопцаў гэтага не зрабіў.

3 таго часу сябры зноў сядзяць за адной партай. Мінуў цэлы навучальны год, а яны ні разу не пасварыліся, хоць Валодзя і не дае Мішу спісваць задачы. Але Міша і не просіць больш у яго сшыткаў, бо навучыўся сам і задачы рашаць, і дыктанты пісаць.