Зубрыная сцежка
Я. Зазека
Партызаны, знясіленыя цяжкім боем, вярталіся з задання. Дарога была знаёмая, да лагера заставалася не больш за восем кіламетраў.
Гітлераўцы зрабілі засаду там, дзе яе ніяк не чакалі. Яны прапусцілі партызанскую разведку і, калі атрад выйшаў з лесу на паляну, адкрылі агонь.
Бой з кожнай хвілінай станавіўся ўсё больш жорсткім. Камандзір атрада Канстанцін Барысаў прыкмеціў, што з боку балота агонь слабейшы. Відаць, немцы не думалі пра тое, што партызаны змогуць адступаць у той бок. Балота на картах было адзначана як зусім непраходнае. Камандзір падумаў, што гэта іхні шанц. Але і да балота таксама трэба было прабівацца з боем.
Партызаны ўзмацнілі агонь, робячы выгляд, што хочуць прарывацца ў Белавежскую пушчу, і немцы пачалі перагрупоўваць сілы. А тым часам асноўная частка атрада падцягвалася да балота.
Удар партызан быў нечаканы і моцны. Атрад расчысціў сабе дарогу і ўвайшоў у забалочаны алешнік.
Неўзабаве страляніна заціхла. Ісці ў балота фашысты пабаяліся.
Партызаны ціха прабіраліся па балоце, асцярожна намацваючы нагамі больш цвёрдыя мясціны. Камандзір ведаў, што сярод гэтых бяскрайніх абшараў балот ёсць невялічкія сухія выспы, якія могуць стаць месцам прытулку.
Нарэшце партызаны выбраліся на цвёрдую зямлю. Небяспека мінула. Атрад размясціўся ў старым густым ельніку. Праз некаторы час людзі паселі каля вогнішча, сагрэліся, ціхі шум лесу хіліў да сну.
У гэты момант да ўжо дагарэлых вогнішчаў падбег днявальны і гукнуў на ўсю моц:
— Хлопцы, уставайце! Зубр у ельніку!
Партызаны кінуліся туды, куды паказваў днявальны. Сапраўды, у гушчары стаяў велізарны зубр. Адзін з партызан узяў зубра на прыцэл. Засталося толькі націснуць на спускавы кручок. Але ў той жа момант сусед ударыў таварыша пад руку. Аўтаматная чарга разанула па лапках ельніку.
Зубр раптам пругка падскочыў на месцы, прыгнўў шыю, а потым кінуўся ўбок, быццам віхор панёсся па лесе. Ламалася сучча, трашчалі кусты…
Партызаны разышліся, абмяркоўваючы падзею. Некаторыя даказвалі, што не елі ўжо двое сутак, а тут было столькі мяса.
Асцярожна, паціху камандзір пайшоў па свежых слядах зубра. Яны вялі ў той бок, дзе выспа выцягнулася вузкай градой і пераходзіла ў балота. Тут быў не адзін свежы след, а вытаптаная зубрамі сцежка.
Камандзір пайшоў па слядах і хутка пераканаўся, што ў гэтым месцы глеба цвёрдая і з выспы па зубрынай сцежцы можна лёгка выбрацца ў пушчу.
Раптам з-за лесу вынырнуў самалёт з чорнымі крыжамі. Ён пакруціўся над выспай і паляцеў на захад.
Партызаны ведалі, што калі немцы выявілі іх, то не дадуць спакою. I атрад рушыў у паход. Спачатку партызаны ішлі высокім густым лесам, дзе нават у поўдзень сонечнае праменне не магло прабіцца праз гушчар. Неўзабаве ельнік перайшоў у змешаны лес, далей пачыналася балоцістая грыва. Нібы вярблюджыя гарбы, тырчалі высокія купіны, зарослыя травой. Па іх, пераступаючы з адной на другую, партызаны і перайшлі балота, нават не замачыўшы ног.
Вось і старажытная пушча. Усе з палёгкай уздыхнулі.
У гэты час пачуўся гул самалётаў. Цяжкія бамбардзіроўшчыкі наплывалі на выспу. Фашысдкія лётчыкі разлічвалі, што партызаны знаходзяцца ў цэнтры яе — у густым лесе, і, разварочваючыся, пачалі кідаць туды бомбы. Дрыжала зямля. Над дрэвамі ўзнімаўся чорны дым. Стагнаў стары лес. Падалі дубы, падалі хвоі з пазелянелымі ад часу стваламі.
Не паспеў развеяцца ў паветры дым, як над выспай з’явілася другое звяно. Зноў, равучы маторамі, пікіравалі з вышыні бамбардзіроўшчыкі.
Калі самалёты паляцелі, партызаны яшчэ некалькі хвілін не падымаліся са сваіх сховішчаў. Было такое адчуванне, быццам смерць прайшла побач, дыхнуўшы холадам.
— У добры час выбраліся з выспы, а то, глядзі, касцей не сабралі б, — сказаў нехта з партызан і спытаў у камандзіра: — А цікава, хто вам паказаў сцежку праз балота?
—Зубр. Хто ж яшчэ! За гэта падзякуйце яму, — з усмешкай адказаў камандзір.