Мы родам адсюль
В. Фёдараў
Упершыню Полацк згадваецца ў славутай летапіснай крыніцы ўсходніх славян «Аповесці мінулых гадоў» у 862 годзе. Больш за адзінаццаць стагоддзяў таму назад яго заснавалі крывічы, а імя далі ў гонар тутэйшай ракі Палаты. 3 цягам часу на крутых яе берагах, у месцы зліцця з водамі Заходняй Дзвіны, вырас горад. Потым ён стаў крэпасцю. А таксама воднай дарогай знакамітага шляху «з варагаў у грэкі». I пралягаў той шлях ад Балтыйскага да Чорнага мора.
Таму не дзіўна, што ў Поладку развіваліся рамёствы, ствараліся выдатныя творы мастацтва. Старажытнае паданне даносіць да нас рэха драматычных падзей канца дзясятага стагоддзя. У цэнтры іх — імя непакорнай князёўны Рагнеды, дачкі першага летапіснага князя Рагвалода.
У канцы пятнаццатага стагоддзя Полацк атрымаў самакіраванне. Шмат легенд звязана з горадам-мудрацом. Нават скандынаўскія сагі1 распавядаюць пра непераможныя полацкія дружыны, якія ў паходах дасягалі сцен Царграда. Ды і «Слова пра паход Ігаравы» ўслаўляе мужнасць палачан, мудрасць князя Усяслава Чарадзея.
Казачнай прыгажуняй пазірае на нас і сёння, прыхарошваецца, як нявеста, у люстэрку Заходняй Дзвіны полацкая Сафія — архітэктурная жамчужына краіны. Храм стаў візітнай карткай, своеасаблівай эмблемай Полацка. Велічны Сафійскі сабор нібы магнітам прыцягвае да сябе турыстаў з усіх кантынентаў планеты. Ён быў пабудаваны ў адзінаццатым стагоддзі Усяславам Чарадзеем у якасці сімвала незалежнасці княства. Тут прымалі замежных паслоў, аб’яўлялі вайну і мір, захоўвалі дзяржаўную казну, бібліятэку, архівы. У нейкім сэнсе гэта была крэпасць у крэпасці як для полацкіх князёў, так і для дружыннікаў і ўсіх гараджан.
Славутаму помніку архітэктуры давялося перажыць войны, пажары, разбурэнні. Але і ў сучасным Полацку яго архітэктурная жамчужына працягвае заставацца духоўным і культурным цэнтрам. Незвычайная прыгажосць храма гарманічна зліваецца з непараўнальным гучаннем аргана. Канцэртная зала, размешчаная ў саборы, прыцягвае сюды зорак сусветнай музыкі. Тысячы прыхільнікаў класічнай і камернай музыкі ў захапленні і ад «музыкі» архітэктуры, старажытных арнаментаўі фрэсак.
Многа вялікіх людзей падарыў чалавецтву Полацк. Але сапраўднай зоркай першай велічыні ззяе імя святой князёўны Ефрасінні Полацкай. Яна лічыцца нябеснай заступніцай усёй зямлі беларускай.
У свой час князёўна Прадслава была адной з самых адукаваных жанчын Еўропы. Яна ўвайшла ў гісторыю як славутая асветніца, духоўная апякунка Полаччыны. Яшчэ ў дзявочую пару князёўна пакінула багаты палац, пастрыглася ў манашкі і поўнасцю прысвяціла сябе рэлігійнаму служэнню, займалася актыўнай міратворчай працай, шмат дасягнула пазней на ніве асветніцтва.
Арыгінал знакамітага Крыжа Ефрасінні Полацкай, выкананы таленавітым полацкім ювелірам Лазарам Богшам, на жаль, бясследна знік. Але копія крыжа адноўлена ў 1997 годзе і выклікала захапленне знаўцаў культуры. Палачане лічаць гэты крыж сімвалам нацыянальнага і духоўнага адраджэння.
А яшчэ рос і мужнеў у Полацку Францыск Скарына, што прынёс роднай Беларусі і ўсяму ўсходняму славянству першую кнігу на мове свайго народа. Тут жыў і славіў родны край Сімяон Полацкі — драматург, філосаф, паэт, педагог. У Богаяўленскім манастыры, якому ён пакінуў сваё духоўнае завяшчанне, цяпер знаходзяцца Музей беларускага кнігадрукавання і бібліятэка, што носіць імя Сімяона Полацкага. Ёй няма роўных у Еўропе: старадаўнія лесвіцы, драўляныя лавы са зручнымі сталамі, непадуладныя часу старажытныя рукапісныя кнігі са старонкамі з пальмавых лістоў, егіпецкі папірус…
За адзінаццаць з лішнім стагоддзяў у Полацку створана сапраўдная эпапея мужнасці, гераізму, рэдкая па прыгажосці архітэктурна-культурная панарама. Імклівае цячэнне Заходняй Дзвіны, кожная цаглінка і камень нагадваюць пра неўміручасць, пра тое, што мы родам адсюль.