Беларускія тэксты

Наш касцюм

I. Крук

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Што такое быць стыльным? Што такое мода? Хто такі я і ў якім адзенні мне камфортна? Кожны сучасны чалавек рана ці позна задае такія пытанні. Кожны ведае: больш за дзевяноста працэнтаў з таго, што мы найперш запамінаем адзін пра аднаго, складае ўражанне ад знешнасці. I чалавек можа прымусіць сваё адзенне «расказаць» тое, што ён сам найперш хацеў бы паведаміць пра сябе.

Тэрмін «касцюм» адрозніваеццаад слова «адзенне», бо тлумачыць сацыяльную і нацыянальную адметнасць, звычкі і традыцыі, індывідуальныя асаблівасці чалавека. Мода — гэта не проста набор найбольш прывабных рэчаў. Мода — гэта манера жыць і выяўляць сябе. Галоўная «частка» любога касцюма — чалавек.

Беларускі народны касцюм фарміраваўся на працягу стагоддзяў.

Касцюмы шыліся для асобных падзей і рытуалаў у жыцці нашых продкаў. Вясельныя і шлюбныя, святочныя і паўсядзённыя, разнастайныя паводле геаграфічных асаблівасцей, беларускія народныя строі ўвасобілі любоў нашых жанчын да сваёй зямлі, іх мары пра будучыню, талент жыць, майстэрства ствараць.

Сёння мы выбіраем колер адзення і дэкор найперш з эстэтычных і практычных меркаванняў. У старадаўнія часы колер і арнамент неслі глыбокі сэнс і надзяляліся магічным уздзеяннем на людзей і прыроду. Самыя распаўсюджаныя колеры ў арнаменце беларусаў — белы, чырвоны, чорны. Яны сімвалізуюць адзінства нараджэння, жыцця і смерці.

Белы меў значэнне новага свету, новых ведаў, чысціні і першапачатковасці. Там, дзе ёсць белы колер, усё на імгненне становіцца чыстым, некранутым лістом. Чырвоны — колер жыцця, яркай радасці. Лічыцца, што ён паляпшае апетыт і лечыць душэўныя пакуты. Чырвоны нібы абяцае: хутка надыдзе ўсход, будзе новае нараджэнне. Чорны — колер зямлі, з якой усё нараджаецца. Гэта колер абяцання: хутка вы даведаецеся пра тое, чаго не ведалі раней.

У вышываных на палатне арнаментах былі зашыфраваны самыя значныя з’явы ў жыцці людзей нашага краю, іх веды і ўяўленні. Вельмі распаўсюджаны былі знакі Сонца і Зямлі. Іх спалучэнне азначала надыход вясны, абуджэнне прыроды. Калядная васьміканцовая зорка азначае таксама чалавека, маці, дзяцей, сям’ю. Сама жанчына ўвасабляла свой вобраз праз кветкі, птушачку-галубку, дрэвы: бярозу, рабіну, каліну. Ёсць нават асобны сімвал моцнай сям’і, які вышываўся, каб прасіць сямейнага шчасця ў дом.

Навукоўцы выдзяляюць знакі ўраджаю, сумленнай працы, знакі, прысвечаныя святам: Купаллю і Радаўніцы, Калядам і Дажынкам. У сваіх творах майстрыхі замест слоў ужывалі знакі дабра і зла, справядлівасці і міласэрнасці. Можна сказаць, што ў народным касцюме ўвасабляецца цэлы сусвет.

Мадэльеры першымі задумваюцца, якім наш касцюм будзе заўтра. Які адбітак у люстэрку нам хочацца пабачыць? Вельмі часта майстры, думаючы пра напрамкі развіцця моды, зазіраюць у мінулае, гартаюць альбомы народных строяў. I гісторыя народнага касцюма падказвае новыя цікавыя рашэнні, сучасныя ўзоры, нябачныя раней лініі і сілуэты.

Таленавітыя народныя майстры, не маючы спецыяльнай адукацыі, пазычалі арганічныя спалучэнні ліній, колераў у зямлі і неба. Шчодра распісаныя нашымі бабулямі кашулі, спадніцы і сёння выклікаюць замілаванне і добрую зайздрасць. Так што, перабіраючы бабулін куфэрак, не выкідвайце рэчы яе маладосці. Хто ведае, можа, народны касцюм, вышыты беларускім арнаментам, зойме першае месца на паказе моды будучага?