Беларускія тэксты

Нацыянальныя стравы

У. Караткевіч

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Беларус любіць смачна паесці. На куццю на стол ставяць дванаццаць, васямнаццаць, а то і дваццаць чатыры стравы. I ўсё гэта трэба пакаштаваць.

Не сказаць, каб усё гэта заўсёды стаяла на стале, але гэта стравы нацыянальнай кухні.

Галоўная нацыянальная страва, аснова ўсяго — хлеб. Пшанічны, як на поўдні, у нас пякуць рэдка. Беларус любіць чорны хлеб і сумуе па ім, трапіўшы туды, дзе яго няма. Так што хлеб у нас жытні, вельмі духмяны.

Пякуць яго на подзе1, на капусных або кляновых лістах, а пасля, спырснуты вадою, астывае хлеб пад ручніком, напаўняючы хату найлепшым у свеце пахам. Няма нічога смачнейшага, як адрэзаць гарачую лусту, густа пасаліць яе і з’есці.

Дарэчы, хлебам і лячыліся. У незапамятныя часы беларус заўважыў, што плесня, якая ўтвараецца ў дзежцы на рошчыне летам (у гарачую пару, калі хлеб не пякуць), загойвае нават раны, ад якіх вось-вось пачнецца гангрэна. Колькі трэба было ісці чалавецтву, пакуль яно вынайшла пеніцылін!

Улетку, калі дарагая кожная хвіліна, елі праснакі (прэсны хлеб). Да белага ставіліся ў даўніну крыху недаверліва, але заўсёды любілі пірагі з яблыкамі і ўвогуле з садавіной, з чарніцамі, з макам. Калі пяклі іх, то рэшткі цеста раздавалі дзецям, каб кожны спёк сабе хаця б па маленькай булачцы. I, як паўсюль у славян, існаваў «зайцаў хлеб», што бацька прыносіў з лесу ці з дарогі.

Хлеб даставаўся цяжка. Кінуць яго быў смяротны грэх. Кавалак, што выпаў з рук, трэба было падняць і пацалаваць. Хлеб абагаўлялі.

Бульба — другі хлеб. Беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы. Ад звычайнай, печанай на начлезе, якую так добра выкаціць з попелу, абскрэбці, разламаць і, калі яна яшчэ дыміцца, саліць і есці, да бульбы, фаршыраванай сушанымі грыбамі і запечанаіі у гарачай печы. Апісаць усе стравы з бульбы немагчыма. Але і проста вараная, з падгарэлымі вяршкамі, высыпаная на абрус на стале, яна — дзіва, бяры і еш! А да яе — сала, салёныя агуркі, халодныя, з кропам, і селядзец (раней бульбу мачалі ў селядцовы расол) або зялёны канапляны ці залаты сланечнікавы алей, масла каровіна ці міска кіслага халоднага малака, якое часам трохі і падсольваюць. Кепска было раней, калі яшчэ не было бульбы. Тады замест яе былі параная рэпа, бручка ці нешта такое іншае.

Дарэмна нас дражняць бульбашамі. Ёсць бульба, ёсць і да бульбы. Я не кажу пра ежу даўніх беларускіх магнатаў. Кухарская кніга дзевятнаццатага стагоддзя дае тысячы рэцэптаў вельмі складаных страў. _

Над сваім апетытам беларус заўсёды пасмейваўся. Уменне іранізаваць не толькі над кімсьці, але і над самім сабою — адна з самых вартых рыс беларускага нацыянальнага характару.

I ў Маскве, і ў Кіеве, і ў Мінску, у хаце і сталоўцы — амаль паўсюды вы ясце тыя ж самыя катлеты ды біфштэксы, носіце тыповыя вопраткі з падобных матэрыялаў, усё больш забываеце непаўторнасць і адметнасць жыцця той мясціны, адкуль вы родам. А забываць пра гэта нельга.