Беларускія тэксты

Настаўніцкая гордасць

П. Кавалёў

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Я прыехаў працаваць настаўнікам у вясковую пачатковую школу. Без належнага педагагічнага вопыту ўзяўся за працу. У чацвёртым класе аказалася некалькі хлопцаў, якія ростам былі не ніжэйшыя за мяне.

Завадатарам у гэтай групе быў Васіль Якімчук.

У першыя дні вучні слухалі мяне ўважліва. Відаць было, што Васіль і яго сябры прыглядаюцца да мяне, вывучаюць. Але аднойчы адбылося тое, чаго я з першага дня чакаў. Васіль не падрыхтаваў урока па літаратурным чытанні, і я пачаў яго папракаць.

— А навошта мне гэта літаратура? — прагучаў басавіты голас Васіля. — Усё роўна Пушкіна з мяне не выйдзе.

Я разгубіўся, вучні глядзелі на мяне, а Васіль тым часам без дазволу адышоў ад дошкі і сеў на сваё месца.

Васіль добра іграў на гармоніку. Яго гармонік штовечар гучаў на ўсю вёску, моладзь танцавала, вучні таўкліся там, а ўрокаў не рабілі. I пачалося для мяне выпрабаванне. Штодзень вучні спазняліся на заняткі, дрэнна рыхтавалі ўрокі. Васіль Якімчук прыходзіў у школу нават без падручнікаў і сшыткаў, і насупраць яго прозвішча ў класным журнале стаялі адны двойкі.

Схадзіў я да маці Васіля. Тая і хацела б дапамагчы мне, але што ёй рабіць, калі Васіль даўно ўжо ад рук адбіўся.

Вырашыць праблему дапамагла музыка. Шчыра кажучы, я зайздросціў свайму вучню, што ён так добра іграе. Аднойчы, калі закончыўся вучэбны дзень, я папрасіў Васіля затрымацца ў школе. Мы засталіся адзін на адзін. Я сказаў:

Добра ты іграеш, браце, зайздрошчу я табе. Самому хочацца навучыцца так іграць.

Васіль здзіўлена паглядзеў на мяне.

Ці не мог бы ты па вечарах прыходзіць да мяне, каб навучыць мяне іграць? — спытаў я.

Васіль, мабыць, не верыў у шчырасць маёй просьбы. Мы пагаварылі паўгадзіны, і хлопец пераканаўся, што ніякай няшчырасці ў маіх словах няма. Увечары ён прыйшоў з гармонікам і пачаў вучыць мяне іграць. Расказаў пра басы, паказаў, як трэба карыстацца мяхамі. ІІІчокі хлопца пачырванелі ад задаволенасці.

Я папрасіў Васіля прыйсці заўтра крыху раней і захапіць з сабой гармонік і сшыткі. Так пачалася ў нас узаемадапамога. Ён мяне вучыў іграць на гармоніку, а я дапамагаў яму рыхтаваць урокі. Васіль стаў добра вучыцца і паспяхова здаў экзамены ў сямігодку.

А з мяне гарманіст не выйшаў. Ледзь-ледзь я навучыўся іграць нейкі вальс.

Праз год мяне забралі на працу ў раённы аддзел асветы.

Аднойчы зімовым вечарам я ішоў па вуліцы. Перада мной спыніўся рослы чалавек у шынялі, схапіў мяне ў абдымкі і, прыціснуўшы да сябе, падняў. У мяне ажно дух заняло. Я пазнаў Васіля Якімчука. Той выпусціў мяне са сваіх дужых рук і засмяяўся.

Якая вялікая настаўніцкая гордасць ахапіла мяне! Васіль шчыра сказаў, што толькі мае музычныя заняткі, мае адносіны паставілі яго на правільны шлях. Ён, генерал-маёр, сам цяпер адказвае за выхаванне байцоў і малодшых камандзіраў. Мы абмяняліся адрасамі і вялі перапіску аж да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Мы, настаўнікі, часта атрымліваем лісты ад сваіх выхаванцаў. Гэтыя лісты — дакументы прызнання нашай высакароднай працы.