Партызанка Кніга
А. Васілевіч
Кніга — так звалі маладую гнядую кабылу. Таму што на лбе ў яе была белая плямка, як разгорнутая кніга. Трапіла яна ў партызанскі атрад пры наступных акалічнасцях. Яшчэ ў першыя месяцы вайны Кнігу параніла асколкам гранаты. Рана была цяжкая, але гаспадар Кнігі пашкадаваў прыстрэліць кабылу і пакінуў яе на догляд старому селяніну з недалёкай вёскі.
— Будзь жывы і здаровы сам, сынок. А за кабылу не турбуйся. Дагледжу, — сказаў гаспадару селянін.
3 таго дня Кніга засталася ў новага гаспадара. Быў той селянін чалавек добры, лячыў і даглядаў параненую кабылу. Кніга неўзабаве паправілася, толькі заднюю правую нагу ўсё падцягвала. Але і гэта прайшло за лета.
Увосень, глухой дажджлівай ноччу, у акно да яе новага гаспадара пастукалі партызаны. Аднаму з іх трэба было як найхутчэй дабрацца да суседняй вёскі. 3 той ночы Кніга і стала баявой партызанкай. Была яна кабыла разумная, аднак і нораў мела! Не ўпадабае каго — тады злосна ржэ, становіцца на дыбкі. Затое якой паслухмянай рабілася Кніга ў руках таго, хто ўмеў прылашчыць яе. Так, невядома па якіх прыкметах выдзяляла Кніга з усяго атрада партызанскую сувязную Таню. У дзяўчыны была тоўстая, да каленяў, цёмная каса і вясёлыя шэрыя вочы. Калі Таня смяялася, смех яе гучаў, нібы сярэбраны званочак.
Кніга, калі была ў гэты час паблізу, натапырвала кароткія вострыя вушы і прыслухоўвалася. А потым сама тоненька ржала. Мабыць, выказвала сваё задавальненне.
Сябравалі яны шчыра і самааддана. Кніга ўмела, калі трэба было замаскіравацца, легчы на зямлю і ляжаць нерухома. Яна ўмела ступаць, як кот, зусім ціха. Яе бег быў лёгкі і імклівы.
Не адзін раз выносіла Кніга бясстрашную партызанку з-пад варожых куль. Вось што здарылася з імі аднойчы. Лясной дарогай Таня вярталася верхам на Кнізе з баявога задання. Стомленая бяссоннай ноччу, яна непрыкметна задрамала. Разумная Кніга ведала ўсе партызанскія сцежкі. Можна было не баяцца, што яна не знойдзе дарогі… Таня прачнулася ад таго, што Кніга раптам спынілася і застыла на месцы як укопаная. Таня кранула кабылу — у адказ Кніга толькі павяла вушамі.
Насцярожанае хваляванне Кнігі перадалося і Тані. Яна саскочыла з сядла на зямлю і пайшла ў бок кустоў, куды глядзела Кніга. Сон як рукой зняло. Раптам да Тані даляцеў слабы чалавечы стогн. Ад нечаканасці яна падалася назад. Стогн паўтарыўся. Слоў разабраць было нельга. Відаць, чалавек моцна аслабеў. Можа, ён клікаў на дапамогу, можа, паміраў і прасіў піць. Таня асцярожна рушыла ў той бок, адкуль чуліся стогны.
На невялічкай палянцы дыміліся абломкі самалёта. Сярод гэтых абломкаў ляжаў лётчык. Ад страшэннага болю ён страціў прытомнасць. Таня паспрабавала падняць яго і пасадзіць, але ён толькі працягла застагнаў і зноў, як нежывы, асунуўся на зямлю. Трэба было нешта рабіць. I Таня ўспомніла пра сваю верную Кнігу.
— Кніжачка, родная, дапамагай!
Кабыла прыслухоўвалася да трывожнага Танінага голасу і рабіла ўсё, што ёй загадвала гаспадыня. Вось яна апусцілася на зямлю.
Асцярожна павярнулася спінаю да лётчыка, прыўзняла галаву, каб Таня магла прывязаць да яе шыі рукі лётчыка. Затым Кніга асцярожна паднялася з зямлі і пачакала, пакуль сядзе сама дзяўчына. Потым гэтак жа ціхенька яны рушылі ў атрад.
3 партызанскага атрада лётчыка адправілі на лячэнне ў шпіталь.