Просім у хату, госцейкі нашы!
У. Караткевіч
Зойдзем у хату, якой яна была яшчэ не так даўно, а часам сустракаецца і зараз. Спачатку трапляем у сенцы. Яны і зараз служаць для гаспадарчых мэт. Дзверы насупраць вядуць у камору, дзе таксама рэчы для гаспадаркі і на паліцах розныя прыпасы. Другія дзверы вядуць у халодныя пакоі. Іх адзін ці два. Раней гаспадыня ўлетку выносіла сюды кросны, ткацкі станок, бо ў самой хаце горача, Тут жа ўлетку спалі старэйшыя (для маладых служыла і служыць адрына1 з сенам). Тут узімку ляжаць на аўсянай саломе яблыкі, рассыпаныя тоўстым пластом жалуды для свіней, іншыя прыпасы. Раней зрэдку, а цяпер досыць часта ў халоднай палове ёсць і грўбка2, так што пры выпадку (наезд гасцей ці яшчэ нешта) можна размясціць многа людзей. У XIX стагоддзі, калі шафаў, вядома, не было, а ў куфры (скрыні) не ўсё змяшчалася, тут стаялі і скрынкі з лішнім адзеннем і іншым дабром.
У некаторых хатах да халоднай паловы была прыбудова, у якой спалі ў зусім нясцерпную спёку тыя, хто не хацеў ісці проста ў садок, пад дрэвы. Часам яе можна ўбачыць і зараз. Я аглядаў некалькі такіх, і «абстаноўка» іх заўсёды была аднолькавая: нізкая, вельмі шырокая і доўгая скрыня на ножках, у ёй сяннік, набіты сенам, мякенькай аўсянай саломай ці гарахавіннем, посцілка, падушкі і полаг. Полаг, зроблены з тканіны, падобнай да марлі, бараніў ад камароў.
Цяпер зойдзем у хату. Выгляд яе для кожнай мясцовасці быў розны.
У даўніну бывалі хаты з комінам (цяпер комінам завецца пячны дымаход), плеценым і абмазаным глінаю конусам, пад якім гарэла лучына, а дым ішоў комінам праз столь і страхў. Бывалі хаты з вялізным каўпаком ля ачага, дзе ў зімнія ночы (там было цяплей) збіралася прасці і майстраваць уся сям’я. Ды і ў розных мясцовасцях хаты былі розныя. Але найбольш тыповы выгляд быў такі. 3 трысцёна1, дзе елі летам і куды ўзімку бралі маладняк жывёлы, быў уваход у хату. Ля ўвахода, справа, быў мыцельнік — месца для мыцця посуду і кухонных рэчаў. Пасля ішла печ. За печчу, па правай сцяне месціліся нары, пад якімі складалі розныя рэчы. Але ўжо тады замест нараў часта стаялі шырокія ложкі. Уздоўж астатніх дзвюх сцен ішлі шырокія лавы, часам з тканымі налаўнікамі. На іх сядзелі, а ноччу маглі спаць, асабліва калі бывалі госці.
Перад лаўкамі стаяў стол. Заўсёды вельмі белы, бо яго часта скрэблі нажом. Стол і лаўкі часцей за ўсё былі з тоўстых дубовых дошак. Ля той сценкі, дзе дзверы, стаялі куфры, а ўзімку — гаспадыніны кросны.
3 упрыгожанняў былі абразы. Здараліся сярод іх і вельмі цікавыя: старажытныя ці наіўныя, уніяцкіх яшчэ часоў, дзе святыя былі ў беларускіх народных вопратках. Асаблівым поспехам карыстаўся святы Юры, які забівае дракона, і святы Мікола за сваё сялянскае паходжанне і за тое, што, як сведчыць беларуская легенда, аднойчы ўратаваў адзіную кабылку беднага мужыка, якая заблудзілася ў лесе.
Яркім упрыгожаннем былі тканыя посцілкі. I, вядома ж, ручнікі. Раней іх вешалі вакол абразоў і акон, цяпер ручнікі вісяць каля карцін і партрэтаў. Ручнікі ў Беларусі таксама розныя ў залежнасці ад мясцовасці і вельмі разнастайныя. Узоры іншыя, чым у суседзяў, хоць ёсць і падобныя. Галоўная розніца ў тым, што ў беларускіх ручніках менш раслін і кветак. Арнамент часцей за ўсё геаметрычны. Менш у беларускіх ручніках чорнага колеру, пераважаюць вясёлкавыя: жоўты, чырвоны, сіні, блакітны і іншыя такія колеры.