Скарбы нашай Радзімы
I. Клімковіч
У розных кутках нашай Радзімы можна пачуць пра затопленыя залатыя карэты, срэбны або залаты човен, бочкі з золатам або з грашыма. Ні ў адной краіне, апрача Беларусі, не пачуеш столькі легендаў і неверагодных гісторый, звязаных са скарбамі. Нашы продкі, каб абараніць Бацькаўшчыну ад ворагаў, вялі войны. Праз Беларусь ішлі незлічоныя войскі: і свае, і чужыя. Таму і расказваюць у нас легенды пра самыя неверагодныя скарбы, дзе згадваюцца як нашы князі, так і ўладары суседніх дзяржаў. Так, адступаючы, шведы нібыта закапалі пад сучасным Салігорскам золата. Частку багацця шведы пакідалі ў балота і разбегліся па лясах. Але некаторыя з іх паспелі закапаць нарабаванае золата і срэбра. Вось і жыве гэта паданне, прымушае шмат каго марыць пра нязнойдзенае багацце.
Распаўсюджаны паданні пра напалеонаўскія скарбы, нарабаваныя ў 1812 годзе ў Маскве. Нібы пры адступленні схаваны яны на тэрыторыі нашай краіны. Сустракаюцца паданні і пра затопленыя гарматы, напоўненыя золатам. Па гістарычных звестках, у XIX стагоддзі на Гродзеншчыне адзін мясцовы пан спрабаваў адшукаць іх у рацэ. Для падводных пошукаў ён прыдумаў разумную машыну, але скарбу так і не знайшоў. Жыхары Дзятлаўскага раёна ўпэўнены, што Напалеон затапіў скарбы ў возеры. Кажуць, што па начах з вады выходзіць прывід і ахоўвае каштоўнасці.
Народ сцвярджае, што скарбы могуць быць не толькі звычайнымі, але і заклятымі, зачараванымі. Закляцце накладалася, каб чужы чалавек не мог авалодаць скарбам. Уладальнік скарбу мог стрэліць і сказаць пры гэтым: «Як гэты стрэл паляцеў далёка, так мае грошы няхай апусцяцца глыбока!» Таму і верылі, што чалавек, які возьме з зачараванага скарбу хоць адну капейку, абавязкова паплаціцца за чужое багацце.
У архаічных паданнях скарбы ахоўваюць нячысцікі. Кладнік, які ахоўвае скарбы, уяўляўся нашым продкам істотай у срэбнай світцы з залатым поясам. На галаве ў яго шапка з золата, на нагах срэбныя лапці ці боты, у руках срэбны кій. Уся хата кладніка засыпана каштоўнымі металамі і камянямі. Кладнік, нягледзячы на сваё багацце, надзвычай сквапны і лічыць скарбы сваёй уласнасцю. Ахоўнік час ад часу выстаўляе скарбы для прасушкі. Тады яны пачынаюць свяціцца агеньчыкамі ў полі ці ў непралазнай пушчы.
Паводле народных уяўленняў, існуюць добрыя духі, справядлівыя прывіды. Гэта могуць быць маладая паненка, зачараваная князёўна.
Звычайна паненка-ахоўніца не робіць ніякага ліха людзям, але яна можа закахацца ў маладога рыбака ці пастушка. Тады яна вядзе хлопца ў патаемнае падзямелле, дзе за жалезнымі дзвярыма знаходзяцца агромністыя каваныя куфры з золатам і срэбрам. Паненка можа адсыпаць багацця столькі, колькі захоча яе абраннік.
Наш народ верыць і ў міфічную папараць-кветку. Адшукаўшы яе ў купальскую ноч, чалавек набывае шчасце. Таму і шукае моладзь гэтую кветку, спадзяецца на дзівосныя цуды.
Трэба памятаць, што ў легендах пра скарбы наш народ марыў жыць заможна і шчасліва. Легенды і паданні, мабыць, маюць у сваёй аснове рэальныя факты. Калі раптам пад вашай рыдлёўкай на дачы рассыплюцца старадаўнія манеты, ведайце, што гэта не проста клад, а частка народнай гісторыі. Месца яму — у музеі. I памятайце: скарбы не даюцца ў рукі дрэнным людзям. Іх знаходзяць толькі чыстыя сэрцам і светлыя душой.