Скрыпка
В. Сабко
Непадалёку ад мора, на ціхай нешырокай вуліцы, засаджанай каштанамі і акацыямі, за невысокім парканам відаць хата. Іншы раз надвячоркам, калі цішыня і паўзмрок запаўняюць садок і ўваходзяць у хату, на верандзе чутна ціхая музыка скрыпкі. Мяккія, прыемныя гукі плывуць па садку і доўга гайдаюцца між дрэвамі.
Цёмнымі вечарамі на верандзе хаты ў глыбокім крэсле часта сядзіць стары сівы дзед, і на стале перад ім ляжыць скрыпка. Яму вельмі многа гадоў, ён багата ведае і багата пабачыў на сваім вяку. Ён перажыў трох цароў, быў сведкам трох рэвалюцый. За сваё жыццё пабываў у сталіцах усяго свету. Калісьці ён быў славутым скрыпачом.
Аднойчы ўвечары прафесар іграў на сваёй скрыпцы, і гукі цёплымі, агністымі хвалямі залівалі садок. Якраз гэтым часам Васіль ішоў вуліцаю. Ён спыніўся і стаяў, прытуліўшыся ўсім целам да паркана, каб лепш чуць чароўную музыку, якая вабіла і не давала адысціся.
Пакуль іграла скрыпка, вакол нічога не існавала: ні зямлі, ні неба, ні вуліцы, ні яго самога. Існавала толькі музыка, шырокая і пяшчотная, магутная і празрыстая, бурная і ўрачыстая. Штосьці сціскала сэрда, не дазваляла вольна дыхаць, і на нейкае імгненне яму здалося, што ў яго ад вялікай радасці круціцца галава і сэрца вось-вось перастане біцца. Але музыка змоўкла. Васіль успомніў пра цётчына даручэнне і хуценька пабег Угорад.
3 таго дня Васіль часта паяўляўся перад невысокай агароджай. Стараўся заўсёды праходзіць ля хаты прафесара і, калі чуў музыку, спыняўся і слухаў, як зачараваны. Слухаў да самага канца, і такі дзень быў для яго сапраўдным святам.
Праз агароджу ён не раз бачыў высокага сівога дзеда. I вось аднойчы ўвечары, калі з прыціхлага саду на вуліцу паплыла чароўная музыка, Васіль не вытрымаў і, азіраючыся, нібы злодзей, спрытна пералез цераз плот.
Васіль убачыў прафесара, высокага, сівога, у тоўстым цёплым халаце. Ён стаяў ля стала і трымаў у руках штосьці бліскучае, карычневае, чароўнае. У першы момант Васіль нават не зразумеў, што прафесар трымае ў руках звычайную скрыпку старадаўняй работы.
Хлопец неаднойчы чуў, як ігралі на скрыпцы ў аркестры. Але якая непадобная была музыка тых скрыпак да гэтай музыкі, паўнагучнай і магутнай, імклівай і хвалюючай, нібы вясенняя паводка.
Прафесар паклаў скрыпку, павярнуўся і ціха пайшоў у пакой, а скрыпка засталася ляжаць на стале.
Дзёрзкае і спакуслівае жаданне авалодала ўсёй Васілёвай істотай: хуценька заскочыць на веранду, узяць у рукі скрыпку і выклікаць да жыцця тую чароўную музыку ці хоць бы дакрануцца да паліраванага дрэва.
Васіль ціхенька падцягнуўся на руках і ў адзін момант апынуўся на верандзе. Ён асцярожна, адным пальцам дакрануўся да блішчастага дрэва. Яму здалося, што гэта не дрэва, а жывое цела, якое трымціць пад рукою. Хуценька адвёў руку, але ўжо ў наступнае імгненне адважыўся дакрануцца да струны. Струна адказала на дотык ціхім гудам. Васіль са страхам азірнуўся, глянуў на дзверы і скамянеў ад жаху.
Стары прафесар стаяў на парозе і глядзеў на яго. Васіль у той жа момант саскочыў з веранды, прабег сцежкаю да плота, як быццам стары чалавек мог гнацца за ім.
Каб ён не так спалохаўся неспадзяванага паяўлення ў дзвярах уладальніка скрыпкі, дык мог бы разгледзець усмешку на твары прафесара. Стары ўжо даўно не бачыў, каб гэтак боязна, з такой глыбокай пашанай дакраналіся да струн.
Васіль бег вуліцамі гарадка, пакуль ставала духу. Спыніўся ён толькі на беразе мора. Доўга сядзеў і марыў пра той шчаслівы дзень, калі зможа купіць сабе такую чарадзейную скрыпку. Марыў пра музыку, пра магутныя і пяшчотныя гукі, якія прымусілі трымцець яго маленькае сэрца. Прыгадаў, як сёння ўцякаў ад прафесара, і даў сабе слова, што туды ён больш ніколі не пойдзе.
А на другі дзень Васіль зноў стаяў ля агароджы і чакаў, калі стары музыкант паязіцца на верандзе са сваёй скрыпкаю…